Дарагія сябры салезіянскага штомесячніка Bollettino Salesiano, пішу вам з Меруры, што ў штаце Мату-Гросу-ду-Сул у Бразіліі. Гэтае прывітанне пішу амаль як журналістскую справаздачу, бо ад майго прыбыцця ў гэты горад прайшло ўсяго двадцаць чатыры гадзіны.
Але мае сабраты салезіяне прыбылі сюды сто дваццаць два гады таму і ад таго часу мы на гэтай місіі сярод лясоў і палёў суправаджаем жыццё мясцовага карэннага насельніцтва.
У 1976 годзе адзін салезіянін і адзін індзеец былі забітыя двума выстраламі мясцовых “факэндэйрас”(буйных землеўладальнікаў). Яны вырашылі, што салезіяне ўяўляюць для іх пагрозу, бо тыя хацелі прысвоіць уласнасць на землях, што належалі народу Боі-Бороро. Размова ідзе аб слузе Божым салезіяніне Рудольфу Лункэнбэйну і індзейцу Сімаа Барора.
І ўчора мы змаглі тут перажыць шмат звычайных сітуацый. Па прыбыцці нас сустрэла супольнасць мясцовых жыхароў, з якой мы павіталіся няспешна, без мітусні. Бо тут усё навогул адбываецца спакойна. Мы разам адсвяткавалі нядзельную Эўхарыстыю, разам з’елі рыс і фэйааду (тушаная фасоля) і атрымлівалі асалоду ад прыемнай цёплай размовы. Апоўдні мне падрыхтавалі сустрэчу з лідэрамі розных супольнасцяў. Прыйшло некалькі жанчын-лідэрак (у некаторых вёсках менавіта жанчына мае найбольшы аўтарытэт). Мы размаўлялі шчыра і глыбока. Яны распавялі мне аб сваіх меркаваннях і найбольш тэрміновых патрэбах.
У нейкі з момантаў слова ўзяў адзін малады салезіянін Боі Барора. Ён стаўся першым Барора, які стаў салезіянінам пасля стадваццацідвухгадовай салезіянскай прысутнасці сярод іх народа. Для нас гэта заклік паразважаць аб неабходнасці ўсяму даваць свой час. Усё адбываецца не так, як на нашу думку павінна адбывацца пры сённяшнім нецерпялівым тэмпе жыцця. Гэты малады салезіянін казаў свайму народу і сваім лідэрам вось што: “Я салезіянін, але я таксама і барора. Я барора, але я і салезіянін. І самае важнае для мяне тое, што я нарадзіўся менавіта ў гэтым месцы, што сустрэў місіянераў, што пачуў ад іх аповеды аб двух мучаніках, кс. Рудольфу і Сімаа. Я бачыў, як мой народ узрастае дзякуючы таму, што ідзе разам з салезіянскай місіяй і місія ідзе разам з маім народам. Для нас вельмі важна ўвесь час ісці разам”.
Я на імгненне задумаўся над тым, які б быў дон Боско горды і шчаслівы, калі б пачуў, што адзін з яго сыноў салезіянаў належыць да гэтага народу (як і іншыя салезіяне, што паходзяць з плямёнаў Ксамантэ і Янамані).
У часе сваёй прамовы я запэўніў іх, што мы хочам ісці побач з імі і далей, што хочам, каб яны зрабілі ўсё для таго, з усёй магчымай нашай дапамогай, каб і надалей захаваць і аберагаць сваю культуру і мову. Я сказаў, што ўпэўнены, што ім дапамагла нашая прысутнасць, і аб тым, як добра для нас, што мы былі з імі.
“Ідзі далей”,- сказала мне Пастушка
Я падумаў аб апошнім з місіянерскіх сноў дона Боско і аб той Пастушцы, якая спынілася побач з донам Боско і спытала ў яго: “Ці памятаеш ты сон, які бачыў, калі меў дзевяць гадоў? Паглядзі цяпер, што ты бачыш?” “Бачу горы, далей мора, узгоркі, зноўку мора і горы”.
Пастушка сказала: “Добра, цяпер правядзі лінію ад аднаго канца да другога, ад Санцьяга да Пекіна. Яе сярэдзіна будзе ў цэнтры Афрыкі і ты будзеш мець уяўленне аб тым, што павінны рабіць салезіяне”. Дон Боско ўсклікнуў: “Але як усё гэта зрабіць?! Адлегласці велізарныя, мясціны цяжкія, а салезіянаў мала.” “Не хвалюйся, гэта зробяць твае сыны, сыны тваіх сыноў і іхнія сыны”. І сёння яны робяць гэта.
Дон Боско, якім ад самага пачатку шляху нашай Кангрэгацыі кіравала, і з любоўю падштурхоўвала наперад, Марыя Ўспамога Хрысціянаў, выправіў першых місіянераў у Аргентыну. Мы лічымся Кангрэгацыяй, харызмай якой з’яўляецца выхаванне і евангелізацыя моладзі. Але таксама вельмі місійнай і сямейнай Кангрэгацыяй.
Ад пачатку і да сёняшняга дня налічваецца больш як адзінаццаць тысяч салезіянаў місіянераў і некалькі тысяч Дачок Марыі Ўспамогі. Сёння, праз сто дваццаць два гады, наша прысутнасць сярод гэтага карэннага насельніцтва, якое налічве 1940 чалавек, гэтак жа сама мае сэнс.
Я тасама меў размову з найстарэйшай жанчынай, якая прыйшла прывітаць мяне і распавесці аб сваім народзе. Пасля моцнай навальніцы з праліўным дажджом у той прыгожы нядзельны вечар, калі ўжо было цёмна, мы ў вялікім спакоі сабраліся на месцы мучаніцтва, каб памаліцца малітвай Ружанца. Нас было шмат і мы ўяўлялі сабе рэальнасць гэтай місіі: бабулі, дзядулі, дарослыя, маладыя маці, нованароджаныя, маленькія дзеці, сабраты салезіяне і свецкія… Гэта было багаццем у той прастаце, той малой часткі свету, што не мае сілы, але якую Пан сабе выбраў і асабліва аблюбаваў, як нам аб гэтым кажа Евангелле.
І я ведаю, што мы будзем так працягваць, калі на тое будзе Божая воля, яшчэ шмат гадоў, бо чалавек можа быць барора і сынам дона Боско. Можа быць сынам дона Боско і барора, які любіць свой народ і клапоціцца аб ім.
Сённяшні дзень, у прастаце той сустрэчы, стаўся выдатным днём жыцця, пражытага разам з мясцовымі жыхарамі. Гэта быў вялікі місіянерскі дзень.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, красавік 2024)