Галоўная Дзейнасць Навіны клерык Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў свае вечныя манаскія абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці ў Салезіянскім Таварыстве.

клерык Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў свае вечныя манаскія абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці ў Салезіянскім Таварыстве.

16 жніўня, у дзень нараджэння святога Яна Боско, у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску адбылася вялікая падзея: клерык Міхаіл Вішнеўскі SDB склаў свае вечныя манаскія абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці ў Салезіянскім Таварыстве.

Святую Імшу ўзначаліў Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. На ўрачыстасць сабраліся святары-салезіяне, сёстры-салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, дзеці і моладзь, шматлікія парафіяне, а таксама родныя і блізкія Міхаіла, каб разам падзяліць радасць гэтага выключнага моманту.

Біскуп Аляксандр, пачынаючы святую Імшу, пажадаў, каб прыклад Міхаіла натхняў многіх маладых людзей адказваць на Божы заклік, а парафіяльныя супольнасці падтрымлівалі іх на гэтым шляху і маліліся за новыя і святыя пакліканні.

З казаннем да вернікаў звярнуўся кс. Віктар. Ён падкрэсліў, што сабраныя сталі сведкамі не толькі ўрачыстасці, але і вялікай таямніцы, якую піша Бог. Каб лепш зразумець сэнс вечных абяцанняў, святар прапанаваў паглыбіцца ў духоўны змест трох манаскіх шлюбаў.

“Гэта не проста правілы ці забароны, – сказаў ён. – Гэта тры шляхі свабоды, тры спосабы любіць і служыць, як любіў і служыў Хрыстус. Яны не належаць толькі мінуламу, а з’яўляюцца жывым адказам на патрэбы сучаснага чалавека, асабліва моладзі, якой ты, Міхаіл, прысвячаеш сваё жыццё”.

Асабліва кранальна прагучала паралель з футбольным мінулым клерыка:

“У 2013 годзе Бог зрабіў першы пас у тваю душу. І ты яго прыняў. Сёння ты вяртаешся не хлопцам з мячом у руках, а мужам з Евангеллем у сэрцы. Пасля доўгай трэніроўкі веры, пасля матчаў з выпрабаваннямі і перамогамі ты выходзіш на новае поле – поле салезіянскага жыцця, дзе галоўная мэта не забіць гол, а прывесці да Неба тых, каго Пан табе даверыць”.

Напрыканцы казання дэлегат нагадаў словы Хрыста: “Каб радасць Мая была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай” (Ян 15,11), пажадаўшы Міхаілу, каб гэтая поўная і чыстая радасць заўсёды суправаджала яго на жыццёвых дарогах.

Перад абрадам складання вечных шлюбаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB прадставіў біяграфію і гісторыю паклікання Міхаіла. Ён нагадаў, што першае знаёмства з салезіянамі адбылося праз удзел юнака ў футбольным турніры “Кубак Дона Боско”, які шмат гадоў ладзіўся ў араторыі пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. Пасля гэтага слова ўзяў рэгіянальны настаяцель Салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які заклікаў усіх даверыць урачыстасць асаблівай апецы Марыі Успамогі Хрысціянаў, каб Яна была для Міхаіла крыніцай вернасці і нястомнай апякункай.

Падчас абраду Міхаіл уласнаручна зачытваў і падпісаў формулу вечнай прысягі, у якой паабяцаў да канца жыцця захоўваць абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці. Пасля ён атрымаў з рук кс. Віктара салезіянскі крыж – знак уваскрасення і новага жыцця.

У канцы Імшы клерык Міхаіл звярнуўся да прысутных з удзячнасцю: найперш Богу за дар паклікання, бацькам і родным за веру і падтрымку, біскупу, сабратам, сёстрам і ўсім, хто падзяліў гэты радасны дзень. Біскуп Аляксандр у сваю чаргу падкрэсліў, што вельмі шчаслівы быць разам з салезіянскай сям’ёй у гэты момант, і пажадаў Міхаілу трываласці ў трох асновах манаскага жыцця: вернасць – супольнасць – місія.

Пасля завяршэння Імшы ўрачыстасць працягнулася ў араторыі пры парафіі, дзе радасць свята падзялілі ўсе ўдзельнікі.

Падзяліцца: