Дарагія сябры салезіянскай харызмы, дасылаю кожнаму з вас маё шчырае, братэрскае і сардэчнае прывітанне.
Салезіянскі бюлетэнь “падказаў” мне падрыхтаваць гэтае прывітанне, не так, як у іншых выпадках, але распавядаючы пра сябе і пра тую новую рэчаіснасць, у якой апынуўся. Я перажыў нешта з таго, што вывучаў адносна асобы нашага айца ксяндза Боско. Яму было цяжка распавядаць пра сябе, а яшчэ цяжэй выказваць уласныя пачуцці. У маім выпадку, варта прызнаць, што мне крыху цяжкавата распавядаць альбо напісаць пра апошнія падзеі, якія адбыліся ў маім жыцці. Але я разумею, што надыходзіць час, калі я павінен гэта зрабіць.
Пасля нечаканай навіны (у першую чаргу для мяне), калі Святы Айцец Францішак сярод 21 асобы, абранай на ўзвядзенне ў сан новых кардыналаў Каталіцкага Касцёла, назваў таксама і маё імя. Тысячы людзей задаліся пытаннем, перш за ўсё салезіяне ксяндза Боско і члены Салезіянскай сям’і ва ўсім свеце: што цяпер будзе? Хто будзе суправаджаць жыццё Кангрэгацыі ў бліжэйшы час? Якія крокі будуць далей? І калі я шчыра і з верай быў ўдзячны Пану за гэты дар, які Папа Францішак даў нам як салезіянскай Кангрэгацыі і як сям’і ксяндза Боско, то вы добра разумееце, што задаваў сабе такія ж самыя пытанні.
Вывучаючы веру, ведаючы пра вялікія справы, якія ўчыніў Бог і якія сталіся праз Яго Слова, можна сцвярджаць, што Бог любіць сюрпрызы. Звычайна ў Бібліі Бог кажа: “Ідзіце! Шлях адкрыецца”. Ад ксяндза Боско мы навучыліся адной важнай рэчы: хай нішто нас не турбуе, калі мы спадзяемся на Божы провід.
У мяне атрымалася асабіста паразмаўляць са Святым Айцом, Папам Францішкам, пасля абвяшчэння аб намінацыі падчас малітвы “Анёл Панскі”. Я сказаў, што ён можа разлічваць на мяне ў любым служэнні. Я адказаў, як ксёндз Боско, калі яго папрасілі пабудаваць храм Найсвяцейшага Сэрца ў Рыме. У дадзеным выпадку ксёндз Боско — пажылы і нямоглы, які адчуваў цяжар і адказнасць за Кангрэгацыю, якая толькі зараджалася, адказаў: “Калі такі загад Папы, то я яго выконваю!”
Я шчыра сказаў Святому Айцу, што мы, салезіяне, вучымся ў ксяндза Боско быць заўсёды даступнымі для дабра Касцёла і, у прыватнасці, для ўсяго, што просіць Папа.
Што цяпер будзе?
Я павінен падзяліцца з вамі тым, што я ўражаны разуменнем нашага Папы Францішка таго факту, што маё служэнне ў якасці Генеральнага настаяцеля не павінна завяршыцца адразу з дня на дзень. З гэтай нагоды праз паўгадзіны пасля намінацыі ў нядзелю 9 ліпеня Святы Айцец даслаў мне ліст, у якім паведамляў пра час, які мне неабходна ўдзяліць для падрыхтоўкі да Генеральнага капітула нашай Кангрэгацыі, перад тым, як прыму тыя абавязкі, якія ён на мне даручыць. Як заўсёды, Святы Айцец паказаў сябе ўважлівым, сардэчным і як глыбокі прыхільнік харызмы святога Яна Боско паклапацўся пра нас. Пачуцці, на якія я адказаў узаемнасцю ад свайго асабістага імя і ад імя ўсёй Салезіянскай сям’і.
Я хацеў бы падзяліцца з вамі прапановамі, якія Святы Айцец перадаў мне.
Папа палічыў, што для дабра нашай Кангрэгацыі пасля кансісторыі 30 верасня 2023 г. я магу працягваць выконваць абавязкі Генеральнага настаяцеля да 31 ліпеня 2024 г. Пасля гэтага я падам заяўленне аб адстаўцы з пасады Генеральнага настаяцеля, як гэтага патарбуюць нашыя Канстытуцыя і правілы, каб прыняць на сябе тую місію і абавязкі, якія даручыць Святы Айцец.
Мы можам перанесці 29-ы Генеральны капітул на год, і ён адбудзецца ў лютым 2025 г. Пасля 31 ліпеня і да Генеральнага капітула (GC29) часовае кіраванне Таварыствам возьме на сябе мой вікарый ксёндз Стэфано Мартоліа. Як гэта прапісана ў нашай Канстытуцыі.
Якую місію даручыць мне Святы Айцец? Папа Францішак яшчэ не паведаміў. Акрамя таго, маючы такі вялікі запас часу, мне здаецца, можна падрыхтаваць найбольш аптымальны варыянт.
У любым выпадку, звяртаюся асабліва да ўсіх вас, нашых верных братоў і сясцёр з нашай Салезіянскай сям’і, з просьбай узмацніць сваю малітву. Перадусім за Папу Францішка. Ён сам асабіста прасіў аб гэтым напрыканцы нашай прыватнай аўдыенцыі.
Нарэшце, я прашу таксама маліцца і за мяне, бо я сутыкнуўся з перспектывай новага служэння ў Касцёле, якое я, як сын ксяндза Боско, прымаю з сыноўняй паслухмянасцю, не шукаючы гэтага. Я сапраўды веру, што, выконваючы сваю місію ў Касцёле, мы не павінны нічога чакаць альбо патрабаваць, калі гаворка ідзе пра асабістую кар'еру. Тое, што ўласціва свету, непрыстойна для нас як слуг у імя Езуса.
Я ўдзячны за любоў, дабрыню, атрыманныя ў шматлікіх паведамленнях, якія мне дасылалі апошнім часам.
https://www.boletinsalesiano.info/rector-mayor/10106-mi-nombramiento-como-cardenal?fbclid=PAAab5BYqgDR-amivlzQG5fjbFvp2qwpaI-WivNnOOEp_KwVIN2atkb0XeOr4