Галоўная Дзейнасць Навіны Гістарычны сімпозіум з нагоды 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі прайшоў у Міснку

Гістарычны сімпозіум з нагоды 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі прайшоў у Міснку

16 кастрычніка распачалося ўрачыстае святкаванне 100-годдзя прысутнасці салезіянскага таварыства на тэррыторыі сучаснай Беларусі. 

Старт святочнай праграме даў гістарычны сімпозіум, які праходзіў у міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў у Мінску. На дадзены форум прыбыло шмат дастойных гасцей: шаноўны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп-намінат Юзаф Станеўскі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Алег Буткевіч, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары салезіяне, святары і прадстаўнікі іншых манаскіх супольнасцяў, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, моладзь і прадстаўнікі кожнай салезіянскай парафіі.



На распачацце сустрэчы са словамі прывітання да прысутных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB: “Сённяшні юбілей абуджае мноства пачуццяў i эмоцый – ад радасці пачатка салезіянскай харызмы праз цярпенні крыжовага шляху Таварыства падчас жудасных войнаў і розных таталітарных сістэм, праз адраджэнне каталіцкай веры аж па сённяшні дзень – калі мы, сучаснае пакаленне салезіянаў, з удзячнасцю ў сэрцы і моцнай надзеяй працягваем пісаць гісторыю, працягваем будаваць прыгожы храм салезіянскай харызмы на моцным і надзейным фундаменце!”

Святар прывітаў ганаровых гасцей, усе галіны салезіянскай сям’і, якія прысутнічалі на свяце, а таксама ўсіх сабраных і пажадаў удзельнікам сімпозіума радаснага святкавання гэтага прыгожага юбілею і больш глыбокага пазнавання гісторыі дзейнасці салезіянскага таварыства ў Беларусі!

Свае відэавіншаванні з Рыму перадаў таксама і Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства кс. Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB. https://youtu.be/zgtv2IUAY6Q

Свае віншавальныя лісты даслалі таксама інспектар варшаўскай салезіянскай інспекторыі св. Станіслава Косткі Тадэвуш Ярэцкі SDB і біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, якія жадалі, але па аб’ектыўных прычынах не змаглі прыняць удзел у святкаванні.

Са словамі віншавання звярнуліся таксама арцыбіскуп-намінат Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч і апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Агульнай думкай у словах iерархаў было вялікае значэнне ўрачыстасці не толькі для салезіянскага таварыства, але і для ўсяго каталіцкага касцёла на Беларусі.

Увазе прысутных былі прадстаўлены даклады на тэму жыцця і ўмоваў існавання салезіянскага таварыства на Беларусі на працягу апошніх ста гадоў. Дакладчыкамі выступалі шаноўны Мітрапаліт на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кс. Артур Ляшнеўскі SDB і доктар гістарычных навук Эдмунд Станіслававіч Ярмусік. З матэрыяламі дакладаў з цягам часу можна будзе азнаёміцца на sdb.by.

Сюрпрызам для гасцей сімпозіуму стаў прагляд дакументальнага фільма, які салезіяне падрыхтавалі разам з Белтэлерадыёкампаніей і які распавядае пра гісторыю салезіянскага таварыства на нашых землях. Фільм атрымаўся вельмі кранальным і выклікаў бурныя авацыі ў гледачоў. Усе жадаючыя могуць паглядзець яго на ютуб-канале салезіянскага таварыства
https://youtu.be/lM3QD8-Goqk

Напрыканцы рэгіянальны настаяцель выказаў шчырыя словы падзякі ўсім удзельнікам і арганізатарам сімпозіума і адзначыў, што гэты юбілей з’яўляецца для яго вялікім гонарам, але таксама і вялікай адказнасцю за тую спадчыну, якую здабылі мінулыя пакаленні салезіянаў, не шкадуючы ні сіл, ні здороўя, ні нават жыцця. 

Абапіраючыся на мінулы вопыт, дэлегат падкрэсліў, якой бачыць асобу сучаснага салезіяніна: Па прыкладу дона Боско салезіянін павінен быць своеасаблівым носьбітам надзеі, якая з’яўляецца крыніцай аптымізму і радасці, нават у розных цяжкасцях і праблемах. Надзейнай жа падтрымкай у годным выкананні нашай місіі з’яўляецца шчырая адданасць Эўхарыстыі і Марыі, каб мы маглі быць сапраўднымі сведкамі Хрыста і нашага святога заснавальніка”.

Пасля завяршэння сімпозіума ўсе накіраваліся ў Архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі, каб у супольнай малітве падчас св. Імшы яшчэ раз падзякаваць Богу за дар 100-гадовага служэння салезіянаў у Беларусі.

Падзяліцца: