Першым месцам наведвання Беларусі сталі Бараўляны. Прывітальнае слова да Маці Івон скіравала с.Люцыя Бальцэвіч разам з дзецьмі і моладдзю. Прыгожа апранутыя гаспадары Бараўлянскай зямлі прывіталі Генеральную Настаяцельніцу беларускімі спевамі, жартоўнымі вершамі і традыцыйным караваем. Пасля прывітальнай часткі ў капліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У ёй удзельнічаў таксама кс. Віктар Гайдукевіч SDB і іншыя салезіянскія святары, якія прыбылі, каб выказаць сваю падзяку і пашану Генеральнай Настаяцельніцы. Падчас прыгожай гаміліі кс. Біскуп Аляксандр растлумачыў значэнне чатырох важных слоў: праслаўленне, падзяка, перапрашэнне і просьба. Іерарх скіраваў словы падзякі да Маці Івон за працу сясцёр салезіянак у Беларусі. Напрыканцы св. Імшы кс. Віктар у сваёй прамове, праз прыклад лёгкіх у арганізме чалавека, падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва сясцёр салезіянак са святарамі салезіянамі, каб добра развівалася ўся салезіянская сям’я. Святар таксама падзякаваў за працу сясцёр у Беларусі.
Пасля св.Імшы ў сямейным духу адбылася вячэра, падчас якой Маці Івон мела магчымасць паразмаўляць з біскупам Аляксандрам, са святарамі і сёстрамі, больш пазнаёміцца з клопатамі і радасцямі, якімі жыве салезіянская сям’я ў Беларусі.
28 і 29 верасня Маці Івон наведала Смаргонь. Зранку яна мела магчымасць паразмаўляць са сваімі духоўнымі дочкамі, спытацца, чым яны жывуць, сказаць ім словы падтрымкі і настаўлення. На ўрачысты абед з Маці Івон прыбылі бацькі сясцёр. Працяг знаёмства з імі адбыўся падчас наведвання новапабудаванага дому, дзе с.Вераніка і с.Дар’я падрыхтавалі цікавую праграму з гульнямі і жартамі, а ў канцы ўсіх чакаў салодкі пачастунак з гарбатай з самавару ў новай кухні, хоць яшчэ і ў будаўнічых умовах.
Другую частку дня Маці Івон правяла ў араторыі св. Яна Боско і ў парафіі св. Міхала Арханёла. Напачатку адбылася сустрэча прадстаўнікоў розных груп салезіянскай сям’і ў Смаргоні, якія распавялі Маці Івон аб тым, як распачыналася іх праца ў салезіянскай парафіі і як супрацоўнічаюць зараз са святарамі і сёстрамі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, сёстры, салезіяне- супрацоўнікі, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АDМА), былыя выхаванцы сясцёр салезіянак, “Савіо-клуб”, аніматары, кандыдаты і памочнікі.
Галоўным момантам была св. Імша ў касцёле, на якую сабраліся шматлікія вернікі, дзеці і моладзь. Падчас св.Імшы кс. Алег Жураўскі SDB прывітаў Маці Івон, а ў гаміліі падкрэсліў значэнне Марыі ў жыцці кожнага хрысціяніна.
Фінальным момантам першага дня наведвання Маці Івон сясцёр у Смаргоні быў святочны вечар, які адбыўся ў прыгожа падрыхтаванай зале араторыя. У канцэрце ўдзельнічалі розныя групы салезіянскай сям’і, якія падрыхтавалі цікавыя спевы, танцы і гульні. Таксама прыгожыя беларускія танцы падрыхтавалі для ўсіх прысутных дзеці з ансамбля “Мишутка”. На гэты вечар прыбыло шмат вернікаў і запрошаных гасцей, сярод якіх былі святары з розных парафій з моладдзю, дырэктары школ, настаўнікі. На завяршэнне святочнага вечара Маці Івон выказала свае словы захаплення сямейным духам, які адчула падчас удзелу ва ўсіх прапанаваных сустрэчах. Яна заахвоціла не затрымлівацца, а развіваць і распаўсюджваць салезіянскую харызму ў Беларусі.
29 верасня Маці Івон мела магчымасць паразмаўляць з настаяцелем салезіянскай супольнасці святароў у Смаргоні кс. Алегам Жураўскім SDB. Пазней на шляху да Мінска яе чакаў сюрпрыз – беларускі шашлык на прыродзе.
Са слоў Генеральнай Настаяцельніцы Дачок Марыі Успамогі, яна атрымала добрыя ўражанні са свайго прабывання ў Смаргоні і вельмі ўзрадавалася, што магла бліжэй пазнаць жыццё сваіх духоўных дачок і людзей, да якіх яны пасланы.
30 верасня Маці Івон сустрэлася з сёстрамі з Мінскай супольнасці, потым яна мела магчымасць убачыцца з сабратамі салезіянамі, якія разам з сёстрамі супрацоўнічаюць у парафіі і араторыі.
У другой палове дня Маці наведала араторый, дзе сустрэлася з салезіянамі- супрацоўнікамі, аніматарамі, прадстаўнікамі аратарыйных суполак. У сямейным духу яны падзяліліся досведам працы, выказалі свае намеры на будучыню. Напрыканцы сустрэчы Маці Івон пажадала ўсім прысутным быць вернымі і разумець сваё пакліканне ў салезіянскай сям’і, умець пераказваць другім салезіянскую харызму, падтрымліваючы цесную сувязь з Езусам Хрыстом. Настаяцельніца пажадала, каб кожны ўважліва фарміраваў сваю хрысціянскую і салезіянскую асаблівасць, каб адчуваў Езуса, як сябра, у сваім жыцці.
1 кастрычніка Генеральная Настаяцельніца прыняла ўдзел у адкрыцці Мінскага араторыя. Распачалося свята са святой Імшы, на якой прысутнічалі кардынал Юзаф Дэ Кесель і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, шматлікія вернікі, дзеці і моладзь.
Пасля святой Імшы ўсе накіраваліся ў араторый, дзе чакала шмат цікавага: гульні, танцы, латарэя з прызамі, конкурс пірагоў. Маці Івон мела магчымасць сустрэцца з дзецьмі і паразмаўляць з іх бацькамі. У канцы свята сястра сказала дзецям, што яны павінны клапаціцца, каб захаваць свае вочы чыстымі і празрыстымі, бо менавіта праз іх прамаўляе Бог, які жыве ў іх.
На гэтым праграма візіту завяршылася, на наступны дзень сястра Івон пакінула Беларусь пакідаючы нам добрыя ўспаміны і малітву.