З 13 па 14 сакавіка ў Жупранах адбыўся форум, прысвечаны сродкам масавай камунікацыі. У ім прыняла ўдзел моладзь з салезіянскіх араторыяў, якая займаецца вядзеннем акаўнтаў і папулярызацыяй салезіянскай харызмы ў сацыяльных сетках.
Сустрэча распачалася 13 сакавіка вечарам з супольнага перажывання набажэнства Крыжовага шляху. Падчас малітвы ўдзельнікі маглі папрасіць у Бога ласку добрага і плённага перажывання форуму, а таксама даручыць Яму сваю працу і служэнне ў інтэрнэце.
Суботні дзень пачаўся супольнай малітвай, якую правёў ксёндз Алег Каралёў SDB. Пасля ён перадаў слова спікерам з каманды IT for Christ, якія падзяліліся досведам выкарыстання сучасных тэхналогій у евангелізацыі.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі даведаліся, як можна аптымізаваць працу па вядзенні хрысціянскіх сацыяльных сетак, выкарыстоўваючы магчымасці штучнага інтэлекту, а таксама як будаваць здаровую «экалогію» адносін у інтэрнэце — як з тэхналогіямі, так і з іншымі карыстальнікамі.
Моладзь пазнаёмілася з практычнымі інструментамі падрыхтоўкі кантэнту і крытэрыямі, якія дапамагаюць ацэньваць якасць публікацый. Аніматары мелі магчымасць прымяніць атрыманыя веды на практыцы: падчас мазгавога штурму яны распрацавалі новы праект, які плануюць рэалізаваць ужо ў бліжэйшы час.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі падкрэслілі, што сацыяльныя сеткі могуць быць важным месцам сустрэчы з маладым чалавекам і прасторай для распаўсюджвання евангельскіх каштоўнасцяў.
Таму запрашаем падпісвацца на акаўнты нашых араторыяў і сачыць за іх навінамі.
Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC