Галоўная Дзейнасць Навіны Філасофскі стол прайшоў у дзятлаўскім араторыі

Філасофскі стол прайшоў у дзятлаўскім араторыі

Што ёсць сапраўдная любоў да Бога? Што мы павінны рабіць для таго, каб любіць Бога? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы дзеці і моладзь араторыя імя благаслаўлёных мучанікаў з Познані, заснаванага пры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Дзятлава.

11 сакавіка ў араторыі быў арганізаваны філасофскі стол на тэму “Дар Бога – любоў і прабачэнне”. Складана гаварыць пра любоў, таму што цяжка даць сабе праўдзівы адказ на пытанне: “Ці выконваю я запаведзі любові і ў якой ступені?”. Таму падчас супольнай малітвы, якой распачалася сустрэча, кс. Здзіслаў Пікула SDB прапанаваў усім прысутным  “адчыніць дзверы свайго сэрца”.

Стварэнню добразычлівай атмасферы, павышэнню даверу паміж удзельнікамі садзейнічала выкананне задання “Памяняйцеся месцамі тыя, хто..”. Трэба зазначыць, што ўся сустрэча была прасякнута рознымі актыўнымі відамі дзейнасці, якія былі накіраваны на ўзаемадзеянне прысутных паміж сабой, абмен уласным вопытам, выказванне сваіх думак, пачуццяў на вызначаную тэму. Так, на пачатку было прапанавана па апісанні  здагадацца, аб якой тэалагічнай цноце ідзе размова, і абгрунтаваць свой выбар. “ Чатыры вуглы – чатыры выбары”  дазволілі вызначыць адносіны кожнага з прысутных на тэму любові як з пазіцыі рэлігіі, так і з пазіцыі ўласнага вопыту. Самым маленькім удзельнікам сустрэчы было даручана скласці фотакалаж “Я люблю..”.

А потым усе разам паспрабавалі дапоўніць яго і вызначыць пачуцці, якія жывуць побач з любоўю. Адносіны дзяцей да бацькоў – сталі працягам далейшых разважанняў праз асэнсаванне і аналіз жыццёвай сітуацыі, якая дазволіла зрабіць вывад: “Не словы з’яўляюцца сапраўдным паказчыкам любові чалавека да чалавека і як вынік да Пана Бога. Любоў – гэта ўчынак.” Таму вынік сустрэчы быў падведзены праз “упрыгожванне”  “Дрэва Любові” добрымі ўчынкамі.

Падзяліцца: