Галоўная Дзейнасць Навіны Фігура Маці Божай Фацімскай наведала Смаргонь

Фігура Маці Божай Фацімскай наведала Смаргонь

Пад гучны спеў касцельнага звону, статую ўнеслі на дзядзінец Міхалаўскага касцёла. Пасля прывітання пробашча, кс. Алега Жураўскага SDB, Марыю прывіталі таксама дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіі, а над касцёлам у гонар так важнай госці ўзняліся ў неба блакітныя шары.

Імша прывітання Марыі з-за вялікага натоўпу верных адбылася на палявым алтары парафіі. Пасля Эўхарыстыі сёстры-салезіянкі ў працэсіі перанеслі фігуру ў святыню, дзе людзі трывалі на малітве цэлую ноч. Падчас чування ў касцёле нястомна гучала ружанцовая малітва. Шматлікія колы парафіі, моладзь і дзеці, трымаючы ружанцы ў руках, прасілі Марыю аб апецы і бласлаўленні. Госцем Марыйнага чування ў Смаргоні быў гурт “Laudans”, які выканаў “Акафіст”, а таксама ўпрыгожыў сваім спевам малітву ў святыні. Апоўначы вакол касцёла прайшло ружанцовае шэсце са свечкамі. Наперадзе незвычайнай працэсіі вернікі неслі выяву Марыі, молячыся ў інтэнцыях свайго горада.

12 ліпеня праз увесь дзень натоўпы гараджан і гасцей Смаргоні не пераставалі прыходзіць да касцёла св. Міхала. На чэсць і хвалу Марыі адпраўляліся ў гэты дзень шматлікія набажэнствы: Імшы з удзелам дзяцей і моладзі, ружанцовая малітва, гадзінкі, спевы і г.д. Асабліва краналі сэрца прачытаныя прад Марыяй просьбы вернікаў, у якіх кожны шчыра прасіў Маці заступіцца ў сваіх праблемах і патрэбах.

Пасля святой Імшы ў 16.30 вернікі Смаргоні развіталіся з Марыяй. Фігуру ўрачыста вынеслі з касцёла, пасля чаго адказны за перэгрынацыю  завёз Багародзіцу ў Вішнеўскую парафію. Візіт Панны з Фацімы прынёс шмат духоўных плёнаў і навяртанняў для нашага горада. Няхай успамін аб наведванні нябеснай Матулі заўсёды сагравае нашыя сэрцы, а Яе апека не перастае чуваць над намі.

Падзяліцца: