Пальмовая нядзеля — дзень, у які вернікі ўзгадваюць уваход Езуса Хрыста ў Ерусалім, калі людзі віталі Збаўцу, кладучы пад Яго ногі вопратку і галінкі пальм. У Беларусі, дзе пальмы не растуць, іх замянілі галінкамі вярбы, першай расліны, якая распускаецца вясной. Традыцыйна парафіяне упрыгожваюць вербы кветкамі і стужкамі і прыносяць да касцёла, славячы Бога.
У гэтым годзе ў салезіянскіх парафіях святары заклікалі вернікаў выкарыстоўваць для ўпрыгожвання галінак замест пластыкавых штучных кветак кветкі з паперы альбо іншых натуральных матэрыялаў, кіруючыся канцэпцыяй зялёнай парафіі.
Таксама і ў саміх парафіях рыхтавалі “экалагічныя вербы” да надыходзячага свята, тым самым ствараючы традыцыю спалучэння духоўных практык з аховай навакольнага асяроддзя.