Распачалася ўрачыстасць Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў Дапаможны Біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй прамове да ўсіх прысутных Біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуў увагу на стварэнне такога асяроддзя для дзяцей і моладзі, якое дазволіла б выхаваць сапраўдных хрысціянаў і сумленных грамадзянаў нашай Бацькаўшчыны. Менавіта такім асяроддзем з’яўляецца араторый. Дапаможны Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падкрэсліў: “Салезіянскі араторый –гэта гасцінны ДОМ, у якім ты заўсёды знойдзеш сям’ю; гэта ПАРАФІЯ, у якой табе дапамогуць спаткацца з жывым Хрыстом; гэта ШКОЛА, якая рыхтуе да жыцця; і ўрэшце, гэта ПЛЯЦОЎКА, дзе сябры могуць сустракацца і весела праводзіць час”. Таксама Біскуп зазначыў, што велізарную ролю ў духоўным выхаванні дзяцей адыгрывае сям’я (мама, тата, бабуля, дзядуля), таму менавіта ад таго наколькі бацькі будуць удзельнічаць у выхаванні дзяцей залежыць наша будучыня.
Пасля святой Імшы ўсе прысутныя былі запрошаны ў араторый на святочную праграму пад дэвізам: “Мы – адна сям’я!”. Прысутным былі прапанаваны гульні, конкурсы і спевы. Актыўнымі ўдзельнікамі праграмы з’яўляліся не толькі дзеці і моладзь, але таксама і нашыя шаноўныя святары. Яшчэ адну старонку гісторыі існавання нашага араторыя адкрыла “Гасцявая кніга араторыя”, у якой усе жадаючыя змаглі заставіць свае пачуцці і ўражанні.
На завяршэнне шаноўны Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся са словам да ўдзельнікаў урачыстасці і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне. Далей усіх чакаў салодкі стол, сяброўскія гутаркі і бансы.