Галоўная Дзейнасць Навіны Дзіцячы летнік адбыўся ў Смаргоні

Дзіцячы летнік адбыўся ў Смаргоні

Кожны дзень летнік распачынаўся з Эўхарыстыі – сэрца канікул. Пазней  былі традыцыйныя бансы, спеў гімну, падыманне сцяга летніка, сцэнкі, праца па групах і канешне шмат гульняў. Дзеткі былі раздзеленыя на чатыры групы, якія выбралі сабе наступныя назвы: “МДМ”, “Агеньчыкі з Марнэзэ”, “Мы Каманда” і “МДМікі”. Кожная каманда мела свой колер, дэвіз і “крычалку”.

Два разы ўсе ўдзельнікі выязджалі ў паход. Падчас аднаго падарожжа дзеткі гулялі ў гульню “індзейцы”, дзе кожная каманда выбірала сабе кантынент і рабіла ў выбраным месцы сваю “міні-дзяржаву”. Каманда прыдумвала звычаі, традыцыйную кухню, адметныя пабудовы і мову дзяржавы. Гульня дапамагла ўбачыць крэатыўнасць і вялікую колькасць ідэй, што мае кожнае дзіця. Падчас другога падарожжа ўдзельнікі летніка наведалі палац Агінскіх у Залессі, што на Смаргоншчыне. Дзеці гулялі ў парку беларускіх магнатаў, елі спечаныя на агні каўбаскі, а таксама памаліліся ў радавой капліцы роду Агінскіх, дзе адбылася святая Імша.

Галоўнымі словамі летніка быў дэвіз: “Любоў+радасць=святасць!”. Менавіта гэтыя аспекты бралі пад увагу арганізатары адпачынку. Кожнаму дзіцяці салезіянкі, салезіяне і аніматары стараліся прывіць любоў да Бога і бліжніх, а таксама паказаць вельмі важнае месца ў жыцці, якое займае хрысціянская радасць. Любіць і радавацца ў Хрысце – вось рэцэпт святасці ад св. Марыі Мадзарэлла!

У апошні дзень дзетак чакала вялікая гульня. Хлопчыкі і дзяўчынкі шукалі скарб, які быў скрадзены ў ксяндза Боско і маці Мадзарэллы. На вуліцах Смаргоні дзяцей чакалі пераапранутыя аніматары, якія пры ўмове выканання задання давалі зашыфраваныя словы. У канцы дзеці сабралі ўсе патрэбныя элементы і знайшлі клад. На заканчэнне адпачынку ў араторыі адбыўся святочны канцэрт. Кожная з каманд падрыхтавала адмысловы нумар і прадставіла яго на сцэне.

Падзяліцца: