Галоўная Дзейнасць Навіны Дзеці са смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла адпачылі ва Уселюбе

Дзеці са смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла адпачылі ва Уселюбе

Кожны дзень распачынаўся св. Імшой, якую цэлебраваў  кс. Віталь Цыбульскі, пробашч парафіі. 

Дзеці падчас адпачынку разважалі над тэмай “Сям’я – гэта скарб у маіх руках”. Дапамагаў ім у гэтым Маленькі прынц, які імкнуўся зразумець, якая сітуацыя сапраўды ёсць у нашых сем’ях. У працах па групах дзеці з дапамогай арганізатараў стараліся паглядзець, як узрастаць у любові адзін да аднаго ў сем’ях, як будаваць адносіны, як умець прабачаць і шукаць шляхі прымірэння, якія традыцыі і звычаі існуюць у нашых сем’ях і чаму важна іх захоўваць, як ўзрастаць у веры разам усёй сям’ёй і імкнуцца паглыбляць жывыя адносіны з Богам. 

На працягу адпачынку дзецям былі прапанаваны цікавыя гульні, тэматычныя забаўляльныя праграмы, гурткі, дзе кожны мог навучыцца чамусьці новаму, а таксама знайсці новых сяброў.  Асаблівым гульнявым момантам стаў “Пошук клада”, падчас якога дзеці, падзяліўшыся па камандах, выконвалі розныя заданні і адшукалі салодкі клад, якому былі вельмі рады.

Дзеці таксама мелі магчымасць наведаць Навагрудак, пазнаёміцца з яго гісторыяй і прыгожымі месцамі, з гісторыяй сясцёр назарэтанак. 

Таксама кожны вечар удзельнікаў адпачынку чакалі вясёлыя вечары, падчас якіх дзеці маглі раскрыць свае таленты і проста разам правесці час у добры спосаб. На заканчэнне кожнага дня было слоўка, падрыхтаванае арганізатарамі. 

Адпачынак завяршыўся момантам падзякі ўсім, хто прычыніўся да яго арганізацыі. 

Падзяліцца: