Галоўная Дзейнасць Навіны Дзень салезіянскай духоўнасці прайшоў у Смаргоні

Дзень салезіянскай духоўнасці прайшоў у Смаргоні

14 лютага ў Смаргоні беларуская салезіянская сям'я сабралася разам на Дзень салезіянскай духоўнасці. Прадстаўнікі кожнай часткі салезіянскай сям’і Беларусі, а менавіта святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, ADMA і аніматары прыбылі ў парафію св. Міхала Арханёла, каб разам паразважаць над дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Фабіо Аттарда на 2026 год: “Тое, што Ён вам скажа, зрабіце”.

Напачатку сустрэчы ўсіх аб'яднала супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі “Таварыства Святога Францішка Сальскага” ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. У гаміліі святар разважаў над значэннем цуду ў Кане Галілейскай. Ён засяродзіў увагу на трох рысах Марыі, якія выразна праявіліся пад час цуду ў Кане: цярплівасці, пакоры і адвазе рызыкаваць.

“Цярплівасць адкрывае прастору для Божага часу.

Пакора дазваляе Богу, а не самому выбраць шлях.

Адвага рызыкаваць дае Яму матэрыял для цуду.

І тады адбываецца нешта незвычайнае: вада становіцца віном. Недахоп ператвараецца ў перапоўненасць. Сарамлівасць гаспадароў — у здзіўленне і радасць. А вучні пачынаюць верыць.

Гэта плён Марыйнай духоўнасці — нараджэнне веры і радасці.

Сёння, у Дзень салезіянскай духоўнасці, для салезіянскай сям’і Беларусі гэтыя тры рысы — не проста прыгожыя словы, але пытанне нашай будучыні”.

Завяршыў казанне ксёндз Віктар словамі натхнення для салезіянскай сям’і: “Калі гэтыя тры рысы — цярплівасць, пакора і адвага — становяцца стылем нашага жыцця, тады з’яўляецца плён: супольнасць, якая не проста існуе, але жыве, служэнне, якое не выконваецца з абавязку, але нараджаецца з сэрца, моладзь, якая, сустрэўшы нас, адчувае, што з Богам можна жыць, верыць і марыць.

І, магчыма, менавіта цяпер Бог асаблівым чынам паглыбляе і ачышчае нас, каб заўтра салезіянская прысутнасць у Беларусі стала яшчэ больш свядомай і ўнутрана моцнай, не вымяралася толькі колькасцю, але ззяла празрыстасцю сведчання, не патрабавала знешняга шуму, але выпраменьвала спакойную сілу Евангелля, не абапіралася выключна на чалавечыя разлікі, але ўсё больш давярала Яго вернасці і Яго абяцанню”.

Пасля Імшы і супольнага абеду ўдзельнікі мерапрыемства перайшлі ў араторый, які дзейнічае пры парафіі, дзе іх чакаў сапраўдны сюрпрыз. Кожны апынуўся ў ролі госця на традыцыйным габрэйскім вяселлі, нібы перамясціўшыся ў Кану Галілейскую — месца, дзе Езус учыніў свой першы цуд, ператварыўшы ваду ў віно.

У розных пакоях пад час тэматычных сустрэч удзельнікі мелі магчымасць паглыблена абмяркоўваць дэвіз года, яго прыгажосць і глыбокі змест, а таксама практычныя парады, якімі Генеральны настаяцель дзеліцца ў дэвізе. Удзельнікі разважалі над заклікам да рэалізацыі гэтых парад у душпастырстве. Кульмінацыяй стала агульная сесія, пад час якой кожная група дзялілася сваімі думкамі і разважаннямі.

Напрыканцы з традыцыйным салезіянскім слоўкам да сабраных звярнуўся ксёндз Віктар. Ён засяродзіў увагу на тым, што Дзень салезіянскай духоўнасці - гэта дзень, калі мы асаблівым чынам дакранаемся да сэрца салезіянскай харызмы. Таксама падзякаваў сабраным за адчуванне, што салезіяне сапраўды адна сям’я і за пачуццё сінадальнасці, калі ўсе разам: святары, сёстры і свецкія працуюць у адным накірунку для рэалізацыі салезіянскай харызмы.

На рукі ксяндза Алега Каралёва SDB настаяцель склаў падзяку кожнаму, хто прычыніўся да арганізацыі свята. Таксама ксёндз Віктар узгадаў, што ў гэтым годзе Касцёл перажывае год святога Францішка Асізскага, і менавіта думка гэтага святога добра пасуе да сённяшніх разважанняў. Святы  Францішак Асізскі казаў: “Пачніце рабіць усё неабходнае, затым магчымае і раптоўна ўбачыце, што ўжо робіце немагчымае”. Таму наша першая задача - кожны дзень рабіць усе неабходныя справы, якія залежаць ад нас у сваіх супольнасцях і праз гэта атрымаецца зрабіць вялікія рэчы.

Дзень у Смаргоні завяршыўся ў атмасферы ўзаемнага ўзбагачэння. Насыціўшы адзін аднаго сведчаннем і бачаннем дэвізу праз прызму ўласнага досведу, удзельнікі раз'ехаліся ў месцы свайго служэння. Кожны вёз з сабой перакананне, што пакліканне рэалізуецца ў адным напрамку з усёй салезіянскай сям'ёй па ўсім свеце, а словы Марыі "Тое, што Ён вам скажа, зрабіце" гучаць сёння як канкрэтнае заданне на кожны дзень.

Тэкст і фота Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

Падзяліцца: