Сустрэча распачалася з канферэнцыі, якую правёў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Святар прапанаваў паразважаць на духам малітвы і над месцам малітвы ў салезіянскай харызме. “Пабожнасць ці малітва, натхнёная пабожнасцю, — гэта асабістая перамога, якая паходзіць ад стварэння ўнутранага жыцця. Ксёндз Боско працуе над стварэннем свайго ўнутранага жыцця кожны дзень, кожную гадзіну, кожнае імгненне. Для нас, накіраваных на працу, пабожнасць —гэта ўсё, таму што ў ёй знаходзіцца рэсурс, неабходны ў дадзены момант. Кс. Боско разумеў гэта настолькі добра, што казаў клерыкам: "Для клерыка здабыццё духа малітвы падобна здабыццю салдатам мяча", — прамовіў дэлегат да сабраных.
Пасля канферэнцыі быў момант цішыні і асабістага разважання, а потым усе накіраваліся ў касцёл, дзе адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша. У казанні ксёндз дэлегат звярнуў увагу на тое, што сваё пасланне і свой шлях духоўныя асобы не выбіраюць самі, але за іх гэта робіць Бог і гэта вельмі важна памятаць. Таксама, ідучы да людзей, мы павінны кіравацца загадам Езуса “Не бярыце нічога”. Адзінае, што нам патрэбна, — гэта давер да Бога. Мы не павінны быць саманадзейнымі і ганарлівымі. І таксама вельмі важна не шукаць лепшпга і выгоднага месца, а ствараць супольнасць і плённа працаваць там, дзе мы пастаўлены ў дадзены момант.
Завяршылася сустрэча супольным абедам.
Такі дзень духоўнага аднаўлення і засяроджання салезіяне арганізуюць раз у квартал. Ён дае магчымасць сабратам сустрэцца разам у малітоўнай еднасці, ачысціць матывацыі свайго служэння і папрасіць Усемагутнага Бога аб неабходных ласках для Таварыства.