17 чэрвеня ў Дзятлаве беларуская салезіянская сям’я адзначала Дзень Адзінства. Традыцыйна гэта свята адзначаюць у дзень нараджэння генеральнага настаяцеля або яго намесніка на мясцовым узроўні. У Беларусі такім намеснікам з’яўляецца ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які адзначае свой дзень нараджэння 21 чэрвеня. Таму ўжо па добрай традыцыі ў першы месяц лета салезіяне Беларусі збіраюцца ў адным з месцаў сваёй прысутнасці, каб разам адзначыць Дзень Адзінства.
У гэтым годзе гасцей прымаў горад Дзятлава. Варта таксама адзначыць, што заступнікамі Дзятлаўскага араторыя з’яўляюцца салезіянскія мучанікі з араторыя ў Познані, якія 75 год таму аддалі сваё жыццё ў фашысцкім канцлагеры. Менавіта ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл адзначае юбілей іх мучаніцкай смерці.
Распачалося свята са святой Імшы на 12 гадзін, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Гамілію да прысутных прамовіў вікарый і эканом салезіянскага таварыства ксёндз Алег Жураўскі SDB. У сваёй прамове ён пазнаёміў сабраных вернікаў з гісторыяй жыцця і мучаніцкай смерці бласлаўлёнай “пяцёркі” з Познані.
Для гэтых мужных юнакоў, выхаваных у салезіянскім духу, вязніца стала сапраўдным месцам збаўлення. Церпячы здзекі і катаванні, яны не толькі не згубілі веру, але і яшчэ больш умацавалі яе. Хлопцы прынялі смерць, паяднаўшыся з Хрыстом, гледзячы на крыж і з малітвай на вуснах. Для кожнага з нас яны з’яўляюцца сапраўдным прыкладам аптымізму і веры.
Напрыканцы Імшы былі віншаванні. У гэты дзень свой Дзень Нараджэння адзначалі кс. Казімір Шыдэлко SDB і сястра Валянціна Кот FMA. Кс. Здзіслаў Вэдэр SDB адзначаў 65 год манаскага жыцця, а кс. Станіслаў Краўчанка SDB – 5 год святарства. Вернікі павіншавалі таксама і мясцовага пробашча кс. Здзіслава Пікулу SDB, які на мінулым тыдні таксама святкаваў Дзень Нараджэння. Усе гэтыя святочныя падзеі надавалі Дню Адзінства яшчэ больш цёплую і сямейную атмасферу.
Калі скончылася святая Імша, усе прысутныя накіраваліся ў Дзятлаўскую сярэднюю школу №3. Там адбыўся абед і працяг святочнай праграмы. Але перад пачаткам канцэрту сабраных чакаў сюрпрыз – горад майстроў, на якім дзятлаўскія сем’і падзяліліся сваімі талентамі і разнастайнымі вырабамі.
Потым распачалася праграма “Сям’я –крыніца веры і любові”. Арганізатары прадставілі шмат нумароў у выкананні дзетак, моладзі і дарослых. Былі таксама і конкурсныя заданні для гледачоў. Выступленні былі вельмі кранальнымі і прынеслі шмат станоўчых эмоцый.
Напрыканцы праграмы са слоўкам і падзякай да прысутных звярнуўся кс. Віктар Гайдукевіч SDB, а біскуп Аляксандр удзяліў Божае бласлаўленне.