Галоўная Дзейнасць Навіны Дыяканскае пасвячэнне атрымаў салезіянін Артур Ляшнеўскі SDB

Дыяканскае пасвячэнне атрымаў салезіянін Артур Ляшнеўскі SDB

Дыяканскае пасвячэнне ўводзіць кандыдатаў у духоўны стан, таксама дазваляе справаваць некаторыя сакрамэнты, абвяшчаць Слова Божае і благаслаўляць верных. Літургія ў гэты дзень скіроўвае ўвагу верных на два важныя аспекты: быць сведкам і місіянерам святога Евангелля, а таксама на паслугу міласэрнасці, якую дыяканы павінны здзяйсняць ва ўлонні Касцёла.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у сваёй гаміліі звярнуўся да кандыдатаў, гаворачы пра абавязкі новага духоўнага стану. Іерарх звярнуў увагу на пакорную службу бліжнім, а таксама на вялікі дар прапаведвання Хрыста, якое з моманту пасвячэння стане абавязкам дыякана. Асабліва біскуп Аляксандр падкрэсліў значнасць Божага крыжа ў жыцці духоўнай асобы. Вельмі моцным было апавяданне пра адну з беларускіх парафій, якая не мела святара падчас камуністычнай навалы. Вернікі, не маючы каму вызнаць свае грахі, паставілі ў канфесіянале фігуру укрыжаванага Езуса, і яму спавядаліся са сваіх штодзённых слабасцей. Гэты прыклад разам з іншымі сімваламі і павучаннямі, якія біскуп Аляксандр пакінуў кандыдатам, дапамог ім больш зразумець таямніцу дыяканскага паклікання і падрыхтаваць сваё сэрца да прыняцця гэтага асаблівага дару Езуса Хрыста.

На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія пілігрымы з Беларусі, якія прыбылі ў Кракаў, каб маліцца за дыякана Артура і падтрымаць яго сваёй прысутнасцю. Акрамя свецкіх гасцей з Беларусі, прысутнічалі на св. Імшы таксама некаторыя кансэкраваныя асобы. Кс. Віктар Гайдукевіч SDB, рэгіянальны настаяцель місіі св. Францішка Сальскага, на заканчэнне прамовіў да новапасвячаных дыяканаў ад імя ўсёй Салезіянскай сям’і ў Беларусі, ўпэўніваючы, што за іх моляцца і чакаюць на бацькаўшчыне.

Пасля ўрачыстай літургіі ў місійным парку пры салезіянскай семінарыі адбыўся пачастунак і святочная праграма. Акрамя гульняў, спеваў і танцаў, прысутных чакаў міні-канцэрт саксафаніста Антонія Грыневіча, які выканаў некалькі прыгожых твораў. Пасля праграмы беларускія госці мелі магчымасць наведаць гістарычныя і святыя месцы Кракава.

13 мая пілігрымка беларусаў вырушыла ў Кальварыю Забжыдоўскую, каб цэлебраваць разам Імшу падзякі. Кальварыя – гэты польскі марыйны санктуарый. Гэтае месца было выбрана невыпадкова. У 2016 годзе дыякан Артур атрымаў тут з рук Маці Божай цуд аздараўлення нагі, якая была ў вельмі цяжкім і небяспечным стане. Падчас Эўхарыстыі, якую узначаліў глыбокапаважаны біскуп Аляксандар Яшэўскі SDB, быў благаслаўлены залаты вотум – сімвал удзячнасці за атрыманы цуд. Вотум ў форме палаючага сэрца мае таксама гравіроўку з інтэнцыяй падзякі і год цуду. Пасля Імшы вотум быў перададзены манахам бернардынам, апекунам санктуарыя, якія размясцілі яго на дошцы падзякі каля цудатворнага абраза.

Удзячны Богу і Божай Маці Успамозе Хрысціянаў, дыякан Артур ад ўсяго сэрца дзякуе ўсім, хто за яго маліўся ў гэтыя дні, а асабліва тым, хто падтрымаў яго сваёй прысутнасцю. Ён просіць таксама, каб і далей вернікі працягвалі атуляць яго малітоўнай апекай на шляху падрыхтоўкі да святарскага пасвячэння, якое адбудзецца праз год.

Падзяліцца: