Галоўная Дзейнасць Навіны Два волаты салезіянскай харызмы – адзін наследуе другога

Два волаты салезіянскай харызмы – адзін наследуе другога

Віншую вас з Новым годам, сябры мае, чытачы Салезіянскага бюлетэня. Хай 2022 будзе шчаслівым і благаслаўлёным!

У аўторак 28 снежня мы адкрылі год святога Францішка Сальскага. У гэты дзень у 2022 годзе мы будзем адзначаць 400-годдзе смерці гэтага вялікага святога — геніяльнага і непаўторнага святога яго часу. Зараз студзень, і 24-га чысла гэтага месяца мы будзем адзначаць яго літургічнае свята. Дзякуючы святому Францішку Сальскаму мы, салезіяне ксяндза Боско, носім яго імя.

Аднойчы ксёндз Боско сказаў групе хлопчыкаў, якія выраслі побач з ім: “Мы назавем сябе “салезіяне”. Так пачалася гэтая займальная “прыгода ў Духу”, даўшая пачатак вялізнаму дрэву, якім сёння з'яўляецца Салезіянская сям'я ксяндза Боско. Гэта дрэва глыбока пускае карані ў духоўнасць святога Францішка Сальскага і штодня напаўняецца стылем, практыкай і чуйнасцю яшчэ аднаго волата ксяндза Боско.

 

Менавіта з гэтай прычыны я кажу пра двух волатаў салезіянскай харызмы, дзе адзін наследуе другога. Таму што яны вялікія дары ў Касцёле, і таму, што ксёндз Боско ведаў як ніхто іншы, як перанесці гэта ў абставіны паўсядзённага жыцця яго хлопчыкаў. Ён узяў духоўную моц Францішка Сальскага і прымяніў яе ў адукацыі і евангелізацыі сваіх бедных хлопчыкаў. Уся яго Салезіянская сям'я нясе адказнасць за захаванне гэтага дару і дзяленне ім у Касцёле і ў сучасным свеце. 

Цяпер я хачу заявіць, што, сімвалічна кажучы, Францішак Сальскі і Ян Боско мелі шмат агульнага з самага пачатку.

Дзве святыя Маці

Францішак Сальскі нарадзіўся пад небам Савойі, якое вянчае даліны, перасечаныя ручаямі, знаходзячымі свае вытокі ў самых высокіх вяршынях Альп. Яго маці, Франсуаза дэ Буазі, была вельмі маладой, калі чакала сваё першае дзіця. Аднойчы ў Ансі, перад Святой Плашчаніцай, якая казала  сэрцу пра мукі Божага Умілаванага Сына, дзяўчына ўсхвалявалася і дала абяцанне: дзіця ў яе ўлонні будзе належаць Езусу назаўсёды. 

Што да святога Яна Боско, дык як не думаць пра яго як пра савойца? Ён, праўда, не нарадзіўся ў замку, але меў такі ж дар, што і Францішак: маці, мілую і напоўненую верай. 

Аднойчы мама Маргарыта сказала свайму сыну Яну: “Калі ты прыйшоў на свет, я прысвяціла цябе Найсвяцейшай Багародзіцы”. У Турыне, перад той самай Плашчаніцай ксёндз Боско аднойчы стане на калені. Хрысціянскія маці выхоўваюць святых — ці то ў замку, як Францішка, ці ў разбураным вясковым доме, як Яна.

Кажуць, што першай поўнай фразай, якую ўдалося сфармуляваць Францішку, былі словы: “Добры Бог і мая маці мяне вельмі любяць”.

І Добры Бог сапраўды паклапаціўся пра Францішка і Яна. Кожнаму з іх Ён даў вялікае сэрца. Францішак вучыўся ў Парыжы і Падуі ў самых прэстыжных універсітэтах таго часу. Ян вучыўся пад святлом свечкі ў падвале кавярні. Але Дух не спыняецца, калі сутыкаецца з чалавечымі цяжкасцямі. Гэтым двум наканавана было “сустрэцца”.

Дванаццаць месяцаў, поўных міласэрнасці

Святы Францішак Сальскі з'яўляецца адной з асобаў у гісторыі, чыя значнасць і актуальнасць вырасла з цягам часу дзякуючы плённаму пашырэнню яго мудрасці, перажыванняў і духоўных перакананняў. Праз чатырыста гадоў пасля яго ўваходу ў рай яго прапанова хрысціянскага жыцця, яго метад духоўнага суправаджэння і яго гуманістычнае бачанне ўзаемаадносін чалавека з Богам застаецца захапляльным. Ксёндз Боско, як ніхто іншы, ведаў, як гэта інтэрпрэтаваць.

На працягу гэтага года адбудзецца некалькі мерапрыемстваў, якія дазволяць нам наблізіцца да асобы святога Францішка Сальскага ў тандэме з салезіянскім духам праз містыцызм ксяндза Боско, спазнанага ў Вальдока. 

Маё прывітанне вам сёння – гэта пажаданне шчасця ў новым годзе і

запрашэнне ўсім сябрам харызмы ксяндза Боско атрымаць асалоду ад глыбока чалавечай і духоўнай свежасці, якая цячэ, як вялікая рака салезіянскай духоўнасці, якая зыходзіць ад Францішка Сальскага

праз ксяндза Боско. Гэтая рака нясе ў сабе вялікую сілу, якая знаходзіцца ў “салезіянскіх” думках, якія бяруцца з сэрца святога Францішка і якія ксёндз Боско зрабіў сваімі ў жыцці і працы з маладымі людзьмі. 

Вось некаторыя з іх:

  “Бог у сваёй ласцы ніколі не дзейнічае без нашай згоды. Ён дзейнічае з сілай, але не для таго, каб прымушаць або стрымліваць нас, хутчэй, каб прыцягнуць нашае сэрца, не для таго, каб парушаць нашую свабоду, але каб любіць яе”.

“Бог, — як любіў казаць Францішак Сальскі, — прыцягвае нас да Сябе дзякуючы сваёй добрай ініцыятыве, часам праз пакліканне ці заклік, а іншы раз праз голас сябра, які гучыць як натхненне або запрашэнне. У іншы час Ён робіць гэта праз “прафілактыку”, таму што Ён заўсёды дзейнічае першым. Бог не навязвае сябе. Ён стукае ў дзверы і чакае, пакуль мы адчынім Яму”.

“Бог прысутнічае і робіць Сябе прысутным для кожнага чалавека ў тыя моманты яго жыцця, якія Ён адзін выбірае і так, як Ён адзін ведае”.

І Францішак Сальскі, і ксёндз Боско імкнуліся зрабіць штодзённае жыццё выразам Божай любові, якую трэба прыняць і адказаць на яе ўзаемнасцю. Абодва святыя хацелі прынесці нашыя адносіны з Богам да нашага жыцця і жыццё да нашых адносін з Богам. Мы гаворым тут пра тое, каб быць “святымі па суседстве” або “святымі сярэдняга класа”, пра што Папа Францішак гаворыць з вялікай любоўю:

“Мне падабаецца разважаць пра святасць, якая прысутнічае ў цярпенні Божага народу: у тых бацьках, якія выхоўваюць сваіх дзяцей з бязмернай любоўю, у тых мужчынах і жанчынах, якія шмат працуюць, каб падтрымліваць свае сем'і, у хворых, у пажылых верніках, якія ніколі не губляюць усмешкі. У іх штодзённай настойлівасці я бачу святасць ваяўнічага Касцёла. Вельмі часта гэта святасць, якая знаходзіцца ў нашых суседзях, тых, хто, жывучы сярод нас, адлюстроўвае прысутнасць Бога. Мы маглі б назваць іх “сярэдні клас святасці”.

“Бог любіць нас не таму, што мы добрыя, а таму, што Ён добры”. Выкананне Божай волі адбываецца не з пачуцця “нягоднасці”, але з надзеі на Божую міласэрнасць і дабро. Гэта салезіянскі аптымізм. 

На Божую любоў Францішак адказвае любоўю: “Я буду любіць Цябе заўсёды, Божа, хаця б у гэтым жыцці! Прынамсі ў гэтым жыцці я буду любіць цябе, калі мне не будзе дадзена любіць Цябе ў вечнасці!.. і я заўсёды буду чакаць Тваёй Міласэрнасці”. Крызіс Францішка Сальскага раскрывае глыбіні яго істоты: сэрца, закаханае ў Бога.

  Перакананне, што Божая любоў грунтуецца не на добрым самапачуцці, а на выкананні волі Бога Айца, — напрамак духоўнасці Францішка Сальскага, які павінен быць арыенцірам для ўсёй Сям’і ксядза Боско.

  “Перайдзіце ад суцяшэння Божага да Бога суцяшэння, ад энтузіязму да сапраўднага кахання”.

“Рабіце ўсё з любові, нічога са страху, бо гэта міласэрнасць Божая, а не нашыя заслугі пабуджае нас любіць”. 

Калі святы Аўгустын казаў, што “нашае сэрца неспакойна, пакуль не супакоіцца ў Табе”, то, прытрымліваючыся думкі Францішка Сальскага, мы маглі б сказаць разам з фон Бальтазарам, што “тваё сэрца [О, Божа] адчувае сябе неспакойным, пакуль мы не адпачнем у Табе, пакуль не злучацца час і вечнасць, пагружныя адно ў другое”.

Як хацеў ксёндз Боско: “Няхай любоў да Хрыста вядзе нас да любові да моладзі! Такое стаўленне характэрна для нашага салезіянскага жыцця, гэта пастаянны выклік для Сям'і ксяндза Боско сёння і заўсёды. “Міласэрнасць — гэта мера нашай малітвы, таму што нашая любоў да Бога выяўляецца ў любові да нашага бліжняга”.

“У гэтым заключаецца “малітва жыцця”: здзяйсняць ўсё з любові і любові да Бога такім чынам, каб усё жыццё стала бесперапыннай малітвай”.

“Для нас добра знаходзіць моманты, каб адысці ў сваё сэрца, далей ад мітусні і актыўнасці і размаўляць з Богам па душах”.

“У Ёй (Марыі) мы бачым, што Бог гатовы зрабіць сваёй любоўю, калі знаходзіць сэрцы даступныя, як у Марыі. Спусташаючы сябе, яна атрымлівае паўнату Бога. Яна застаецца даступнай Богу, і Ён здольны здзейсніць вялікія справы ў Ёй”.

Ксёндз Анхель

(пераклад з ангельскай мовы: Ксенія Русава)

Падзяліцца: