Другі працоўны дзень быў прысвечаны тэме стратэгічнага кіравання манаскай супольнасцю, якую прадставіў для ўдзельнікаў кандыдат эканамічных навук, распрацоўшчык сістэм стратэгічнага і аперацыйнага менеджменту Андрэй Каралёў. Спецыяліст азнаёміў удзельнікаў з тымі кампанентамі, якія мае ў сабе стратэгія развіцця манаскай супольнасці: місія, бачанне, каштоўнасці, стратэгічная мэта і стратэгічныя напрамкі дзейнасці. Таксама ўсе разам вызначыліся з магчымымі напрамкамі праектнай дзейнасці.
Наступны семінар быў прысвечаны тэме “Лідэрства і камандаўтварэнне ў манаскай супольнасці”. Яго праводзіў прафесійны коўч, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Уладзімір Глушакоў. У пачатку сустрэчы ён прэзентаваў свае кнігі па псіхалогіі кіравання, кіраванню чалавечымі рэсурсамі і арганізацыйнаму развіццю. Кнігі з'яўляюцца часткай адукацыйнага кантэнту, які закліканы дапамагчы глыбей разабрацца ў тэме семінара.
На вялікай колькасці яркіх прыкладаў з жыцця хрысціянскіх сем'яў, каталіцкіх парафій і свецкай практыкі Уладзімір Глушакоў расказаў удзельнікам семінара аб сутнасці лідэрства ў некамерцыйных арганізацыях, функцыях і ролях лідэра ў кіраванні манаскай супольнасцю.
У дыялогавым рэжыме з элементамі мазгавога штурму ўдзельнікі абмеркавалі таксама розныя стылі лідэрства і "прымерылі" іх да сітуацый свайго служэння. Фармат каманднай працы, прапанаваны спікерам, дазволіў удзельнікам развіць свае камунікатыўныя кампетэнцыі і крэатыўны патэнцыял, абмеркаваць важныя практычныя аспекты хрысціянскага служэння.
Адным з важных пунктаў другога дня стаў падзел удзельнікаў на розныя каманды, якія павінны будуць па завяршэнні семінара праз 2 гады прадставіць свае праекты, скіраваныя на наступныя накірункі: праца з моладдзю, катэхізацыя, прафесійнае душпастарства (праца са спецыялістамі ў розных сферах прафесійнай дзейнасці), СМІ, душпастарства сямей, праца з патрабуючымі.
Мы вырашылі даведацца ў ўдзельнікау аб іх уражаннях ад праграмы. Першым адказаў на нашыя пытанні старшыня рады Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў ксёндз Анджэй Юхневіч OMI.
- Якія вы бачыце перспектывы ў гэтага праекту?
- Я спадзяюся, што тое, што тут адбываецца, будзе мець вынік для ўсёй манаскай супольнасці ў Беларусі. Тут удзельнікі могуць атрымліваць не толькі тэорыю, але і фармацыю як асобы, як манаскія асобы. Ну, і канешне, праект карысны для Касцёла лакальнага, для вернікаў. Я бачу перспектывы ў лепшай свядомасці, большым прафесіаналізме, іншым падыходзе ў арганізацыі кансэкраванага жыцця ў Беларусі. І канешне, большую смеласць для нас саміх, бо мы атрымаем канкрэтныя прылады, якія дапамогуць у больш якаснай арганізацыі нашага служэння і асабістага жыцця.
- Якія ўражанні ад першых сустрэч?
- Пазітыўныя. Уся інфармацыя, што мы атрымалі, вельмі сістэматычная і прафесійна пададзена, а таксама даступна. Усё зразумела, гэта не нешта чужое, але дастасаванае да нашай сферы, перакладзена на нашую манаскую штодзённасць. І таксама вельмі падабаецца атмасфера, тут сабралася такая супольнасць аднадумцаў, што вельмі важна.
З намі паразмаўляў таксама кс. Віктар Гайдукевіч SDB, каардынатар праекта.
- Якія вашыя ўражанні ад першых дзвюх сустрэч, што атрымалася, што не?
- Як бачна з самой назвы праекту, ён быў накіраваны на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб Беларусі. На працягу трох апошніх год праз сустрэчы з кансэкраванымі асобамі мы вызначылі накірункі, на якіх неабходна зрабіць акцэнт у адукацыйнай праграме. Таму мы з упэўненасцю можам сказаць, што ўсе аспекты, якім удзяляецца ўвага падчас навучання, з’яўляюцца актуальнымі і іх веданне неабходна ў жыцці супольным і ў індывідуальным развіцці чалавека, кансэкраванай асобы.
Калі казаць пра фазу падрыхтоўкі, то яна была вельмі інтэнсіўная. Пэўная праграма стваралася праз розныя сустрэчы са спікерамі, з радай Каардынацыйнай групы, дзе абмяркоўвалася мноства пытанняў, розныя тэматыкі.
Канешне, быў страх наконт таго, як гэта будзе адбывацца, ці зможам мы рэалізаваць усё так, як запланавана, ці будзе гэта цікава, ці людзі пойдуць за спікерамі, ці тэмы будуць актуальнымі і патрэбнымі на гэты час. Аднак з перспектывы другога дня гэтай адукацыйнай праграмы магу з упэўненасцю сказаць, што тэматыкі сапраўды актуальныя і застаюцца актуальнымі, людзі ўвайшлі ў праграму навучання, хоць гэта і патрабуе пэўнай дысцыпліны і намаганняў, выканання дамашняга задання, працы. Таму я задаволены і магу сказаць, што шкада, што такая рэч не была арганізавана некалькі год таму. Таму што ў адукацыйнай праграме можна не толькі ўзмацняць свае кампетэнцыі, але тут увогуле закранаюцца важныя тэматыкі для кансэкраванага жыцця сёння, ёсць разважанні над духоўнымі справамі, тут ствараецца платформа для асабістых сяброўскіх адносін.
- Якія плёны гэтая праграма прынясе Касцёлу?
- Напэўна для Касцёла гэта ўжо вялікі поспех, што такі праект праводзіцца, бо калі мы будзем мець на месцах працы на лакальным узроўні не толькі духоўных людзей, але і адначасова высокакваліфікаваных спецыялістаў у сваёй галіне, то карысць для ўсяго Касцёла будзе вельмі значнай!
На некалькі пытанняў адказала с. Алена MSF з Баранавічаў.
- Чаго вы жадаеце ад удзелу ў гэтым праекце?
Ведаеце, прачытаўшы артыкул на catholic.by, я даведалася, што ўжо была праведзена першая сустрэча, і сказала сваім сёстрам, што жадаю ўдзельнічаць. Мне патрэбна менавіта развіццё ў сферы менеджменту, бо неабходна рабіць шматлікія справы. Па духоўнасці ў нас усё цудоўна распрацавана, гэта мне дае кангрэгацыя. А вось навыкаў у вядзенні сацыяльных і дабрачынных праектаў не хапае, не хапае і часу, каб гэтаму навучыцца. Тут усё ўжо канкрэтна распрацавана і падрыхтавана, нібыта тое, чаго я і чакала. Спадзяюся на прафесійную канкрэтую падтрымку ў правільным разуменні мэты нашых праектаў і ў тым, якімі крокамі гэтыя мэты дасягаць. Таксама важна перанесці атрыманыя веды на нашы манаскія супольнасці, бо часта мы звяртаем увагу больш на духоўныя рэчы, але і ў проста чалавечым плане ёсць ужо даўно пратаптаныя сцежкі, якімі можна карыстацца.