На сустрэчы, якая праходзiла пад назвай "Шлях салезіянскай святасці", прысутнiчала моладзь са Смаргоні, Бараўлянаў і Мінску. Хлопцы разам з ксяндзом Алегам Каралёвым SDB і дзяўчыны з сёстрамі Юліяй Клевец FMA, Дар'яй Еўтухоўскай FMA і Тэрэсай Сольнічэк FMA разважалі над тым, як знайсці шлях да святасці і якія якасці трэба мець маладым людзям для яе дасягнення.
Сустрэча пачалася з гісторыі пра Юзафа з Егіпту, якога больш за іншых сыноў любіў бацька і які меў здольнасць бачыць незвычайныя сны, што выклікала зайздрасць у яго братоў, а таксама з гісторыі ксяндза Яна Боско, якога многія не разумелі. Гледзячы на прыклады з жыцця гэтых людзей, удзельнікам трэба было паразважаць над тым, якія знакі абранасці яны атрымалі ад Бога і як іх магчыма выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці.
Пасля ўдзельнікаў сустрэчы чакала малітва падчас Крыжовага шляху, а таксама фільм "Если Господь пожелает", дзе расказвалася гісторыя чалавека, які жыў без Бога і як ён Яго шукаў.
Нядзеля пачалася святой Iмшой, пасля якой хлопцы разам з ксяндзом, а дзяўчыны разам з сёстрамі ўзгадалі прыклады маладых людзей, якія знайшлі шлях да святасці, а пасля разважалі над тым, якія якасці павінны мець маладыя людзі, каб знайсці гэты шлях у сучасным свеце. Падчас выканання гэтага задання асаблівая ўвага была звернута на дэвіз Салезіянскай сям'і на 2019 год: "Святасць таксама і для цябе".
У канцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі сабраліся разам і падзяліліся сваімі думкамі, а таксама выказалі падзяку арганізатарам.