Галоўная Дзейнасць Навіны Даклад Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Даклад Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Падчас гістарычнага сімпозіума, прысвечанага юбілею стагоддзя прысутнасці салезіянскага таварыства на Беларусі, увазе прысутных былі прадстаўлены некалькі дакладаў на гістарычныя тэмы.  Адным з дакладчыкаў быў шаноўны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён распавёў пра аднаўленне каталіцкіх структур у Беларусі пасля перабудовы Гарбачова і ролю Таварыства св. Францішка Сальскага ў адраджэнні веры на беларускай зямлі.  Сёння мы прапануем вам пагладзець на нашым ютуб-канале відэа гэтага выступлення, таксама ніжэй прыведзены тэкст самаго даклада. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

НАДЗЕЯ АДРАДЖЭННЯ 

Даклад на сімпозіуме

“Аднаўленне каталіцкіх структур у Беларусі пасля “Перабудовы” Гарбачова і роля Таварыства св. Францішка Сальскага ў адраджэнні веры на беларускай зямлі”

 Мінск, 16 кастрычніка 2021 г.

    Вашыя эксцэленцыі, паважаныя святары, кансакраваныя асобы, прадстаўнікі свету навукі і культуры, свецкія салезіянскія супрацоўнікі, браты і сёстры! 

  1. Сардэчна вітаю ўсіх вас, сабраных на адмысловым, прысвечаным Юбілею 100-годдзя служэння салезіянаў у Беларусі, сімпозіуме. Гэты форум адбываецца ў 30-ю гадавіну адраджэння  іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў Юбілейным годзе апекуна Касцёла св. Юзафа.

Так што на самой справе сёння мы можам казаць пра тры Юбілеі: Юбілейны Год св. Юзафа, Юбілей 100-годдзя дзеяння Таварыства св. Францішка Сальскага і Юбілей 30-годдзя адраджэння касцёльных структур у нашай Бацькаўшчыне. Як Бог адзіны ў святой Тройцы, так сама і сёння мы аб’яднаныя гэтым троічным Юбілеем у служэнні Богу, Касцёлу і людзям.

У 1991 г. св. Ян Павел ІІ прыняў гістарычнае рашэння адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Гэтая падзея не адбылася ў духоўнай пустыні і не была прадыктавана палітыкай празелітызму ці экспансіі каталіцызму, як часам можна пачуць, але была здзейснена з мэтай аднаўлення гістарычнай справядлівасці і нармалізацыі пастырскай дзейнасці. Яна таксама была здзейснена не на пустым месцы, аб чым сведчыць гісторыя каталіцызму на беларускіх землях.

  1. Пачаткі хрысціянізацыі нашай Бацькаўшчыны, перадусім ва ўсходняй традыцыі, сягаюць Х стагоддзя. 

У сярэдзіне XIII стагоддзя паўстала Вялікае Княства Літоўскае, якое існавала да канца XVIII. У XV стагоддзі яно з’яўлялася найбуйнейшай дзяржавай у Еўропе і характыразавалася шмтанацыянальнасцю і шматканфесійнасцю, а таксама рознастайнасцю моваў, рэлігій і культур. 

XV стагоддзе адзначылася буйным развіццём Каталіцкага Касцёла, перад усім дзякуючы актыўнай дзейнасці езуітаў, дамініканцаў, францісканцаў, бенедыктынцаў і бернардынцаў. 

Важным у развіццё каталіцызму быў уклад езуітаў, якія заснавалі некалькі калегій і дзве акадэміі – у Вільні (1579-1773 гг.) і ў Полацку (1812-1821 гг.). 

Падпісаная ў 1596 г. Брэстская Унія спрыяла развіццю грэка-каталіцкага веравызнання. Адным з праяўленняў чаго стала паўстанне свайго арцыбіскупства ў Полацку і дзейнасць закону базыліянаў. 

  1. У 1773 г. царыца Кацярына ІІ без згоды Апостальскага Пасаду самавольна заснавала Беларускую Рыма-каталіцкую дыяцэзію. Склалася вельмі складаная і небяспечная сітуацыя, якая ў прынцыпе магла прывесці да новай схізмы і стварэння непарапарадкаванага Папе Касцёла. 

Пасля доўгіх і складаных перамоў паміж Апостальскім Пасадам і царскім урадам Папа Пій VI у 1783 г. заснаваў тэрытарыяльна самую вялікую ў свеце Магілёўскую мітраполію, у склад якой уваходзілі ўсе каталіцкія дыяцэзіі Расійскай Імперыі. Адначасова новую тэрытарыяльную арганізацыю атрымала і Грэка-каталіцкая Царква. 

Такім чынам, як бы гэта не гучала парадаксальна, але росчыркам імператарскага пяра быў пакладзены пачатак іерархічнай структуры Каталіцкага Касцёла ў Расійскай Імперыі і ў Беларусі, якая ўваходзіла ў яе склад.

  1. XIX стагоддзе стала часам жорсткіх ганенняў на Касцёл. У перыяд з 1830 па 1870 гг. былі закрыты амаль што ўсе кляштары і касцёльныя навуковыя ўстановы. У 1839 г. была зліквідавана Унія, а ў 1869 г.  – Мінская дыяцэзія, тэрыторыя якой была далучана да Віленскай, а ў 1883 г. – да Магілёўскай.

Пасля царскага Дэкрэту аб рэлігійнай талерантнасці 1905 г. распачалося ажыўленне дзейнасці Каталіцкага Касцёла. У 1917 г. тымчасовы расійскі ўрад прызнаў Каталіцкаму Касцёлу ў Расійскай Імперыі такія ж самыя правы, якія мела Праваслаўная Царква. Былі адменены абмяжаванні на вядзенне душпастырскай і місійнай дзейнасці. Аднавіла сваю дзейнасць Мінская дыяцэзія.

  1. Аднак пасля Рэвалюцыі 1917 г. распачалася, трываючая тры пакаленні, эра жорсткіх ганенняў. 

З абвяшчэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 1 студзеня 1919 г. у нашу краіну прыйшла і атэістычная ўлада. Быў арыштаваны Магілёўскі мітрапаліт Эдвард фон Ропп, абавязкі якога перайшлі Генеральнаму вікарыю арцыбіскупу Яну Цепляку, які, у сваю чаргу, у 1923 г. разам з 14 іншымі святарамі быў арыштаваны.

У 1921 г. быў зняволены мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі, які  ў  1925 г. стаў першым біскупам новастворнай Пінскай дыяцэзіі. 

Паўсюднымі сталі “паказальныя судовыя працэсы”. Вялікую ўвагу атэістычня ўлады прысвячалі ідэалагічнай барадзьбе з рэлігіяй. У 1925 г. паўстаў “Саюз бязбожнікаў”, а ў 1929 – “Саюз ваяўнічых бязбожнікаў”. 

  1. Апостальскі Пасад быў вельмі моцна занепакоены складанай сітуацыяй Каталіцкага Касцёла ў Савецкім Саюзе і стараўся яе вырашыць. З гэтай мэтай у СССР у 1926 г. прыехаў францкускі біскуп езуіт Мішэль д’Эрбіні, які з дазволу Папы Пія XI рэарганізаваў структуры Каталіцкага Касцёла ў ім. Былі створаны 9 Апостальскіх Адміністратур. Адна з іх – Магілёўска-Мінская. Яе адміністратарам у 1926 г. быў прызначаны тайна кансэкраваны біскуп Балеслаў Слосканс. 

Аднак усе нова прызначаныя біскупы хутка былі арыштаваны і асуджаны. Нікаторых растралялі, іншыя адбывалі зняволянне, або былі высланы замяжу.

  1. Хваля рэпрэсіяў супраць Касцёла і духавенства дасцігла свайго піку на прыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі былі зачыняныя амаль усе касцёлы і зліквідаваны кляштары, а па прычыне арышту, ссылак і фізічнага знішчэння, амаль што не засталося святароў.

Не лёгкімі былі і гады нямецкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, калі пад кола рэпрэсій трапіла не мала святароў. Многія з іх загінулі мучаніцкай смерцю.

    Пасля Другой сусветнай вайны ганенні прадоўжыліся. Са  смерцю Сталіна ў 1953 г. яны трошкі аслаблі, але потым у часы праўлення Нікіты Хрушчова ізноў насіліліся. Закрываліся і руйнаваліся касцёлы. Аднавіліся арышты святароў і іх ссылкі ў лягеры. Была забаронена катэхізацыя і ўдзел у набажэнствах для моладзі ва ўзросце да 18 гадаў. Касцёл ізноў стаў Касцёлам цярпення і маўчання. Жыццё каталікоў зыйшло ў катакомбы.

У выніку ганенняў колькасць адчыненых касцёлаў і святароў памяншалася. Так у 1965 г. у Беларусі было 129 касцёлаў і 84 святары. У 1988 г. колькасць касцёлаў зменшылася да 105, а святароў да 62.

Кажучы чыста па-чалавечаму, яшчэ на прыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, выдавалася, што атэістычны рэжым будзе трываць вечна. Так думаў чалавек, але Бог паказаў, што ён Валадар гісторыі, а Божыя думкі не чалавечыя (пар. Іс 55, 8)

Не гледзячы на ганенні, нешматлікія святары дваіліся і траіліся, каб толькі падтрымаць агеньчык веры ў людзях. Вялікая заслуга ў гэтым належыць таксама святарам заслезіянам. Іх дзейнасць у часы ганенняў была святлом у цемры ваяўнічага атэізму і надзеяй на лепшую будучыню. Нездарма кс. Артур Ляшнеўскі SDB назваў іх Ахопленымі надзеяй.

Асаблівая роль у захаванні і пераказу веры належыць старшаму пакаленню. Нашыя бабулі і дзядулі сталі сапраўднымі сведкамі хрысціянства і катэхізатарамі. Яны вучылі праўдам веры, пераказвалі хрысціянскія традыцыі і г.д. 

  1. У складаныя часы нашай гісторыі, асабліва падчас ганенняў на веру, наш народ пакладаў сваю надзею ў Найсвяцейшай Панне Марыі і не абмануўся. 

Калі ў 1917 г. атэістычны рэжым пачаў пагражаць нашым продкам, Марыя ў Фаціме заклікала да малітвы і навяртання, прадказала ганенні на веру, але словамі: “Маё Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і Расія навернецца” дала новую надзею. 

  1. Калі многія апусцілі рукі і думалі, што нічога не зменіцца, то св. Ян Павел ІІ прадаўжаў верыць у фацімскае прароцтва і адпаведна дзейнічаў з мэтай яго ажыццяўлення.

25 сакавіка 1994 г. ва ўрачыстасць Звеставання на пл. св. Пятра ў Рыме ён прысвяціў свет і Расію, як гэтага прасіла Марыя падчас фацімскіх аб’яўлення ў 1917 г., яе Беззаганнаму Сэрцу. 

Грамадска-палітычная сітуацыя ў Савецкім Саюзе хутка пачала зменяцца. Прэзідэнт Савецкага Саюзу Міхал Гарбачоў распачаў палітыку галоснасці і перабудовы, што хутка праявілася ў нікаторым паляпшэнні сітуацыі веруючых у краіне. 

Яе кіраўніцтва пачало актывізаваць кантакты з Апостальскім Пасадам. У 1988 г. пасол СССР у Італіі Мікалай Лунькоў наведаў Ватыкан з мэтай праінфармаваць Папу Яна Паўшла ІІ аб рашэннях ХІХ усесаюзнай канферэнцыі Камуністычнай Партыі Савецкага Саюзу. Ён таксама паведаміў пантыфіка аб тым, што Масква вывучае пераданае раней Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам Агасціна Казаролі Пасланне Папы з прапановамі нармалізацыі сітуацыі католікаў у Савецкім Саюзе.

У 1988 г. Міхал Гарбачоў заявіў, што ў Савецкага Саюза і Ватыкана ёсць магчымасці для ўзаемадзеяння ў вырашэнні агульначалавечых і сусветных задач. 

Усё гэта сведчыць аб тым, што ў Савецкім Саюзе пачало зменяцца стаўленне як да рэлігіі, так і Каталіцкага Касцёла, які, не гледзячы на ганенні, не знік з мапы краіны. Захаваўшаяся падчас ганенняў падземная рака веры была гатовай вырвацца наверх. Умовы для гэтага паступова паспявалі. У паветры лунала атмасфера хуткіх перамен. 

Таму, праведзенае св. Янам Паўлам ІІ, адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Савецкім Саюзе і Беларусі не ўзнікла ў пустыні, але мела пад сабой як гістарычны, так і фактычны грамадска-палітычны падмурак.

  1. Папа Вайтыла з прысучай яму праніклівасцю прачытаў знакі часу і ацаніў грамадска-палітычную сітуацыю таго часу і своечасова прыняў адпаведныя рашэнні.

25 ліпеня 1989 г. Ян Павел ІІ прызначыў Вашага пакорнага слугу біскупам Мінскім і Апостальскмі Адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду ў Беларусі, а 20 кастрычніка ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане кансэкраваў. 

Сімвалічна, што ў той сам дзень Міхаіл Гарбачоў спаткаўся з кіраўніком Ватыканскага Сакратарыяту па адносінам з дзяржавамі арцыбіскупам Анджэло Садана. Гэты факт сведчыць аб тым, што лёд у адносінах паміж Ватыканам і Савецкім Саюзам зрушыўся і распачалася іх новая эра ў адносінах паміж імі. 

  1. У гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі прызначэнне біскупа стала пачаткам адраджэння як яго іерархічных структур, так і пастырскай дзейнасці.

Касцёл у той час знаходзіўся ў жаласным стане, але палаў энтузіязмам адраджэння ў новых грамадска-палітычных абставінах наступіўшай адвільгі. Не было святароў, касцёлаў, семінарыі, рэлігійнай літаратуры, каталіцкіх медый і практыкі дабрачыннай дзейнасці, кансэкраванае жыццё існавала ў падполлі і г.д. Але былі вернікі, а Божае благаслаўленне спрыяла працэсу адраджэння.

Распачаўся канструктыўны дыялог з дзяржаўнымі інстытутамі. У выніку чаго звярталіся раней канфіскаваныя касцёлы і капліцы, быў атрыманы дазвол на служэнне замежных святароў, у 1990 г. у Гродне была заснавана Духоўная семінарыя, распачала сваю дзейнасць дабрачынная арганізацыя Карытас, пачалі адраджацца пілігрымкі да санктуарыяў у Беларусі і замяжой і г.д. 

З пастырскай дапамогай прыбылі святары з-за мяжы, перадусім з Польшчы. Мы ім удзячны за будову новых і аднаўленне старых касцёлаў, а таксама актыўную пастырскую дзейнасць, якая спрыяла адраджэнню веры і хрысціянскіх звычаяў. 

Быў зроблены пераклад “Парадку Імшы” на беларускую мову і выдадзены накладам 50 тысяч адзінак. З мэтай лепшай арганізацыі катэхізацыі дзяцей і моладзі быў падрыхтаваны і выдадзены ціражом у 95 тысяч адзінак “Кароткі катэхізіс”. У Гродне быў заснаваны Катэхетычны інстытут.

  1. 1 снежня 1989 г. у Ватыкане адбылося гістарычнае спатканне Міхаіла Гарбачова з Папам Янам Паўлам ІІ. Яе значэнне яшчэ не даканца асэнсавана. Удумаемся толькі, Папа прыняў Прэзідэнта краіны, якая тры пакаленні вяла жорсткую палітыку ваяўнічага атэізму.

Падчас спаткання Ян Павел ІІ закрануў пытанне свабоды веравызнання і сітуацыі вернікаў лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў у СССР. Абмяркоўвалася таксама і пытанне ўстанаўлення дыпляматычных адносін.

Гэтае гістарычнае спатканне стала прарывам у адносінах Апостальскага Пасаду з Савецкім Саюзам, а таксама прадвеснікам змен у канфесійнай палітыцы СССР, якія хутка наступілі. 

Адным з вельмі важных рэзультатаў пермоў стала ўстанаўленне дыпламатычных адносін. У 1990 г. прадстаўніком Апостальскага Пасаду ў Савецкім Саюзе быў прызначаны дасведчаны дыплямат арцыбіскуп Франчэска Каласуонна, а прадстаўніком СССР у Ватыкане – спадар Юрый Карлаў.

  1. Прыбыццё прадстаўніка Апостальскага Пасаду ўнясло дынамізм у развіццё Касцёла, а таксама ў адносіны з дзяржавай і Праваслаўнай Царквой. Арцыбіскуп Каласунна ездзіў па ўсіх рэспубліках Савецкага Саюзу, цэлебраваў набажэнствы, спатыкаўся са святармі і вернікмі, прадстаўнікамі дзяржавы і іншых веравызнанняў, у першую чаргу з праваслаўнымі. Гэта мела вельмі важнае значэнне, бо ў ім мы бачылі прадстаўніка Папы, аб чым яшчэ некалькі гадоў таму не маглі марыць.

Рэзультаты яго дзейнасці не заставілі доўга чакаць. Хутка з’явіліся новя біскупы ў Літве, Латвіі і Украіне. У паветры віталі падобныя прызначэнні і ў іншых рэспубліках.

  1. У снежні 1990 г. арцыбіскуп Франяэска Каласуонна сказаў мне, што Папа плануе адрадзіць іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Расійскай Федэрацыі і рэспубліках Сярэдняй Азіі. У нашай Бацькаўшчыне планавалася заснаванне новых поўнавартасных структур на ўзроўні мітраполіі і дыяцэзій. У Расіі – двух Апостальскіх адміністратур для католікаў лацінскага браду Еўрапейскай і Азіяцкай частак Расіі з цэнтрамі адпаведна ў Маскве і Навасібірску. У Сярэдняй Азіі – Апостальскай адміністратуры з цэнтрам у Карагандзе.

Перад намі стаяла заданне вызначыць межы будучых касцёльных структур, ад чаго будзе залежаць функцыянаванне Касцёла. 

Пасля доўгіх разважанняў у маленькай плябаніі парафіі Божай Маці Анёльскай у Гродне па вул. Чырвонапартызанскай 1, кв. 2, дзе я тады жыў і дзе размяшчалася Курыя Апостальскай адміністратуры для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, быў апрацаваны праект новых касцёльных структур у Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Сярэдняй Азіі. 

На карце Беларусі былі накрэслены межы новых іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне. А менавіта, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай вабласцей. Гродзенскай – на тэрыторыі аднаімённай вобласці. Пінскай – на тэрыторыі Брэстскай і Гомельскай вобласцей. 

На карце Савецкага Саюза былі нарысованы межы будучых Апостальскіх адміністратур у Расіі і Сярэдняй Азіі. У фацімскі дзень 13 красавіка 1991 г. Ян Павел ІІ зацвердзіў прадстаўлены праект.  

Такім чынам маленькі гродзенскі домік на Чырвонапартызнскай вул. 1 у Гродне стаўся сведкам вялікіх спраў і запісаўся ў гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Расіі і Сярэдняй Азіі.   

  1. Дзякуючы намаганням св. Яна Паўла ІІ былі адроджаны нармальныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Немагчымае чалавеку, стала магчымым Богу.

Пачала адраджацца і Грэка-каталіцкая Царква, якая чакае на ўстанаўленне нармальных іерархічных структур. 

Сёння, па прашэшсці трох дзесяцігоддзяў, дзякуем Богу за дар свабоды веравызнання і адраджэння касцёльных структур, дзякуючы чаму Касцёл атрымаў новыя ўмовы для свайго развіцця, стаў на шлях адраджэння веры і дынамічнага развіцця.

  1. Багатая і адначасова трагічная гісторыя Каталіцкага Касцёла на Беларусі яшчэ раз паказвае, што не гледзячы на розныя складанасці і зменлівасці лёсу, Бог піша проста на закручыстых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кроку над “і”. 

Бог, аднак, не мае ні рук ні ног. Дзейнічае праз людзей, якіх ён выбірае адпаведна з выклікамі часу. У адпаведны час ён выбраў св. Яна Паўла ІІ, як адпаведнага пастыра Сусветнага Касцёла, каб увёў яго ў Трэцяе тысячагоддзе. На гэтым шляху яму прышлося вырашыць шмат праблемаў, у тым ліку і праблему адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў былым Савецкім Саюзе, уключаючы і Беларусь. 

Ян Павел ІІ стаў правідэнцыяльным Папам, які своечасова прачытаў знакі часу і прыняў адважнае і гістарычнае рашэнне. Тое, што для многіх выглядзела ўтопіяў, 30 гадоў таму стала рэальнасыцю.

Верны свайму закліку: “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!”, Папа Вайтыла адчыніў іх на палігоне атэізму ў Беларусі. Дзякуючы яго смеламу, своечасоваму і мудраму рашэнню Каталіцкі Касцёл на Беларусі развіваецца там, дзе атэістычны рэжым хацеў яе умярцвіць. Сёння ён своечасова адказвае на выклікі сучаснасці, цешыцця  аўтарытэтам у грамадстве і адыгрывае значную роль у яго духоўным жыцці.

  1. У працэсе адраджэння Касцёла вялікую роль адыгралі прадстаўнікі Таварыства св. Францішка Сальскага – святары, сёстры і свецкія салезіянскія супрацоўнікі. У 1989 г. на Беларусі служыў толькі адзін салезіянін кс. Юзаф Занеўскі SDB. Тым не менш, ён стаў правідэнцыяльным у працэсе адраджэння Касцёла як у нашай Бацькаўшчыне, так і ў Расіі. 

    Яго заслугі нельга перацаніць. Хутка пасля майго прызначэння біскупам на Беларусі ён мне сказаў, што салезіяне могуць аб’яць пастырскай апекай некалькі парафій, нават каля дзесяці. У тагачасных умовах, пры катастрафічным недахопе святароў, гэта быў падарунак з неба. 

    Кс. Юзаф Занеўскі і яго субраты з замежжа пачалі актыўную працу па вяртанню касцёлаў, іх рэстаўрацыі і арганізацыі пастырскай дзейнасці, асабліва сярод моладзі. 

Дзякуючы ім, мы ўбачылі новы стыль пастырства. Мотта заснавальніка салезіянаў св. Яна Боска: “Дай мне душы, а ўсё іншае забяры” стала ўказальнікам на шляху пошуку духоўных каштоўнасцяў. Гэта было вельмі важна для выхаваных на прынцыпах практычнага матэрыялізму людзей, калі прапагаваўся лозунг: “Рэлігія – опіум для народа”. Людзям, якія шукалі маральных каштоўнасцяў, духоўныя сыны і дочкі св. Яна Боска дапамаглі ў вырашэнні гэтай фундаментальнай праблемы. 

Салезіяне самі ахвярна служылі і вучылі нас новым метадам пастырскай працы. Асабліва гэта праяўлялася ў пастырстве моладзі і катэхізацыі, арганізацыі моладзевых спатканняў і дабрачыннасці, і т.п. 

Дзякуючы ім з’явіліся новыя, невядомыя нам дагэтуль, формы працы з моладдзю. Менавіта, араторыі як месцы фармацыі моладзі, якая з’яўляецца будучыняй Касцёла і грамадства. Там маладыя людзі пазнаюць не толькі праўды веры, але таксама вучацца новага стылю сяброўства і жыцця. Салезіяне таксама сталі на пярэдняй лініі фронту адраджэння пілігрымкавага пастырства.

Не лёгка пералічыць месцы, дзе дзякуючы ім Касцёл як фенікс адрадзіўся з попелу. Дастакова ўспомніць толькі нікаторыя прыклады. 

У Лідзе і Ашмянах сёння працуюць дыяцэзіяльныя святары, але пачатак адраджэння парафіяльных супольнасцяў там паклалі салезіяне. 

Смаргонская парафія св. арханёла Міхала з’яўляецца прыкладам арганізацыі агульнага і моладзевага пастырства з вялікай колькасцю пакліканняў. 

Паспяхова дзейнічаюць парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве і свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах. 

У Мінску ў Серабранцы расце так патрэбны для гэтага мікрараёна велічны касцёл св. Яна Хрысыціцеля. Моладзевы цэнтр гэтай парафіі моцна запатрабаваны і папулярны. У ім адбываюцца розныя рэлігійныя, культурныя і спартовыя мерапрыемствы.

У Бараўлянах пад Мінскам яшчэ адзін падобны цэнтр, куды ахвотна прыходзіць моладзь і дзеці гэтага буйнога раёна медыкаў. 

У Раўбічах існуе не толькі добра вядомы Рэспубліканскі Цэнтр Алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту, але і парафія св. Мацвея, якой  апекуюцца салезіяне.

У салезіянскіх Моладзевых цэнтрах і араторыях у харызме св. Яна Боска і паводле ўведзенага ім Прэвентыўнага спосабу выхавання адбываецца духоўная і чалавечая фармацыя маладых людзей. Гэта вельмі важна ў наш час паступаючага суекулярызму і маральнага рэлятывізму, які, па словах Кардынала Юзафа Ратцынгера – будучага Папы Бэнэдыкта XVI, з’яўляецца смяротнай труцізнай. 

Трэба таксама адзначыць, што салезіянская моладзь прымае актыўны ўдзел у розных дыяцэзіяльных і міждыяцэзіяльных мерапрыемствах.

Парафіі, якімі апекуюцца святары салезіяне і сёстры салезіянкі, адзначаюцца пакліканнямі як да дыяцэзіяльнага, так манаскага духавенства, што вельмі важна для гарманічнага развіцця Касцёла.

Гэтыя і іншыя шматлікія прыклады сведчаць аб тым, што духоўныя сыны і дочкі св. Яна Боска ўносяць вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне нашай нацыі. Касцёл і грамадства з вялікай пашанай ставіцца да пастырска-выхаваўчай дзейнасці салезіянаў. Дзякуючы іх ахвярнаму служэнню ўсё ярчэй ззяе, зацемнены спадчынай ваяўнічага атэізму і жыццём сучаснага чалавека без Бога, духоўны небасхіл над нашай Бацькаўшчынай. Служэнне салязіянаў нясе новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

  1. У XVII стагоддзі Радзівілы заснавалі ў Смаргоні славутую мядзведжую акадэмію, у якой трэніравалі мядзведзяў для выступлення ў цырку. Гэта быў, кажучы сучаснай мовай, славуты смаргонскі брэнд

Сёння г. Смаргонь вядомы з дзейнасці салезіянаў. У іх, калі так можна выказацца, духоўнай акадэміі, на духоўных прынцыпах фармуецца моладзь, якая здольна захаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, бараніць веру і яе сведчыць у сучасным цырку сэкулярызму і бязвер’я. Тое ж самае можна сказаць і пра іншыя салезянскія моладзевыя цэнтры, якія смела можна наваць духоўнымі акадэміямі фармацыі сучаснай моладзі.

  1. Таварыства св. Францішка Сальскага святкуе Юбілей 100-годдзя сваёй дзейнасці на Беларусі. Яго гісторыя ў нашай Бацькаўшчыне багатая і адначасова трагічная. Не гледзечы на ганенні, якія яно, разам з ганеннямі на ўвесь беларускі Касцёл, перажыло, тым не менш вытрывала і адрадзіліся разам з ім.

Мінулыя 30 гадоў сталі часам адраджэння Касцёла як у духоўным, так і структурным сэнсе. Колькасць парафій і адпаведна святароў павялічылася прыкладана да каля 500. У гэтым працэсе  вялікую роль адыгралі салезіяне. 

Упэўнены, што і надалей яны будуць дапамагаць Беларускаму Касцёлу дынамічна развівацца, выхоўваць добрага хрыцсіяніна, які будзе добрым грамадзянінам. 

Таксама спадзяюся, што прыйдзе час, калі салезіяне ў Беларусі змогуць засноўваць школы для атрымання адмысловай спецыяльнасці з мэтаю падрыхтоўкі маладых людзей да самастойнага жыцця і запатрабаванасці ў грамадстве.

Сёння мы ўсе разам дзякуем Богу за дар адраджэння і Касцёла і салезіянскай супольнасці. 

  1. Аднак нельга задавальняцца дасягнутым. Як увесь Касцёл, так і салезіянская супольнасць павінны развівацца далей. Лацінскае выслоў’е кажа: “Qui non progredit, regredit” – “Хто не развіваецца, той дэградуе”. А амерыканскае выслоў’е сцвярджае, што калі хочаш заставацца на сваім месцы, то трэба бегчы, а калі хочаш падымацца наверх, то трэба бегчы хутка.

Таму трэба дасканаліцца як у духоўным развіцці, так і душпастырстве. Бо толькі тады можна адплысці на глыбіню, як да гэтага заклікае Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце “Novo millennio ineunte” “Уступаючы ў новае тысячагоддзе”, каб улоў быў багаты (пар. Лк 5, 4-6). Для гэтага неабходна інвеставаць у людзей, асабліва маладых, як будучыні Касцёла.

Неабходна таксама ўслухацца ў словы Святога Айца Францішка з яго гаміліі падчас св. Імшы 23 верасня 2021 г. з нагоды 50-годдзя заснавання Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Менавіта, па прыкладу святых прымаць Божую ласку і зменяцца; не турбавацца змрочнымі часамі, нягодамі і падзеламі; не губляць часу на крытыку і абвінавачванне, але жыць паводле Евангелля, незалежна ад актуальнасці і палітыкі. 

Божая Маці – успамога хрысціянаў і св. Ян Боска, выпрошвайце ў Езуса Хрыста ласку далейшага развіцця беларускага Касцёла і салезіянскай супольнсці, якія распачынаюць пісаць новыя старонкі сваёй гісторыі. Няхай, умацаваны дзейнасцю Таварыства св. Францішак Сальскага, наш Касцёл будзе сапаўдным сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 1.9.48; SC 5.26)! Няхай стане голасам сумлення нацыі і мужна абвяшчае праўду Евангелля, якая чыніць нас свабоднымі (пар. Ин 8, 32)! Няхай адказвае на выклікі часу, бароніць веру і маральныя прынцыпы, а таксама годнасць створанага па вобразу і падабенству Божаму чалавека (пар. Быц 1, 27)!

Дзякую за ўвагу. 

 

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

 

  1. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG).
  2. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію “Sacrosanctum Concilium” (SC).
  3. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст Novo millennio ineunte.
  4. J. Glemp, Tysiąclecie wiary świętego Włodzimierza, Poznań 1991.
  5. ср. Карлов Ю.Е., Миссия в Ватикан, М.: Международные отношения, 2004.
  6. Ярмусик Э.С., Католический Костёл в Беларуси в 1945 – 1990 годах. Гродно 2006.
  7. Ks. Józef Dębiński. Kościół Katolicki na Białorusi na przełomie XX i XXI wieku, у Folia historica Cracoviensia. Vol 14 (2008), S. 23-37.
  8. Станислав Козлов-Струтинский, Павел Парфентьев, История Католической Церкви в России, Белый камень. Царское Село, 2014.
  9. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, Ахопленыя надзеяй. Душпастырска-выхаваўчае служэнне салезіянаў у Беларусі ў 1921-1991 гадах. Мінск “Про Хрысто” 2021.
  10. https://be.wikipedia.org/wiki/Вялікае_Княства_Літоўскае.
  11. http://ru.wikipedia.org/wiki/Сморгонская_медвежья_академия.
  12. https://www.fronda.pl/a/kardynal-jozef-ratzinger-relatywizm-to-smiertelna-trucizna-1,156668.html.
  13. https://www.vatican.va/content/francesco/it/homilies/2021/documents/20210923-omelia-ccee.html.
Падзяліцца: