На вокладцы штомесячніка Il Bollettino Salesiano за гэты месяц змешчана прыгожая статуя бласлаўляючага Езуса, што ўзвышаецца на званіцы базылікі Найсвяцейшага Сэрца ў Рыме. Гэта вельмі прыгожы касцёл, які каштаваў дону Боско шмат “крыві і слёзаў”, калі ён, ужо выматаны ад намаганняў, аддаваў свае апошнія сілы і гады будаўніцтву гэтага храма, аб якім яго папрасіў Папа Рымскі.
Гэта месца дарагое для ўсіх салезіянаў і па шматлікіх іншых прычынах.
Напрыклад, залатая статуя на званіцы з’яўляецца праявай удзячнасці. Яе падарылі былыя выхаванцы з Аргентыны ў якасьці падзякі салезіянам за тое, што яны прыйшлі ў іх краіну.
Таксама таму, што ў адным з лістоў 1883 году дон Боско напісаў памятны сказ: “Памятайце, што выхаванне - гэта справа сэрца і толькі Бог з’яўляецца яго валадаром. Мы не будзем здольныя нічога дасягнуць, калі Бог не навучыць нас гэтаму мастацтву і не дасць нам ключы ад сэрцаў”. Ліст скончваецца словамі “Маліцеся за мяне і заўсёды мне верце ў Найсвяцешым сэрцы Езуса”.
Такім чынам, пабожнае ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса з’яўляецца часткай салезіянскай ДНК.
Свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса хоча нас заахвоціць мець уразлівае сэрца. Толькі сэрца, якое можа быць паранена, здольна любіць. Таму ў гэта свята давайце ўзірацца ў адчыненае Сэрца Езуса, каб і свае сэрцы адчыніць любові. Сэрца з’яўляецца сімвалам любові, атрыманым у спадчыну ад продкаў, і многія мастакі намалявалі рану ў Сэрцы Езуса залатой фарбай. З адчыненага сэрца да нас выпраменьваецца залатое ззянне любові і пазалота, якая, апроч іншага, паказвае нам, што нашыя намаганні і нашыя раны могуць быць ператвораны ў штосьці каштоўнае.
Кожны храм і кожнае пабожнае ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса прамаўляюць аб любові гэтага Боскага Сэрца, сэрца Божага Сына да ўсяго чалавецтва, да кожнага з яго сыноў і дачок. Таксама яно прамаўляе аб болю, аб любові Бога да нас, якая не заўсёды бывае ўзаемная. А сёння я дадам яшчэ адзін аспект. Я маю на ўвазе, што яно таксама прамаўляе аб болю нашага Пана Езуса, які бачыць пакуты многіх людзей, бачыць адкінутых, людзей, што эмігруюць без аніякай перспектывы, людзей, што сутыкнуліся з адзінотай і гвалтам.
Думаю, можам сказаць, што прамаўляе аб усім гэтым і, безумоўна, благаслаўляе ўсё, што здзяйсняецца дзеля дабра гэтых людзей, то бок чыніцца тое самае, што рабіў Езус, калі крочыў дарогамі Юдэі і Галілеі.
Таму, гэта добры знак, што дом Найсвяцейшага Сэрца і цяпер з’яўляецца цэнтральнай рэзідэнцыяй нашай Кангрэгацыі.
Шмат срэбранных сэрцайкаў
Адной з такіх радасных падзей, якія, без сумніваў, цешаць Сэрца самога Бога, з’яўляецца тое, што я мог ўласна назіраць у салезіянскім фонду дона Боко (Fondacione salesiana Don Bosko) на астравах Тэнэрыфэ і Гран-Канарыя. Я быў там на мінулым тыдні і сярод многіх падзей, што там перажыў, я мог бачыць 140 выхавацеляў, якія працуюць у розных праектах гэтага фонду: прыманне, размяшчэнне, адмысловая адукацыя і наступнае працаўладкаванне. Потым я сустрэў сотню падлеткаў і маладых людзей, якія карыстаюцца гэтымі праектамі. Напрыканцы нашай каштоўнай сустрэчы яны далі мне падарунак. Я быў крануты, бо калісьці ў 1849 годзе два хлопчыкі, Карло Гасціні і Фэлічэ Рэвільё, з такім самым намерам, у вялікай сакрэтнасці, эканомячы на ежы і ашчадна захоўваючы свае маленькія чаявыя, змаглі набыць падарунак да імянін дона Боско. У начы, на свята святога Яна, яны пастукалі ў дзверы пакоя дона Боско. Уявіце сабе яго здзіўленне і хваляванне, калі яны, вельмі саромеючыся, працягнулі яму два маленькіх срэбраных сэрцайкі, на якіх былі вымалеваны некалькі словаў.
Сэрца хлопцаў застаецца аднолькавым і сёння. На Канарскіх астравах у невялікаю кардонавую скрынку ў выглядзе сэрца яны ўклалі болей як 100 сэрцаў з імёнамі Наін, Расіа, Армічэ, Мустафа, Ксусэф, Айноха, Дэзірэ, Абджаліль, Беатрыс і Ібрагім, Йоне і Махамэд і сотнямі іншых, якія проста выказвалі штосьці, што выходзіла з іхнага сэрца, шчырыя рэчы вялікай каштоўнасці, як напрыклад:
- Дзякуй, што вы зрабілі гэта магчымым.
- Дзякуй за другі шанс, што ты даў мне ў жыцці.
- Я працягваю змагацца. З табой гэта лягчэй.
- Дзякуй, што ты вярнуў мне радасць.
- Дзякуй, ты дапамог мне паверыць, што змагу ўсё, што задумаю.
- Дзякуй за ежу і дом.
- Дзякуй ад усяго сэрца.
- Дзякуй, што вы мне дапамаглі.
- Дзякуй за гэту магчымасць расці.
- Дзякуй, што паверылі ў нас, маладых, насуперак нашай сітуацыі…
І сотні падобных выказванняў, адрасаваных дону Боско і выхавацелям, якія ад імя дона Боско кожны дзень з імі.
Я слухаў тое, чым са мной дзяліліся, пачуў некаторыя іх гісторыі, многія з іх поўныя болю. Я бачыў іх позіркі і ўсмешкі; і я адчуваў вялікую гордасць за тое, што я салезіянін і належу да сям’і гэтых цудоўных братоў, выхавацеляў і маладых людзей. Я зноўку задумаўся аб тым, што дон Боско і сёння з’яўляецца актуальным як ніколі раней. Я падумаў аб той педагагічнай вынаходлівасці, з якой мы суправаджаем столькіх маладых людзей, з вялікай пашанай і чуласцю да іх мараў.
Разам мы ўзняслі малітву да Бога, які нас усіх любіць, да Бога, які бласлаўляе сваіх сыноў і дачок. Малітву, дзякуючы якой і хрысціяне, і мусульмане, і індусы адчулі сябе адной вялікай шчаслівай сям’ёй. У тыя хвіліны нас, без сумніваў, ахапіў Божы Дух.
Я быў шчаслівы, бо гэтак жа як дон Боско прымаў сваіх першых хлопцаў на Вальдокко, таксама сёння па ўсім свеце яго паслядоўнікі на шматлікіх Вальдокко робяць тое самае.
Калі кажам аб Божай любові, для многіх гэта вызначэнне гучыць вельмі абстрактна. У Найсвяцейшым Сэрцы Езуса Божая любоў да нас стала канкрэтнай, бачнай і адчувальнай. Бог дзеля нас узяў чалавечае сэрца і ў сэрцы Езуса адкрыў нам сваё сэрца. Такім чынам, мы можам праз Езуса прывясці нашых адрасатаў да сэрца Бога.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, чэрвень 2023)