ПАСЛАННЕ ГЕНЕРАЛЬНАГА НАСТАЯЦЕЛЯ
дона Фабіо Аттарда
Боская безразважнасць сейбіта, які “сее ў цемры”
Прыпавесць аб сейбіце, аб якой распавядаюць сінаптычныя Евангеллі, з’яляецца моцным і асноўным вобразам хрысціянскай місіі. На першы погляд, яна можа здацца простым выяўленнем рознага ўспрымання Божага слова. Пры глыбейшым поглядзе, аднак, адкрывае галоўную праўду, асабліва, калі выкарыстоўваць яе для выхаваўчых і пастырскіх працэсаў.
Гэтая праўда знаходзіцца ў самім учынку сейбіта, учынку, які мы маглі б вызначыць як “сеяць у цемры” – гэта праява бязмежнай шчодрасці, здавалася б, неэфектыўнай, якая супярэчыць чалавечай логіцы выніку і кантролю.
Сутнасць гэтага разважання знаходзіцца не столькі ў чатырох тыпах глебы, колькі ў асобе сейбіта і яго дзеянні. Ён выходзіць і сее зерне шырокім, амаль лёгкадумным спосабам. Не вывучаючы наперад поле, не выбіраючы сабе найбольш перпектыўныя яго часткі, не пазбягаючы клапатліва камення і церняў. Ён сее ўсюды. Гэта не метад сучаснага фермера, мэтай якога з’яўляецца атрымаць найбольшы ўраджай аптымальнымі сродкамі. Гэта хутчэй уцелаўленне Боскай логікі, логікі багацця і безумоўнага размеркавання.
Калі мы гэта перанясём да выхаваўчай і пастырскай галіны, то яно аголіць адну з нашых найвялікшых спакус: спакусу эфектыўнасці, вымярэння і імгненных вынікаў. Выхавацеляў, катэхэтаў, святароў і бацькоў часта абцяжарвае “сіндром разважлівага фермера”. Мы схільныя да таго, каб аддаваць час і энэргію там, дзе маем пачуццё абяцанай аддачы: выдатнаму студэнту, пабожнаму парафіяніну, найбольш актыўнай частцы моладзі. Мы бессвядома рызыкуем, што забудзем аб “дарозе” зацвярдзелых сэрцаў, аб “камяністай глебе” кароткачасовага натхнення, альбо аб “церні” складаных і жахлівых жыццяў. Прыпавесць нам аднак кажа, што зерне Слова, клопату, ведаў і сведчання павінна быць рассеяна ўсюды без разлікаў і прадузятасці. “Сеяць у цемры” азначае перш-наперш, дзейнічаць бескарысліва, прычым нас павінна матываваць не відавочнасць поспеху, а непахісная вера ў каштоўнасць самога зерня. Гэта любоў, якая не выбірае, а прапануе сябе ўсім, бо з’яўляецца не інвестыцыяй, а адкупляючым дарам.
Па-другое, “сяўба ў цемры” адкрывае глыбокую праўду аб сціпласці нашай задачы. Цемра – гэта не толькі легкадумства сейбіта да якасці глебы, але і непранікальная таямніца, якой з’яўляецца чалавечае сэрдца. Выхавацелі і пастыры не могуць бачыць душу іншага. Цалкам не могуць зразумець былыя раны, схаваныя трывогі і несвядомы супраціў, якія робяць сэрдца цвёрдым, як дарога, альбо павярхоўным, як верхні слой глебы. Яны не могуць прадказаць, якія мірскія клопаты, альбо якое новае захапленне задушаць добрыя намеры.
Дзейнічаць у гэтай “цемры” азначае прызнаць, што мы не маем кантролю над працэсам росту. Наша задача пасеяць, а не стымуляваць прарастанне. Рост з’яўляецца часткай таямнічай дынамікі, якая ўключае ў сабе свабоду чалавека (глеба), унутраную сілу зерня (слова, любоў) і дзеянне Божай ласкі (сонца і дождж, якія не залежаць ад сейбіта). Асэнсаванне гэтага вызваляе нас ад двух супярэчлівых, але аднолькава шкодных цяжараў: ганарыстасці тых, што лічаць сябе будаўнікамі поспеху іншых і ад расчаравання тых, што лічаць сябе адказнымі за іхнюю няўдачу. Выхавацель, які сее ў цемры, ведае, што яго праца важная, але не ўсемагутная. Ён прапануе, кліча, суправаджае, але напрыканцы з павагай саступае перад святой прасторай свабоды іншага, дзе ўзнікае сапраўдная сустрэча паміж зернем і глебай.
Наканец, “сяўба ў цемры” – гэта праява радыкальнай надзеі. Чаму сейбіт працягвае так шчодра сеяць зерне, хоць і ведае, што большая частка з яго страціцца? Бо ўкладае свой давер не ў эфектыўнасць свайго дзеяння, а ў невычарпальную жыццёвую сілу зерня. Ведае, што насуперак дарогам, камяням і церням зерне ў сабе трымае жыццядайную сілу, здольную прынесці плён “у трыццаць, шэсцьдзясят, сто разоў” усюды, дзе знойдзе хоць маленькі кавалачак добрай глебы.
Гэта ключавое навучэнне супраць цынізму і стомленасці, якія могуць паўплываць на тых, што працуюць у галіне выхавання і пастырскай апекі. Тварам у твар да апатыі, абыякавасці альбо варожасці ўзнікае спакушэнне перастаць сеяць, зрабіўшы выснову, што “яно таго не варта”. Насуперак гэтаму прыпавесць заклікае нас, каб мы засяродзіліся на якасці зерня. Нашай задачай з’яўляецца не неадступны клопат аб ураджаі, але дасягненне таго, каб мы сеялі добрае зерне: праўдзівае слова, сапраўднае сведчанне, церпялівую любоў і моцную культуру.
Надзея сейбіта не ў невыяўным аптымізме, але ўпэўненасць у тым, што Надзея, Прыгажосць і Дабрыня, калі даваць іх шчодра, маюць уласную сілу, якая раней ці пазней знойдзе спосаб як прарасці – і гэты спосаб мы не можам прадбачыць і кантраляваць.
Прыпавесць аб сейбіце вызваляе нас ад тыраніі хуткасных вынікаў і знаёміць нас з духоўнасцю, дзеянне якой заснавана на самаадданасці, пакоры і надзеі. “Сеяць у цемры” – гэта не сляпое і прастадушнае дзеянне, а той найрэалістычнейшы і найбольш плённы ўчынак, які толькі магчымы, бо ён закладзены на рэальнасці Бога, які дае без меры і на таямніцы чалавечай свабоды. Для выхавацеляў і святароў гэта азначае любіць, не чакаючы ўзнагароды, вучыць без таго, каб ганарыцца тым, што ствараем, сведчыць з верай і без трывожнага жадання ўбачыць плён. Магчыма, першым і самым важным плёнам такога шчодрага сеяння будзе не тое, што расце ў полі, але перамена сэрца самога сейбіта, які вучыцца дзейнічаць і любіць з такім самым боскім “шаленствам” – шчодрым і поўным надзеі.
(Паводле , Il Bollettino Salesiano, кастрычнік 2025)