Распачалі святкаванне св. Імшой, дзе і дарослыя, і дзеці дзякавалі Богу за магчымасць быць разам, за наш хрост і за Валадарства Божае “сярод нас”, якое рэалізуецца тады, калі мы жывем паводле запаведзяў, якія з’яўляюцца “заканадаўствам” гэтага Валадарства.
Пасля св. Імшы гурт аніматараў прыгожым спевам “Аллелюя” распачаў канцэртную праграму. Святая Цэцылія – мучаніца ІІІ ст., апякунка харыстаў, музыкаў, арганістаў і вакальна-музычных гуртоў, таму падчас канцэрта таксама было шмат нумароў ад таленавітых музыкаў, спевакоў і хораў. Такое свята – гэта добрая магчымасць правесці час з Богам, падзяліцца з сябрамі i знаёмымі нашай верай — жывой i сапраўднай. Праз спеў гэта вельмі цудоўна атрымліваецца.
Дзякуем гуртам “ANIMA” і “Нябесныя ноткі” за радасныя і прыгожыя спевы, парафіяльнаму хору за цудоўнае музычнае разважанне і самым маленькім за іх спеў і радасць жыцця. Богу падабаюцца такія людзі – з чыстым сэрцам, якія разам смяюцца, танцуюць, весяляцца ў гармоніі і міры. Наш Бог ёсць Богам радасці, таму што Яго сэрца перапаўняе любоў, а плод любові — гэта заўсёды сапраўдная радасць.
Спевам “Богу заспявайма ўсе” паставілі фінальную кропку. На заканчэнне ўсе удзельнікі атрымалі памятныя падарункі і салодкія пачастункі. Ксёндз Аляксандар Мятліцкі SDB, пробашч парафіі, заахвоціў усіх не баяцца дзяліцца сваімі талентамі, бо гэта сапраўдны скарб і багацце для усіх.