З вялікім поспехам прайшла ў мінулым годзе «Бітва мікраранаў» у смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско. Мерапрыемства аб’яднала больш за сотню маладых людзей з усяго горада, дарэчы, не толькі католікаў. Таму навіна пра другую «Бітву мікрараёнаў» была вельмі чаканай. І першы тур прайшоў у араторыі 14 студзеня.
Традыцыйна, як і любая іншая акцыя араторыя, мерапрыемства распачалося святой Імшой. На яе ўдзельнікі-католікі запрасілі сваіх сяброў іншага веравызнання, каб нягледзячы на спаборніцкі дух акцыі, не забыць, што галоўная мэта бітвы — аб’яднаць моладзь горада і паказаць альтэрнатыву традыцыйнаму моладзеваму адпачынку.
Як і ў мінулым годзе, у «Бітве мікрараенаў» удзельнічаюць тры каманды з розных мікрараёнаў горада: «VK» (мікрараён Усходні), «BlackBand» (мікрараёны Карані, Вілейскі і Заходні), «Непохожіе» (Цэнтральны мікрараён). Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе змяніліся не толькі назвы каманд, але і іх састаў: многія мінулагоднія гледачы вырашылі далучыцца да каманд на сцэне.
Падчас першага тура камандам неабходна было падрыхтаваць прадстаўленне сваёй каманды праз фота- або відэапрэзентацыю, песню і нумар у стылі КВЗ.
У мінулым годзе члены журы адзначылі, што ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў быў настолькі высокі, што сёлета будзе вельмі цяжка пераўзысці гэтую планку. Але каманды справіліся на ўсе сто. Таму суддзям, якімі былі святары, сёстры, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі мясцовых СМІ, дырэктар раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, было не так проста вызначыць лепшых. Але па выніках адзнак журы лепшай у першым туры стала каманда «Непохожіе». Усяго на тры балы адстала каманда «BlackBand», а на трэцім месцы моладзь з каманды «VK».
Вечар скончыўся «слоўкам на спакойную ноч» і благаслаўленнем ксяндза-пробашча Алега Жураўскага SDB.
І хоць першы тур толькі скончыўся, але камандам няма калі адпачываць. Ужо трэба рыхтавацца да наступнага, інтэлектуальнага тура, які адбудзецца 18 лютага. На гэты этап арганізатары ІІ «Бітвы мікрараенаў» запрашаюць усіх зацікаўленых з любога кутка Беларусі.