На пачатку святой Імшы біскупа і ўсіх прысутных прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі і душпастыр раўбіцкай парафіі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
Эўхарыстыя мела ўрачысты характар у межах абвешчанага Папам Францішкам года святога Юзафа.
У казанні біскуп Аляксандр нагадаў, што культ святога Юзафа пачаў распаўсюджвацца галоўным чынам дзякуючы святой Тэрэзе Авільскай і святому Францішку Сальскаму. Папа Пій Ⅸ абвясціў святога Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла. З такой просьбай да яго звярнуліся айцы Першага Ватыканскага Сабору.
Як адзначыў іерарх, усё жыццё святога Юзафа заключалася ў сузіранні і дзеянні: “Сузіранне — гэта ступень малітвы, якая характарызуецца невымоўнай сувяззю Бога з душой і робіць яе, душу, любячай”.
Пасля святой Імшы адбылося асвячэнне абраза святога Юзафа, які вернікам раўбіцкай парафіі падаравалі парафіяне парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў з Бараўлянаў.