8 кастрычніка вернікі смаргонскай парафіі сабраліся на святую Імшу а 14-ай гадзіне з нагоды бласлаўлення новага абраза святога Міхала Арханёла, што змешчаны ў галоўным алтары касцёла, асвячэння новых стацый Крыжовага шляху і парафіяльнай кавярні.
У гэты дзень у Смаргонь прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, салезіянскія святары, а таксама духавенства з Гродна і Смаргонскага дэканата. Усіх сабраных на ўрачыстасць людзей і гасцей прывітаў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB.
Гродзенскі ардынарый, злучаючыся з прысутнымі ў супольным праслаўленні Бога, узначаліў святую Імшу.
Перад тым, як асвяціць абаз і стацыі, іерарх звярнуўся да парафіян, заклікаючы іх адкрыць свае сэрцы для таго, каб зразумець значэнне гэтага вельмі важнага і святога абраду. Біскуп сказаў: “Аддаючы публічную пашану абразам святых, Касцёл хоча, каб гледзячы на выявы тых, хто дасканала наследаваў Хрыста, мы стараліся пазнаць самую надзейную дарогу, што вядзе да злучэння з Хрыстом. Святыя – сябры і сунаследнікі Езуса, а таксама нашыя браты, якія любяць нас, дапамагаюць і клапоцяцца пра нас”.
Потым біскупам былі прачытаны словы малітвы, пасля чаго ён блаславіў і асвяціў абраз святога Міхала Арханёла і акрапіў стацыі Мукі Пана.
У часе гэтай святой Імшы гамілію прамовіў ксёндз Здзіслаў Вэдэр SDB. Святар, узгадваючы гісторыю смаргонскага касцёла, казаў, што з ім адбывалася шмат розных падзей, часам не заўсёды добрых. “Але касцёл вытрымаў , ён цяпер служыць месцам, дзе прабывае Хрыстос у святых дарах, дзе вернікі сустракаюцца з Ім і паміж сабой”, - адзначыў ксёндз.
Ён казаў таксама пра вінаграднік, якім з’яўляецца сям’я: “Ад сям’і залежыць шмат. У сям’і першы раз дзеці чуюць пра Бога, робяць першы знак крыжа. І самае галоўнае, каб Бог быў абсалютным прыярытэтам у нашым жыцці, быў на першым месцы. Неабходна, каб дзеці бачылі прыклад веры… Тады вінаграднік будзе ў добрым стане”.
Другім вінаграднікам ксёндз Здзіслаў назваў парафію. Святар адзначыў, што вернікам трэба клапаціцца не толькі пра сваё збаўленне: “ Мы павінны дапамагаць кожнаму знайсці шлях да Езуса сваім уласным прыкладам”.
Напрыканцы казання святар заахвоціў маліцца да святога Міхала Арханёла і прасіць яго аб абароне ад злога.
Калі заканчвалася святая Імша, пробашч кс. Алег падзякаваў біскупу Аляксандру і ўсім прысутным за супольную малітву. Са словамі ўдзячнасці да іерарха звярнуліся парафіяне, а сам ардынарый выказаў надзею, што ў хуткім часе зноў прыбудзе ў Смаргонь, каб кансэкраваць новы алтар.
Са святыні працэсія накіравалася ў араторый, дзе адбылося асвячэнне адноўленай парафіяльнай кавярні. На ўваходзе ў яе біскуп спачатку перарэзаў чырвоную стужку, а потым асвяціў само памяшканне. Ужо ў асвечанай кавярні для дзяцей адбыўся салодкі стол.