Галоўная Дзейнасць Навіны Сакрамэнт Бежмавання ў Смаргоні

Сакрамэнт Бежмавання ў Смаргоні

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, які дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы веру і баронячы яе. У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падкрэсліў, што ў сучасным свеце вельмі важна быць рыцарам Езуса, які без страху вызнае сябе веруючым, які гатовы аддаць за Яго жыццё. Таксама біскуп падрабязна растлумачыў гісторыю станаўлення сакрамэнту.

Параўноваючы сакрамэнты канфірмацыі і хросту, ён адзначыў, што святы Касцёл у сваёй мудрасці раздзяліў іх для таго, каб вернікі маглі стала і самастойна прасіць аб удзяленні сакрамэнта канфірмацыі. Ён растлумачыў, што ў гэтым сакрамэнце Езус Хрыстус намашчвае вернікаў Духам Святым, Духам праўды і любові, Духам мужнасці, Духам адказнасці за Касцёл і за прысутнасць Хрыста ў свеце.

Біскуп Аляксандр заклікаў прысутных быць адважнымі сведкамі сваёй веры, несці яе з радасцю і адказна перадаваць іншым. Таксама зазначыў, што прымаючы дар Святога Духа, кожны чалавек атрымлівае таксама канкрэтнае заданне і абавязак служыць і абараняць Касцёл.

Напрыканцы Святой Імшы вернікі выказалі словы падзякі біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB за ўдзелены сакрамэнт, супольна перажытую Эўхарыстыю, малітву і словы, якія ён скіраваў да вернікаў. Таксама са шчырымі сэрцамі парафіяне склалі словы ўдзячнасці ксяндзу-пробашчу Алегу Жураўскаму SDB, кс. Аляксандру Пятровічу і с. Ірыны Барцэвіч FMA, якія ахвярна рыхтавалі іх да сакрамэнту канфірмацыі, духоўна суправаджалі і падтрымлівалі.

Фота – Эліна Урбанайць

Падзяліцца: