Галоўная Дзейнасць Навіны Багародзіца на вуліцах горада: у Смаргоні адзначылі ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў

Багародзіца на вуліцах горада: у Смаргоні адзначылі ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў

Ва ўрачыстай святой Імшы прынялі ўдзел ксяндзы салезіяне на чале з дэлегатам салезіянаў на Беларусі кс. Паўлам Шчарбіцкім, ксяндзы смаргонскай парафіі на чале з дырэктарам cалезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксяндзом Казімірам Муравай SDB і пробашчам кс. Артурам Ляшнеўскім SDB. На ўрачыстае святкаванне прыбылі таксама кс. Алег Жураўскі, кс. дэкан Антоній Казлоўскі і кс. Вадзім Сурвіла. Таксама госцяй падчас святкавання была сястра салезіянка Ірына Барцэвіч FMA, якая шмат гадоў працавала ў смаргонскай парафіі.

Перад пачаткам Эўхарыстыі шаноўных гасцей і ўсіх сабраных прывітаў ксёндз Казімір Мурава SDB. Ён падкрэсліў вялікую важнасць таго, што так шмат людзей сабралося на такім прыгожым свяце і заклікаў да яшчэ большай пабожнасці да Марыі Успамогі.

Падчас святой Імшы члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА) склалі свае абяцанні. А таксама адбыўся акт ахвяравання салезіянскай сям’і Марыі Успамогі Хрысціянаў.

На працягу дзевяці дзён вернікі парафіі маліліся навэннай да Марыі Успамогі Хрысціянаў. Час навэнны быў асаблівым часам для членаў АДМА. 24 мая Асацыяцыя адзначыла сваё 5-годдзе існавання ў Смаргоні.

Асацыяцыя Марыі Успамогі была заснавана святым Янам Боско “для пашырэння ўшанавання Найсвяцейшага Сакрамэнту і набожнасці да Марыі Успамогі Хрысціянаў”. Ксёндз Боско пажадаў заснаваць Асацыяцыю Марыі Успамогі Хрысціянаў, як знак удзячнаці Марыі за Яе матчыну прысутнасць у яго жыцці і ў яго дзейнасці і як форму хрысціянскага жыцця, заснаваную на пазнаванні, любові і наследванні Панны Марыі. Асацыяцыя Марыі Успамогі кананічна ўзведзена ў Санктуарыі Марыі Успамогі ў Турыне 18 красавіка 1869 году. Зацверджана 5 красавіка 1870 году благаслаўлённым Піем IХ, як братэрства, якое належыць да салезіянскай сям’і.

У смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла АДМА з’явілася дзякуючы сястры салезіянке Вераніке Блізнюк. Моцная вера сястры Веранікі, яе адвага і намаганні паспрыялі заснаванню шанавальнікаў Марыі Успамогі.

Урачыстасць Марыі Успамогі пачалася з малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. 1000 разоў гучным рэхам, стоячы на каленях, вернікі парафіі разам з ксяндзом Казімірам Муравой SDB і ксяндзом Міхаілам Радзевічам SDB узносілі малітву да Маці Божай, усклікаючы “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас”.

Пасля малітоўнага акта “Марыя Успамога” ксёндз дэлегат распачаў урачыстую святую Імшу. Падчас гаміліі ксёндз Павел прапанаваў кожнаму ўдзельніку святой Імшы ўзгадаць сваю матулю, жывую або адышоўшую ў вечнасць. Задаць сабе асабістае пытанне: “Чаму навучыла матуля? Якія добрыя ўчынкі матулі асабліва памятаем?” Ксёндз дэлегат звярнуў увагу на Маці Божую, якая заўжды давярала Пану Богу. Прапанаваў памятаць пра давер Маці Божай да волі Пана Бога.

Пасля гаміліі члены АДМА ўрачыста склалі свае абяцанні “…жыць, даючы сведчанне вернасці Хрысту ў паўсядзённым жыцці, асабліва ў сям’і, у працы, у грамадстве і ў Касцёле, праз сілу, якая сыходзіць з малітвы, з частага і годнага ўдзелу ў Сакрамэнтах Паяднання і Эўхарыстыі...”.

Спевам “О Марыя Магутная Панна” быў завершаны акт ахвяравання ўсёй  салезіянскай сям’і Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Падчас урачыстай святой Імшы была асвечана харугва з выявай Марыі Успамогі Хрысціянаў і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло, заснавальніцы сясцёр салезіянак. Гэта харугва была ахвяравана смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла членамі АДМА.

Святая Імша была завершана ўрачыстай працэсіяй вуліцамі горада. Вернікі са свечкамі ўшаноўвалі Марыю Успамогі Хрысціянаў, молячыся на ружанцы. У пачатку працэсіі неслі харугву, ахвяраваную шанавальнікамі Марыі Успамогі. Ідучы вуліцамі горада ва ўрачыстай працэсіі, мужчыны, апранутыя ў бардовыя комжы, з гонарам неслі фігуру Марыі Успамогі Хрысціянаў. Вакол фігуры Марыі, адмаўляючы ружанец, жанчыны АДМА неслі вянок.

Напрыканцы працэсіі ўсе вернікі парафіі атрымалі благаслаўленне з акрапленнем святой вадой праз заступніцтва Марыі Успамогі. 

Падзяліцца: