3 кастрычніка ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў мінскай Серабранцы адбудзецца тэматычны «Green Quiz», прысвечаны экалогіі, адказнаму стаўленню да навакольнага асяроддзя і клопату пра супольны дом.

Мерапрыемства стане своеасаблівым працягам і падсумаваннем экалагічнай дзейнасці, якая на працягу апошніх трох гадоў рэалізоўвалася салезіянамі ў межах праекта «Зялёная парафія». Яго мэтай было не толькі звярнуць увагу на праблемы навакольнага асяроддзя, але і паказаць, што клопат пра створаны Богам свет пачынаецца з канкрэтных штодзённых рашэнняў кожнага чалавека.
Асаблівая ўвага ў гэтай працы надавалася моладзі — яе экалагічнай адукацыі, фарміраванню адказных звычак і разуменню асабістай адказнасці за свет, у якім мы жывём. Такі падыход натуральна ўпісваецца ў салезіянскае служэнне, адным з галоўных напрамкаў якога з’яўляецца выхаванне і ўсебаковае развіццё маладых людзей.
«Green Quiz» прапануе паглядзець на экалагічную тэматыку ў лёгкім і сучасным фармаце. Удзельнікам трэба будзе не проста прадэманстраваць свае веды, але разам разважаць, шукаць адказы і адкрываць для сябе новыя факты. Дэвіз сустрэчы — «Думай. Адкрывай. Дзейнічай».
Да ўдзелу запрашаюцца каманды маладых людзей ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе адной каманды можа быць ад пяці да сямі чалавек, а ўсяго арганізатары плануюць прыняць да дзесяці каманд.
Квіз адбудзецца 3 кастрычніка ў араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску па адрасе: вул. Пляханава, 28/1. Менавіта пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы ўжо шмат гадоў дзейнічае салезіянскі моладзевы цэнтр, дзе праводзяцца разнастайныя сустрэчы і праграмы для дзяцей і моладзі.
Рэгістрацыя каманд — з 16.00 да 16.30, пачатак гульні — у 17.00.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 20 верасня па спасылцы
Арганізатары запрашаюць моладзь сабраць сваю каманду, праверыць веды, адкрыць нешта новае і разам паразважаць над тым, што кожны з нас можа зрабіць дзеля больш чыстага і адказнага стаўлення да навакольнага свету.
