Галоўная Дзейнасць Навіны Асвячэнне капліцы Маці Божай Фацімскай у Бараўлянскім Рэспубліканскім клінічным шпіталі

Асвячэнне капліцы Маці Божай Фацімскай у Бараўлянскім Рэспубліканскім клінічным шпіталі

Дзявятага ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне каталіцкай капліцы Маці Божай Фацімскай у Бараўлянскім Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава. Апекавацца гэтай капліцай будуць сабраты-салезіяне з мясцовай супольнасці.

У гэты дзень яны прысутнічалі на мерапрыемстве на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства на Беларусі, ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB. Асвячаць капліцу прыбыў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На ўваходзе ў шпіталь яго прывітаў галоўны ўрач Лішакоў Віктар Барысавіч і адзначыў, што яму вельмі прыемна сустракаць такога шаноўнага госця. Пасля адбылася невялікая экскурсія па шпіталю. Арцыбіскупу паказалі сталовую, бібліятэку, у якой знаходзяцца стэнды духоўнай літаратуры, як каталіцкай, так і праваслаўнай.  Таксама пабылі ў памяшканні, у якім плануецца стварыць музей шпіталю.

Пасля адбылася ўрачыстая святая Імша, на якой прысутнічалі супрацоўнікі шпіталю, пацыенты, а таксама вернікі бараўлянскай парафіі. У гаміліі мітрапаліт звярнуў увагу прысутных на пакору Езуса, які быў паслухмяны Богу аж да смерці.

Іерарх сказаў: “Езус прыйшоў на гэты свет не дзеля таго, каб Яму служылі, але каб самому служыць. Хрыстос з’яўляецца прыкладам пакоры як для святароў, так і для лекараў, бо лечачы цела і лечачы душу, неабходна быць пакорным і ахвярным. Таксама і цярпенні хворых з дапамогай веры набываюць новы сэнс. Вера дапамагае хвораму мужна зносіць цярпенні, яднаць іх з цярпеннямі Хрыста і ахвяраваць у тых ці іншых інтэнцыях”.

“Ярмо лекара – гэта значыць яго абавязкі і служэнне, нясуць палёгку целу хворага. Ярмо ж святара нясе палёгку для душы. Ярмо хворага ўключае яго самога ў збаўчую місію Хрыста. Няхай тады капліца, якая асвячаецца сёння, стане сапраўдным месцам спаткання чалавека з Богам праз Слова, якое там будзе абвяшчацца, а таксама праз сакраманты, якія там можна будзе атрымаць. Няхай служыць дапамогай лекарам у выкананні іх нялёгкіх абавязкаў, каб ярмо, якое нясуць, было лёгкім. Гэта азначае, каб адпаведным чынам было дастасавана да патрэб пацыентаў і несла ім палёгку. Няхай яна служыць хворым, каб у складаных абставінах свайго жыцця яны звярталіся да Бога і ў Ім праз паслугу лекараў мелі надзею,” – такімі словамі закончыў сваю прамову мітрапаліт.

Пасля завяршэння святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў святарам -салезіянам, а асабліва пробашчу бараўлянскай парафіі ксяндзу Казіміру Шэдэлко SDB, які прыкладае шмат намаганняў, каб хворыя ў шпіталях маглі ўдзельнічаць у святых Імшах хоць раз на тыдзень. Таксама мітрапаліт падзякаваў нацыянальнаму “Карытасу” і дырэктару кс. Віталію Дабраловічу за дапамогу і супрацоўніцтва.

Потым кожны жадаючы мог задаць арцыбіскупу пытанні, якія цікавяць. Пасля адбылося асвячэнне аднаго з аддзяленняў шпіталя і непасрэдна самой капліцы Маці Божай Фацімскай. Святая Імша тут будзе адбывацца кожны чацвер у 17.00. Варта адзначыць, што ўсяго ў Бараўлянах працуе восем розных шпіталяў, а ў трох з іх ужо дзейнічаюць каталіцкія капліцы.

Пасля асвячэння галоўны ўрач Віктар Барысавіч атрымаў ад іерарха каталіцкага касцёла ганаровую грамату “За супольны клопат аб духоўным развіцці беларускага грамадства і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”.

Маем надзею, што гэта толькі пачатак доўгага і плённага супрацоўніцтва. А магчымасць удзельнічаць у Еўхарыстыі і слухаць Божае Слова дапамогуць пераносіць цяжкасць хваробы шматлікім пацыентам шпіталя.

Падзяліцца: