9 студзеня ў гарадскім пасёлку Наваельня (Дзятлаўскі раён) адбылося асвячэнне дома дзённага прабывання для дзяцей пасля капітальнага рамонту.
Ужо не першы год салезіяне з дапамогай мясцовых валанцёраў ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Наваельні, даючы магчымасць дзецям і падлеткам падсілкавацца пасля школьных заняткаў, зрабіць дамашняе заданне і проста добра правесці час.
Намаганнямі салезіянаў у сялянскай хаце, у якой змяшчаецца дом прабывання, быў здзейснены капітальны рамонт.
Мерапрыемства, прысвечаннае асвячэнню адрамантаванага будынку, распачалося ў мясцовым клубе. Падчас праграмы дзеці падзяліліся з сабранымі сваімі талентамі, прадставіўшы спевы і танцы. Пасля канцэрта прысутных чакаў салодкі стол і непасрэдна асвячэнне дома.
Прысутныя дзеці атрымалі падарункі з рук рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.
Зараз дзеці Наваельні зноў маюць магчымасць наведваць дом дзённага прабывання і праводзіць там свой вольны час.