1 кастрычніка некаторыя ўдзельнікі пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы, якое адбывалася ў Мінску 28–30 верасня, памаліліся ў беларускіх святынях.
Кожны ўдзельнік меў магчымасць адправіць святую Імшу ў мясцовых парафіях.
Бараўлянскую Парафію Марыі Успамогі Хрысціянаў наведаў арцыбіскуп Зальцбурга Францішк Лакнэр - старшыня Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі. Іерарх узначальваў нядзельную святую Імшу ў 9.30.
У гаміліі арцыбіскуп распавёў сведчанне свайго жыцця: пра тое, якія ў яго былі адносіны з Богам у дзяцінстве, у маладосці і ў апошнія гады і натхніў прысутных такімі словамі: “Дайце Богу хаця б адзін шанец у вашым жыцці. Я даў Яму такі шанец. І вы бачыце, што з гэтага атрымалася!” Іерарх таксама звярнуў увагу на постаці двух сыноў з Евангелля паводле Мацвея: “Як часта мы ў адносінах да Бога паводзім сябе як сын, які кажа: “Так Ойча!”. Але потым нічога не робім. Трэба засяродзіцца над тым, што нашы вусны прамаўляюць падчас малітвы і над тым, што мы робім пасля”.
На заканчэнне адбылася працэсія вакол капліцы і бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам.