Распачалася сустрэча са святой Імшы, якая выглядала вельмі святочна, прэзбітэрыўм быў запоўнены святарамі, якія прыбылі разам са сваімі парафіяльнымі групамі, таксама было і шмат маладых міністрантаў, а Серабранская капліца ледзь змясціла ўсіх дзетак і іх бацькоў, якія прыбылі на сустрэчу.
Падчас навукі арцыбіскуп Тадэвуш звярнуўся да дзяцей і праз шэраг пытанняў высветліў, што яны ведаюць пра Божае Нараджэнне. Варта адзначыць, што дзеці вельмі трапна адказвалі на пытанні Метрапаліта і паказалі, што яны вельмі добра ведаюць гісторыю нараджэння Збаўцы. Пасля іерарх пажадаў дзеткам і іх бацькам каб заўсёды дзверы ў іхніх сэрцах былі адчынены для Езуса.
Калі завяршылася Імша ўсе перайшлі ў будынак салезіянскага араторыя, дзе і адбылася аплатковая сустрэча. Мясцовай моладдзю і аніматарамі была падрыхтавана святочная праграма, з бансамі, спевамі і тэатральным прадстаўленнем. На вялікую радасць дзяцей іх прывітаў казачны персанаж, а менавіта Карлсан, які правёў з дзецьмі некалькі забаў і дапамог падрыхтавацца да выступлення артыстаў. У сцэнцы два мушкецёры спрачаліся паміж сабою аб існаванні Бога, але нябесныя зорачкі, лясныя жывёлы, анёл Габрыэль а пасля ўжо і Юзаф з Марыяй пераканалі няверуючага ў тым, што Бог сапраўды існуе, і што Езус нарадзіўся для кожнага з нас.
Дзяленне аплаткай для дзяцей было сапраўднай радасцю, яны з вялікай ахвотай выстраіліся ў чаргу, каб выказаць свае пажаданні Метрапаліту, таксама амаль кожны жадаў і сфатаграфавацца з арцыбіскупам. Дзяліліся дзеці і паміж сабою, сваімі бацькамі, святарамі і сёстрамі якія прысутнічалі на сустрэчы.
У гэтым годзе на сустрэчу сабралася каля 250 дзяцей са шматлікіх парафій, прыемна бачыць такую вялікую колькасць маладых каталікоў.