Галоўная Дзейнасць Навіны Аплаткавая сустрэча салезіянскай сям’і прайшла ў Мінску

Аплаткавая сустрэча салезіянскай сям’і прайшла ў Мінску

На сустрэчу прыбылі святары салезіяне, дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў (сёстры салезіянкі), салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA, а таксама аніматары, якія не належаць да салезіянскай сям’і, але з’яўляюцца важнымі людзьмі ў справе выхавання моладзі ў салезіянскім стылі.

Распачалася сустрэча са св. Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. На пачатку ксёндз дэлегат прывітаў усіх прысутных і падзякаваў Богу за тое, што дадзеная сустрэча змагла адбыцца. 

Падчас гаміліі кс. Віктар разважаў над мужнасцю св. Юзафа, які не пабаяўся прыняць Марыю і разам з Ёй і Езусам пайшоў у невядомую і палохаючую будучыню. Святар адзначыў, што сённяшнія салезіяне павінны пераймаць мужнасць св. Юзафа, абапяраючыся на досвед сваіх папярэднікаў, якія на працягу ста гадоў, нягледзячы на пагрозы і пераслед, не здрадзілі Хрысту.

“Словы сённяшняга Евангелля «не бойся прыняць Марыю» гучаць для нас як дэвіз і праграма адначасова. Словы, якія былі скіраваныя да св. Юзафа, аднаго з галоўных нябесных заступнікаў нашай Кангрэгацыі, год якога ў Касцёле супаў са святкаваннем нашага 100-вага юбілею прысутнасці на Беларусі! Можна сказаць, што гэта сталася выпадкова, але ў кантэксце юбілею і сённяшняга Евангелля можна духоўнымі вачыма ўбачыць у гэтым Божы провід і разам са св. Юзафам зрабіць крок у другое стагоддзе нашай дзейнасці ў Беларусі”, - адзначыў кс. Віктар. Святар адзначыў, што не баяцца прыняць Марыю значыць выходзіць па-за межы зоны камфорту, мужна адказваць на новыя выклікі, не паддавацца адчаю, а з даверам аддаць сваё жыццё ў Божыя рукі.

“Няхай св. Юзаф будзе для кожнага з нас і для нашай салезяінскай сям’і прыкладам і апекуном нашай дзейнасці у новым стагоддзі, каб мы ў выпрабаваннях і выкліках новага часу заўсёды чулі лагодны голас Бога, які кажа: «Не бойся...не бойся прыняць Марыю» і ўчыніць яе па прыкладу нашага духоўнага айца, св. Яна Боско, настаўніцай свайго жыцця!

Святы Юзэфе, наш духоўны апякуне, будзь з намі, будзь з салезіянскай сям’ёй Беларусі, якая ўступае ў новы этап свайго жыцця і дзейнасці. Будзь з кожным з нас, будзь у нашых супольнасцях, у нашых сем’ях у складаныя часы новых выпрабаванняў. 

Выпрасі ў Бога ласку, каб мы былі годнымі будаваць на духоўнай спадчыне нашых сабратоў і заўсёды заставаліся вернымі салезіянскаму пакліканню і харызме св. Яна Боско і, не шукаючы свайго, праз простае і мужнае служэнне ўключаліся ў справу збаўлення маладога пакалення. Амэн! ” - завяршыў навуку кс. Віктар.

Пасля святой Імшы ўсе накіраваліся ў будынак араторыя, атрымалі сімвалічныя падарункі і заспявалі калядкі. Таксама прагучалі віншаванні і пажаданні ад прадстаўнікоў кожнай з галін салезіянскай сям’і. Традыцыйнага ламання аплаткай не адбылося з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, але кожны прысутны атрымаў аплатку, якой пасля зможа падзяліцца са сваёй сям’ёй.

Падзяліцца: