Галоўная Дзейнасць Навіны Адбыліся выбары ў новую раду Аб'яднання салезіянаў супрацоўнікаў Беларусі

Адбыліся выбары ў новую раду Аб'яднання салезіянаў супрацоўнікаў Беларусі

Трэцяя галіна салезіянскай сям’і — Аб'яднанне салезіянаў супрацоўнікаў — дзейнічае на Беларусі пры рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства Святога Францішка Сальскага” з 2005 года. Салезіяне супрацоўнікі ажыццяўляюць сваё пакліканне ў Мінску, Смаргоні і Бараўлянах. Гэтыя свецкія члены салезіянскай сям’і нясуць сваё служэнне ў выхаванні і катэхізацыі дзяцей і моладзі, людзей старэйшага ўзросту і сем’яў, у паўсядзённым жыцці, праз працу ў тых месцах, куды складана, альбо немагчыма трапіць салезіянцу ці салезіянцы — месцы працы, вучобы, нашыя сем’і. Дарэчы, 9 мая салезіянскі свет адзначаў 144-ю гадавіну заснавання святым Янам Боско Аб'яднання салезіянаў супрацоўнікаў.

Згодна з Рэгламентам працы Аб’яднання салезіянаў супрацоўнікаў 9-10 мая 2020 года прайшлі выбары ў раду (каардынацыйны орган) мясцовага цэнтра на 2020-2023 гады. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй галасаванне праходзіла анлайн. У выбарах прымалі ўдзел толькі салезіаніне супрацоўнікі пасля абяцанняў і кожны павінен быў выбраць шэсць кандыдатаў, якіх жадае бачыць у будучай радзе. Пасля падліку галасоў і прыняцця абавязка ад кожнага з шасці абраных членаў рады, усе разам з дэлегатам ад салезіянаў ксяндзом Паўлам Шчарбіцкім SDB галасаваннем абралі каардынатара, адміністратара, сакратара і адказных за іншыя сектары дзейнасці.

Напрацягу тыдня гэту падзею салезіане супрацоўнікі, аспіранты, адказныя за фармацыю святары і сёстры даручалі ў малітве Божаму Провіду.

Па выніках выбараў у склад новай рады мясцовага цэнтра салезіянаў супрацоўнікаў на 2020-2023 гады ўвайшлі салезіяне супрацоўнікі, за якімі замацаваны наступныя зоны адказнасці: каардынатар – Вераніка Рогач, адміністратар - Дзяніс Акуліч, сакратар – Ірына Петрусевіч, адказны за фармацыю – Ірына Клевец, адказны за сувязь са сродкамі масавай інфармацыі – Аляксандр Перадкоў, за сувязь з галінамі салезіянскай сям'і – Эдуард Рогач, дэлегат ад салезіянаў - ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB.

Пасля абвяшчэння вынікаў новаабраны каардынатар Вераніка Рогач звярнулася ад імя рады да салезіянскай сям'і: "Дзякуй Богу за магчымасць быць у радзе салезіянаў супрацоўнікаў і служыць тымі талентамі, якія маю. Дзякуй салезіянскай сям'і за маё фармаванне як салезіянкі супрацоўніцы і дзякуй салезіянам супрацоўнікам за давер і адказнаць, ускладзеную на мяне. Разам будзем ісці наперад, развівацца і пазнаваць нашае пакліканне. Плённай працы, Божай падтрымкі і павеваў Духа Святога ўсім нам на гэтым шляху. Молімся разам за новы этап у развіцці салезіянаў супрацоўнікаў на Беларусі".

Трохгадовы перыяд дзейнасці мінулай рады скончыўся ў сакавіку 2020 года. У склад яе ўваходзілі Алег Аўгусціновіч, Аліцыя Грыцук, Дзмітрый Дзебесь, Ірына Клевец, Аляксандр Манчак, Ірына Петрусевіч, каардынатарам была Ларыса Валынец, дэлегатам ад салезіянаў – ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У лютым бягучага года рада здейсніла візітацыі ў Смаргонь, Бараўляны і Мінск, каб разам з салезіянамі супрацоўнікамі і аспірантамі падвесці вынікі агульнай працы, зрабіць сумесны аналіз дзейнасці, абмеркаваць поспехі і цяжкасці ў месцах іх дзейнасці. У цэлым была адзначана станоўчая дынаміка ў развіцці салезіянаў супрацоўнікаў на Беларусі. Сёння яны маюць мясцовы цэнтр у Смаргоні, які каардынуе дзейнасць салезіянаў супрацоўнікаў і аспірантаў у Смаргоні, Мінску і Бараўлянах. Адзначым, што найбольш актуальнае пытанне, якое будзе вырашацца ў бліжэйшы час  — адкрыццё мясцовага цэнтра ў Мінску, дзе ўжо налічваецца 12 салезіянаў супрацоўнікаў і 5 аспірантаў.

Дзякуем за працу членам рады, якая дзейнічала на працягу 2017-2020 гадоў, віншуем салезіянаў супрацоўнікаў і аспірантаў Беларусі з абраннем новай рады, а членам рады жадаем плённай дзейнасці.

 

Падзяліцца: