Галоўная Дзейнасць Навіны Адбылася 23-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка

Адбылася 23-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка

Арганізатарамі пілігрымкі з'яўлялася рэлігійная каталіцкая місія "Таварыства Святога Францішка Сальскга". Удзел у СМЕПе прыняла моладзь з салезіянскіх і не толькі парафій па ўсёй Беларусі. На шляху да Будслава пілігрымаў суправаджалі святары салезіяне: рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, адказны за пілігрымку ксёндз Алег Каралёў SDB, ксёндз Міхаіл Радзевіч SDB, які ў гэтым годзе быў рэкалекцыяністам, а таксама сабрат Міхаіл Вішнеўскі.

За шэсць дзён моладзь пераадолела 105 кіламетраў, несучы свае просьбы, падзякі і перапрашэнні да Маці Божай Будслаўскай. Ідучы па дарозе, пілігрымы евангелізавалі сваім уласным прыкладам, спевам, сведчаннем, размовай і проста ўсмешкай насельніцтва гарадоў і вёсак, праз якія праходзілі. Таксама СМЕП прыпынялася каля кожнага крыжа, царквы, кожных могілак і помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, каб узнесці сваю малітву да ўсемагутнага Бога і прасіць благаслаўлення для нашай краіны і нашых людзей.

Напрацягу ўсёй пілігрымкі ўдзельнікі таксама перажывалі рэкалекцыі ў дарозе. Ксёндз Міхаіл прапанаваў паразважаць над тэмай "Проста аб важным". Кожны з шасці дзён пілігрымкі меў сваю тэму: “Я каштоўны ў вачах Бога”, “Глядзець на людзей пазітыўна”, “Не пытайся “чаму?”, а “навошта?”, “Давярай больш Слову Божаму”, “Важна быць шчырым перад Богам” і “Марыя як прыклад жыцця”. Ксёндз Міхаіл пад час кожнай канферэнцыі дзяліўся з пілігрымамі ўсласным досведам і меркаваннем па дадзеных тэмах, дапамагаў лепш зразумець некаторыя сэнсы і падказваў, як магчыма ажыццяўляць пэўныя рэлігійныя і духоўныя практыкі ў штодзённым жыцці. Дадзеныя тэмы раскрываліся і пад час працы па групах, дзе пілігрымы з дапамогай святароў, сясцёр салезіянак, салезіян супрацоўнікаў і аніматараў маглі падыскутаваць і падзяліцца сваімі думкамі наконт тэмы дня, тым самым узбагачаючы сябе і іншых. У працах па групах маладыя людзі, між іншым, вучыліся адказнасці, павазе да старэйшага пакалення і да бліжняга, адказнаму стаўленню да аховы навакольнага асяроддзя.

Важным момантам евангелізыцыі ў СМЕПе з’яўляюцца вясёлыя вечары, на якія заўсёды запрашаюцца жыхары тых мястэчак, дзе прыпыняецца пілігрымка. Пад час вясёлага вечара моладзь дзеліцца багаццем сваіх талентаў, а таксама сведчыць пра сваю жывую веру і радасць ад жыцця, заснаванага на хрысціянскім падмурку. У гэтым годзе шматлікія вясёлыя вечары дапамагаў арганізоўваць ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB разам з камандай салезіянаў супрацоўнікаў са Смаргоні.

За шэсць дзён пілігрымкі моладзь атрымала вялікі духоўны досвед, які будзе падтрымліваць кожнага яшчэ доўгі час. 

Завяршылася СМЕП у Будславе, дзе пілігрымы з усіх куткоў нашай краіны сустрэліся, каб ушанаваць цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

Падзяліцца: