ПАСЛАННЕ ГЕНЕРАЛЬНАГА НАСТАЯЦЕЛЯ
дона Фабіо Аттарда
Ад стала фарысея да сэрца паслугі
Пакора і дабрачынная любоў у выхаванні і
евангелізацыі моладзі
У 14-й главе Евангелля ад Лукі мы знаходзім гісторыю, як Езус прымае запрашэнне на вячэру ў дом вядомага фарысея. Езус уваходзіць да прасторы, запоўненай грамадскімі калькуляцыямі і павярхоўнымі рэлігійнымі адносінамі, дзе вячэра, па сутнасці, становіцца сцэнай чалавечых амбіцый, калі людзі спаборнічаюць за месца, якое павінна адлюстроўваць іх статус і значнасць у вачах іншых.
Езус, заўсёды ўважлівы назіральнік чалавечай прыроды, ператварае гэты момант сацыяльнага манеўравання ў глыбокі ўрок аб самых асновах таго, што азначае быць хрысціянскім вучнем.
Паспрабуем зрузумець, чым гэтая сітуацыя вабіць нас, тых, хто займаецца выхаваннем і евангелізацыяй моладзі. Як часта мы таксама знаходзімся пад уплывам некаторых са спосабаў паводзін, аб якіх менавіта прыпамінае Езус: дробная канкурэнцыя за прызнанне і ўплыў, імкненне паказацца лепшым сярод усіх. Я думаю, што вячэра ў фарысея становіцца люстэркам у нашым кантэксце служэння і пастырскай дзейнасці і заклікае нас даследваць свае матывацыі, метады і штодзённыя рашэнні.
Праблема: фальшывыя ілюзіі ўласнай значнасці
Езус назірае, як госці выбіраюць ганаровае месца і раскрывае асноўную чалавечую схільнасць, якая выходзіць далёка па-за межы этыкету застольных паводзін. Гэтае імкненне да першага месца паказвае тое, што мы маглі б назваць “ілюзіяй уласнай важнасці ”- фальшывым перакананнем, што нашая годнасць і эфектыўнасць вымяраюцца прызнаннем, статусам і ўшанаваннямі, якія нам аказваюць іншыя.
Гэта ілюзія, якая з’яўляецца пасткай як для нас, выхавацеляў, так і для тых, хто далучаны да выхавання і евангелізацыі моладзі. Гэтая спакуса праяўляецца шматлікімі спосабамі. Мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі намагаемся атрымаць ухвалу ад бацькоў, кіраўніцтва альбо ўдзячнасць ад вучняў. Магчыма, несвядома, спаборнічаем з калегамі за тытул “найэфектыўнейшага настаўніка”, альбо за рэпутацыю “аніматара моладзі, якога ўсе любяць”. Імкненне да значнасці можа незаўважна прабрацца ў нашу місію і змяніць тое, што павінна быць бескарыслівым служэннем да самапрэзентацыі, калі чалавек пачынае больш клапаціцца ўласнымі мэтамі.
Не будзем забывацца, што ілюзія ўласнай важнасці з’яўляецца асабліва небяспечнай у працы з моладдзю, бо яна мае моцнае пачуццё аўтэнтычнасці і адразу разумее, калі дарослыя іх выкарыстоўваюць як сродак для ўласнага самазацвярджэння замест шчырага інвеставання сябе для іхняга чалавечага росту. Калі мы дзейнічаем на аснове ўласнай важнасці, то незаўважна вучым маладых меркантыльным і эгаістычным адносінам: любоў трэба заслужыць учынкамі і астатніх мы можам таптаць, каб задаволіць уласныя амбіцыі.
Урок першы: выбіраць сабе апошняе месца
Вучэнне Езуса займаць самае нізкае месца, не шукаючы да сябе павагі, уяўляе сабой штосьці большае за сыцыяльную стратэгію - яно патрабуе фундаментальнага змянення арыентацыі сэрца. Сапраўдная пакора, гэта не самазнішчэнне сябе, не фальшывая сціпласць, а, найхутчэй, дакладнае разуменне свайго месца перад Богам і ў адносінах да іншых.
Выбраць сабе апошняе месца, у кантэксце выхавання і евангелізацыі моладзі, азначае наблізіцца да яе без думкі, што наш узрост, вопыт ці статус аўтаматычна даюць аўтарытэт і павагу. Гэта азначае, што мы гатовыя вучыцца ад іх, што мы здзіўленыя іх інтуітыўным разуменнем і што прызнаёмся, калі не маем адказу. Гэтая пакора стварае прастору, каб паказаць сапраўдныя адносіны.
Калі выбіраем сабе апошняе месца, мы даём маладым прыклад, што азначае жыць без сталай патрэбы знешняга прызнання, якое так распаўсюджана у сёняшні час сацыяльных сетак. Мы паказваем, што нашыя ідэнтычнасць і каштоўнасць не залежаць ад прызнання альбо поспеху, а маюць свой пачатак у нашых адносінах з Богам і гэтыя адносіны вядуць да здаровых рашэнняў на карысць іншых. Гэта асабліва важна для падлеткаў, якія часта трапляюць у цыклы непакою з-за сваёй годнасці і параўнання сябе з равеснікамі.
Другі ўрок: практычная любоў
Потым Езус пераходзіць ад каментара ўласнай пакоры да прапановы любові, якая арганізавана і стварае структуру: мы павінны запрашаць “бедных, знявечаных, храмых, сляпых”, а не тых, што могуць адплаціць. Менавіта гэта ўяўляе радыкальную змену станаўлення адносін, якія заснаваныя на даванні, а не на абмене.
Вельмі часта нашыя энэргія і ўвага засяроджаны на моладзі, з якой лягчэй размаўляць, якая лепш рэагуе на нашыя намаганні, альбо дзякуючы якой мы ствараем уражанне паспяховых. Натуральна, мы інвестуем у адносіны, якія даюць станоўчыя водгукі і бачныя вынікі.
Езус кліча нас да цалкам іншага вобразу мыслення. Ён кліча нас, каб мы шукалі тых, хто не зможа палепшыць нашу рэпутацыю, альбо дапамагчы з рэалізацыяй нашых праграм. Мы павінны скіравацца да студэнта, які мае цяжкасці, да падлетка, што знаходзіцца ў складаным сацыяльным становішчы, да маладога чалавека з цяжкім мінулым, да таго, чые пытанні ставяць пад сумніў нашыя першапачатковыя меркаванні. Гэта тыя, што найболей патрабуюць інвестыцыі нашага часу і энэргіі і якія нас найболей могуць навучыць сутнасці безумоўнай любові.
Пакора і любоў. Два рухі аднага сэрца
Геніяльнасць вучэння Езуса захаваная ў злучэнні гэтых двух рухаў - асабістай пакоры і практычнай любові - як выяўленне адной духоўнай рэальнасці. Пакора без дабрачыннай любові застаецца скіраванай на сябе і патэнцыяльна становіцца формай духоўнай пыхі. Любоў без пакоры можа стаць патэрналістычнай альбо маніпулятыўнай і можа служыць нашай патрэбе адчуваць сябе карыснымі замест таго, каб насамрэч мы задавольвалі патрэбы іншых.
Сапраўдная пакора адчыняе нам дарогу да таго, каб мы не ўспрымалі маладых людзей як праекты, якія трэба рэалізаваць, альбо як сыравіну для нашых праграмаў, а як умілаваных Божых дзяцей з унутранай годнасцю і ўнікальнымі дарамі. Гэтае вызнанне натуральна вядзе да дабрачыннага дзеяння - не да любові як спачування, альбо паблажлівасці, а да дабрачыннай любові, як вызнання нашай фундаментальнай лучнасці і ўзаемнай неабходнасці.
Выснова: Радыкальны выклік
Вучэнне Езуса на вячэры ў фарысея выяўляе сабой радыкальнае запрашэнне для нас усіх: не знаходзіць сваю ідэнтычнасць у прызнанні, якое атрымліваем, а знаходзіць яе ў любові, якую даём, не ва ўшанаваннях, якія нам выказваюць іншыя, а ў нашым верным служэнні тым, што не могуць нам адудзячыць. Для выхавацеляў і аніматараў моладзі гэтае запрашэнне становіцца выклікам і абяцаннем - выклікам да вывучэння сваёй найглыбейшай матывацыі і перакананнем, што вернае служэнне, нават калі яго не заўважаюць і не цэняць, злучана з ператвараючым Божым дзеяннем.
Тым, што выбіраем пакору і здзяйсняем дабрачынную любоў, мы не толькі больш плённа служым моладзі, але і ўцелаўляем самое Евангелле, якім намагаемся дзяліцца з іншымі. Мы становімся жывымі сведкамі пачатковага свету, дзе веліч здзяйсняецца ў служэнні, прыгажосць знаходзіцца ў самаахвярнасці і адчуваецца радасць ад росквіту іншых. Гэта наймацнейшая з усіх евангелізацыя: жыцці, што з радаснай пакорай і шчырай любоўю сведчаць аб рэальнасці, якую яны абвяшчаюць.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, лістапад 2025)