Разабрацца з тэмамі ўдзельнікі спрабавалі падчас святой Імшы, канферэнцыі, працы ў групах, часу пустыні... Дзень за днём хлопцы разважалі над кнігай Тавіта са Старога Запавету, раскрываючы ў сабе штосьці новае, што дапамагае ці наадварот перашкаджае знайсці сваё пакліканне.
Вельмі важна тое, што за гэтыя дні адпачынку маладыя людзі мелі магчымасць прайсці з Езусам Крыжовы шлях падчас пілігрымкі да Гальшан, несучы свой цяжар грахоў у выглядзе камянёў. Таксама побыт у Гальшанах дапамог прыпомніць хлопцам важныя падзеі, звязаныя з гісторыяй Гальшанскага замка, кляштара і касцёла.
Вельмі каштоўным аказалася сведчанне мясцовага пробашча кс. Ігара Лашука, які распавёў цікавыя моманты са свайго жыцця. Святар расказаў, як нараджалася і развівалася яго пакліканне падчас савецкай улады.
Адметнай рысай летніка было тое, што кожны дзень заканчваўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Гэта быў добры момант, каб перагледзець перажыты дзень, падсумаваць тое, што ўдалося добра зрабіць сёння і тое, над чым трэба працаваць.
Акрамя важных духоўных момантаў хлопцы таксама мелі час на цікавыя гульні і вясёлыя вечары.
Як адзначылі самі ўдзельнікі, гэты лагер сапраўды дапамагае паразважаць над пакліканнем, дапамагае зрабіць прыпынак сваёй зямной вандроўкі і запрасіць нанова Езуса ў сваё жыццё, а пры гэтым адпачыць з Богам.