30 кастрычніка салезіянская сям'я Беларусі сабралася на дзень духоўнага засяроджання, каб разам памаліцца за сваіх памерлых сабратоў. Акрамя святароў да малітоўнай сустрэчы далучыліся прадстаўніцы сясцёр салезіянак і салезіянаў супрацоўнікаў. Мерапрыемства распачалося ў Навагрудку, дзе для ўдзельнікаў была праведзена малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, канферэнцыя, святая Імша і супольны абед.
Канферэнцыю для сабраных прамовіў кс. Міхаіл Радзевіч SDB. Ён адзначыў, што вялікай небяспекай у жыцці святара з'яўляецца ператварэнне абавязкаў у штодзённую руціну і страта пачуцця Жывога Бога падчас найважнейшых таінстваў. Разважаючы над словамі Эўхарыстыі, святар падкрэсліў словы "узяў Хлеб". Гэты выраз азначае, што Езус хоча ўзяць нас саміх, каб мы пазнавалі Яго. Ён выбірае на службу простых людзей і пачынае дзейнічаць у іхнім жыцці. Ад чалавека патрабуецца толькі давер, пакора і адкрытасць на голас Бога. Слова "благаславіў" падкрэслівае, што Езус падтрымлівае і благаслаўляе тых, каго абраў, што мы бачым у лёсах святога Паўла, Маісея і іншых біблійных персанажаў. "Паламаў" паказвае, што Езус жадае паламаць нашы планы і жаданні, каб пабудаваць нешта больш вялікае і прыгожае, а "раздаў" нагадвае, што Пан жадае раздаць праз нас сваю любоў іншым, асабліва тым, хто жыве побач з намі. "Варта паглядзець на тое, як я перажываю сваё духоўнае жыццё, — зазначыў кс. Міхаіл, — ці сапраўды яно мае моц перамяняць мяне, альбо я застаюся такім самым, бо закрыўся на голас Хрыста?"
Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, казанне прамаўляў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Ён звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці жыцця, салезіяне, якія працавалі на нашых землях, імкнуліся захаваць свае адносіны з Богам, аб чым сведчыць духоўная спадчына, якую яны пакінулі пасля сябе. "Што кожны з нас будзе браць з сабой, каб прайсці праз “вузкую браму”?" — запытаў святар. Ён таксама закрануў важнасць прымірэння: "Вельмі часта падчас пахавання блізкія кажуць “прабач”, але чаму гэтыя словы не гучаць, калі чалавек яшчэ жывы? Таксама і ў жыцці манаскай супольнасці сабраты нясуць цяжар крыўд, непаразуменняў, звужаючы і без таго вузкую браму". Кс. Аляксандр запрасіў задумацца: "Чаму Бог паставіў гэтую асобу на маім шляху? Можа, каб навучыць нас чамусьці, дапамагчы ўзрасці і разам ісці да шчасця ў вечнасці?"
Пасля святой Імшы салезіяне наведалі могілкі ў Дварцы і Дзятлаве, дзе пахаваны салезіяне, якія працавалі на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны. Там яны з падзякай і пашанай памаліліся за памерлых сабратоў, чыё жыццё было прысвечана служэнню Богу і людзям.