Галоўная Дзейнасць Навіны 29 чэрвеня са Смаргоні ў Будслаў выйшла 24-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка.

29 чэрвеня са Смаргоні ў Будслаў выйшла 24-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка.

Сёлета тэма СМЕП сугучна з тэмай Каталіцкага Касцёла ў гэтым юбілейным годзе, а таксама з дэвізам салезіянскай сям'і "Замацаваныя ў надзеі. Пілігрымы разам з моладдзю". Праз шэсць дзён моладзь пад кіраўніцтвам святароў, сясцёр і аніматараў будзе раскрываць для сябе змест дэвізу, яго прыгажосць і тую любоў, якая ў ім захавана.

Таксама ў межах аспекту Евангелізацыі ў гэтым годзе СМЕП будзе распавядаць жыхарам гарадоў і вёсак, якіх сустрэне на сваім шляху, пра вартасць аховы навакольнага асяроддзя, дзелячыся парадамі аб захаванні экалогіі.

Распачалася пілігрымка традыцыйна са святой Імшы ў Смаргоні, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У казанні кс. Павел разважаў над постацямі святых апосталаў Пятра і Паўла, над іхнімі недасканаласцямі і слабасцямі. Святар адзначыў, што нягледзячы на іх чалавечую неідэальнасць менавіта на гэтых мужчынах Езус пабудаваў Каталіцкі Касцёл. Так і ў нашым жыцці: мы маем недахопы, складанаці, цяжкасці, у гісторыі нашай сям'і могуць быць непрыгожыя старонкі, але гэта не павінна станавіцца умовай пагаршэння нашых адносін з Богам.

У жыццё Пятра Езус прыходзіць, калі будучы апостал стаіць у роспачы каля пустых сетак. І пасля сустрэчы з Езусам у Пятра не было ўсё ідэальна, было шмат памылак, але ўсё можна было перамагчы дзякуючы любові. Пётр быў няўпэўнены да апошняга, але напрыканцы жыцця прыняў мучаніцкую смерць.

Павел вельмі моцна адрозніваецца ад Пятра, бо не мае непасрэднага кантакта з Езусам, ён Яго не бачыў. Але змяняе сваё жыццё кардынальна, ад ганіцеля да апостала. Едучы ў Дамаск, Павел падае і з гэтага моманту яго жыццё змяняецца. У нашым жыцці мы стараемся схаваць свае падзенні, бо саромеемся іх, лічым негатыўнымі, але прыклад Паўла паказвае, што не заўсёды гэтыя падзенні з'яўляюцца нечым дрэнным, а могуць стаць штуршком, каб перамяніць сваё жыццё. "Таму сёння зычу кожнаму, каб святыя Пётр і Павел сталі для нас падбадзёрваннем - нягледзячы на складанасці і недасканаласці магчыма змяніць сваё жыццё на лепшае", - заахвоціў прысутных дэлегат.

Пасля Імшы пілігрымы зрабілі супольны фотаздымак і, удзяліўшы благаслаўленне пілігрыма жыхарам Смаргоні, вырушылі ў шлях, напрыканцы якога іх будзе чакаць сустрэча з Маці Божай Будслаўскай.

Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

Падзяліцца: