Распачалося набажэнства ў 17.30 Вяночкам да Божай міласэрнасці. Пасля адбыўся Крыжовы шлях на прыкасцёльнай тэрыторыі, падчас якога парафіяне разважылі над тым як важна не губляць надзею і нават у самых цяжкіх сітауцыях спадзяваца на Езуса і Маці Божую. Потым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і былі зачытаны падзякі і просьбы, скіраваныя да Маці Божай, а таксама Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі і навэнна да Марыі Успамогі.
Кульмінацыяй вечара стала святая Імша, якую ўзначаліў шаноўны Мітрапаліт на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Біскуп маліўся ў інтэнцыі пробашча парафіі ксяндза Казіміра Шыдэлко SDB, які некалькі дзён таму святкаваў свой дзень нараджэння, а таксама ў інтэнцыі дырэктара салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB, які будзе святкаваць свой дзень нараджэння праз два дні.
Падчас казання біскуп Тадэвуш узгадаў байку старажытнагрэцкага паэта Эзопа, у якой паляўнічы жадаў адшукаць сляды ільва, але калі яму прапанавалі прайсці непасрэдна ў яго логава, то паляўнічы спалохаўся і адмовіўся. Так і мы ў нашым жыцці часта будуем нейкія планы, некуды імкнемся, але калі трэба зрабіць рашаючы крок, адмаўляемся ад задуманага. Калі Езус рабіў цуды, то ўсім гэта падабалася і ўсе шлі за Ім, але калі Езус казаў, што Ён павінен будзе цярпець, будзе ўкрыжаваны, то паслядоўнікі не жадалі сустрэцца з рэчаіснасцю тварам у твар.
Звяртаючыся да асобы імянінніка ксяндза Казіміра, Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ён ніколі не наракаў, а заўсёды рупліва выконваў сваю працу і меў вялікую пабожнасць да Маці Божай і ініцыятыва Марыйных чуванняў вельмі патрэбна і актуальна для нашага часу і нашага грамадства.
“Евенгелле таксама кажа аб тым, што той, хто хоча ісці за Хрыстом, павінен узяць крыж і несці яго. Ты, ксёндз Казімір, узяў гэты крыж святарства, 36 гадоў з 65 гадоў твайго жыцця прысвечаны святарскаму служэнню, гэта нялёгкі крыж і ты яго нясеш. Няхай Нябесная Маці, Каралева супакою, Успамога Хрысціянаў дапамагае табе і далей яго несці”, – з такімі словамі звярнуўся да пробашча іерарх.
Пасля завяршэння святой Імшы адбылося асвячэнне фігуры Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая ўсталявана каля будынка араторыя.
Такія Марыйныя чуванні стануць традыцыйнымі і будуць адбывацца кожную трэцюю нядзелю месяца. Гэтая ініцыятыва нарадзілася пад натхненнем святых місій, якія адбыліся ў парафіі ў маі.