Галоўная Дзейнасць Навіны 10-я гадавіна святарства кс. Віктара Гайдукевіча SDB

10-я гадавіна святарства кс. Віктара Гайдукевіча SDB

На свяце прысутнічаў таксама дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Алег Жураўскі SDB і мясцовы пробашч ксёндз Казімір Мурава SDB. Нягледзячы на неафіцыйны фармат мерапрыемства, на святую Імшу ў касцёле сабралася шмат людзей, у асноўным мясцовыя жыхары і жыхары навакольных вёсак, якія вельмі любяць і шануюць ксяндза Віктара, сына сваёй роднай зямлі. Прыемнай нечаканасцю для ўсіх сабраных стала прысутнасць хору «Паліфоніка», які ўпрыгожыў спевамі святую Імшу. Лаўрэаты шматлікіх міжнародных музычных конкурсаў ужо неаднойчы суправаджалі салезіянскія святы таленавітымі спевамі. Добра ведаючы ксяндза Віктара, яны з радасцю згадзіліся раздзяліць з ім і гэты радасны момант.

Ксёндз Казімір Мурава SDB падзякаваў юбіляру за шматлікія рэчы, якія ён робіць для роднай парафіі і для ўсёй Салезіянскай сям’і. Святар падкрэсліў, што жупранскія парафіяне нястомна моляцца за ксяндза Віктара і дзякуюць Богу за яго пакліканне. Таксама словы віншавання скіраваў да Рэгіянальнага настаяцеля салезіянаў ад свайго імя і ад імя ўсіх сабратоў і ксёндз Алег Жураўскі SDB.

Павіншавала ксяндза Віктара і былы дырэктар школы, у якой ён вучыўся. Яна падзялілася ўспамінамі, што ў школьныя гады «хлопчык Віця Гайдукевіч быў заўсёды вельмі старанным у навуцы, спартыўным, ветлівым і добразычлівым». Жанчына адзначыла, што жупранская школа і ўся жупранская зямля вельмі ганарацца земляком, які так шмат робіць для развіцця Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Напрыканцы ўрачыстасці слова ўзяў сам ксёндз Віктар. Ён падзякаваў усім прысутным за памяць і асабліва за малітву. Таксама святар падкрэсліў, што для яго вялікай радасцю з’яўляецца магчымасць святкаваць дзесяцігоддзе свайго святарскага жыцця разам са сваёй роднай парафіяй.

Адміністрацыя сайту Sdb.by таксама далучаецца да віншаванняў.  Жадаем ксяндзу Віктару моцнага здароўя і падтрымкі Маці Божай у справах кіравання беларускай Салезіянскай сям’ёй. Няхай святы ксёндз Боско будзе Вашым прыкладам і падтрымкай.

Падзяліцца: