29 жніўня ў Жупранах адбылася ўрачыстасць, якая стала асаблівай старонкай у гісторыі мясцовай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла. У 150-ю гадавіну дзейнасці мураванай святыні біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў абрад пасвячэння касцёла і новага алтара. Такім чынам завяршылася тое, чаго святыня чакала паўтара стагоддзя.

Гісторыя жупранскай парафіі значна глыбей за 150 гадоў. Паводле гістарычных звестак, парафія існавала тут ужо ў XV стагоддзі, а вернікі маліліся ў драўлянай святыні пад тытулам Маці Божай Балеснай. Будаўніцтва цяперашняга мураванага касцёла распачалося ў XIX стагоддзі, а 12 кастрычніка 1875 года ў яшчэ недабудаванай святыні ўпершыню была цэлебравана святая Імша.
На працягу наступных дзесяцігоддзяў, пазначаных складанымі гістарычнымі падзеямі, войнамі і пераследам Касцёла, святыня так і не была ўрачыста пасвечана. Таму праз паўтара стагоддзя яе юбілей стаў асаблівай нагодай не толькі ўзгадаць мінулае, але і здзейсніць тое, чаго не змаглі дачакацца яе будаўнікі.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пры ўдзеле вялікай колькасці святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія прыбылі ў Жупраны, каб разам з мясцовай парафіяльнай супольнасцю раздзяліць радасць гэтай гістарычнай падзеі. На ганку святыні парафіяне традыцыйна прывіталі іерарха хлебам і соллю, пасля чаго пробашч парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB звярнуўся да біскупа з просьбай благаславіць сабраных крыжам і ўрачыста ўвайсці ў святыню.
На пачатку літургіі да прысутных звярнуўся дырэктар Рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» кс. д-р Віктар Гайдукевіч SDB. Вітаючы біскупа, духавенства, кансэкраваных асобаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай і мясцовай улады, гасцей і парафіянаў, ён падкрэсліў гістарычнае значэнне моманту, сведкамі якога сталі сабраныя.

«Сто пяцьдзясят гадоў — гэта не толькі гісторыя гэтай святыні, яе будынка і інтэр’еру. Гэта гісторыя нязломнай веры людзей, якія ўзводзілі гэтыя сцены, прыносілі сюды свае ахвяры і малітвы, абаранялі святыню ў складаныя часы».
Кс. Віктар папрасіў біскупа цэлебраваць Эўхарыстыю ў інтэнцыі жупранскай парафіі — як падзяку Богу за 150 гадоў веры і Яго апекі, а таксама з просьбай аб благаслаўленні для парафіянаў, святароў, ахвярадаўцаў і ўсіх, хто прычыніўся да захавання і аднаўлення касцёла.
«Няхай гэтая Эўхарыстыя стане нашым супольным Te Deum за 150 гадоў вернасці Богу і Маці Божай Балеснай», — сказаў святар.
Жупраны маюць асаблівае значэнне і для гісторыі салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі. Пасля цяжкіх гадоў пераследу менавіта ў гэтай парафіі распачала адраджацца іх прысутнасць у краіне. Салезіяне разам з мясцовымі вернікамі захоўвалі веру і спрыялі вяртанню святыняў каталіцкім супольнасцям.
Цэнтральнай падзеяй урачыстасці стаў абрад пасвячэння касцёла і новага алтара. У алтар былі змешчаны рэліквіі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак — мучаніц з Навагрудка, якія аддалі жыццё падчас Другой сусветнай вайны.
У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй назваў падзею гістарычнай і звярнуў увагу на тое, што жупранскі касцёл — гэта значна больш, чым помнік архітэктуры.
«Гэтая святыня — не толькі помнік мастацтва і архітэктуры. Яна з’яўляецца сведкам. Не нямым сведкам, як часта мы кажам пра неадушаўлёныя прадметы. Гэта святыня, якая мае голас, бо з адлегласці мінулых стагоддзяў звяртаецца таксама сёння да нашых сэрцаў».

Іерарх нагадаў пра больш чым шасцісотгадовую гісторыю каталіцкай прысутнасці ў Жупранах і пра пакаленні вернікаў, якія перадавалі веру сваім дзецям. Паводле біскупа, атрыманая ад продкаў духоўная спадчына з’яўляецца не толькі вялікім дарам, але і абавязкам.
«Наколькі гэтая спадчына абавязвае нас, каб мы не забыліся пра яе, не змарнавалі, але памножылі і перадалі наступным пакаленням, якія прыйдуць пасля нас».
Жупранская святыня перажыла войны, змены дзяржаўных межаў, пераслед і часы, калі рэлігійнае жыццё было сур’ёзна абмежавана. Аднак малітва ў ёй не знікла.
Асаблівыя словы ўдзячнасці падчас урачыстасці прагучалі ў адрас святароў і вернікаў, дзякуючы якім у складаныя часы жупранскі касцёл не застаўся без душпастырскай апекі. Біскуп узгадаў святароў з суседніх парафій, якія прыязджалі ў Жупраны, цэлебравалі святую Імшу і ўдзялялі сакрамэнты.
Асобна іерарх адзначыў прысутнага на ўрачыстасці кс. каноніка Юзафа Занеўскага SDB, які прыбыў у Жупраны ў 1981 годзе. За дзесяць гадоў свайго служэння салезіянін прычыніўся да аднаўлення рэлігійнага жыцця не толькі ў самой парафіі, але і ў наваколлі, дзе былі зноў адкрыты пяць касцёлаў.
«Сёння, здзяйсняючы абрад пасвячэння, мы адчуваем, што яшчэ больш яднаемся з фундатарамі і будаўнікамі нашага касцёла, а таксама з усімі жупранскімі парафіянамі, нашымі продкамі, жыццё якіх было напоўнена верай і канцэнтравалася вакол гэтай святыні», — адзначыў біскуп.
Напрыканцы святой Імшы да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся пробашч парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Ён адзначыў, што дзень пасвячэння касцёла і алтара стаў для ўсёй парафіяльнай супольнасці асаблівым момантам удзячнасці — Богу і людзям, дзякуючы якім стала магчымай гэтая ўрачыстасць.
Пробашч падзякаваў біскупу Уладзіміру Гуляю за прысутнасць і здзяйсненне абраду пасвячэння, сабратам салезіянам, святарам і кансэкраваным асобам, а таксама ўсім, хто на працягу многіх гадоў служыў у Жупранах і клапаціўся пра святыню. Асаблівыя словы ўдзячнасці кс. Артур скіраваў да парафіянаў, ахвярадаўцаў і ўсіх, хто сваёй працай, ахвярай і малітвай прычыніўся да аднаўлення касцёла і падрыхтоўкі яго да пасвячэння.
Ён падкрэсліў, што зробленае было б немагчымым без супольных намаганняў многіх людзей, якія адчуваюць адказнасць за жупранскую святыню і яе будучыню. Асобна пробашч падзякаваў прадстаўнікам мясцовай улады за супрацоўніцтва з парафіяй, заснаванае на ўзаемнай павазе і клопаце пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Жупранаў.

Напрыканцы парафіяне таксама выказалі сваю ўдзячнасць пробашчу кс. Артуру Ляшнеўскаму SDB за яго адданае служэнне, вялікія намаганні і працу, дзякуючы якім за адносна кароткі час удалося правесці значнае аднаўленне святыні і падрыхтаваць яе да гістарычнага пасвячэння. Словы падзякі і віншаванні былі скіраваны таксама да біскупа, прысутных святароў і кансэкраваных асобаў, якія раздзялілі з жупранскай парафіяй радасць гэтага асаблівага дня.
Ад імя мясцовай улады прысутных павіншавала намесніца старшыні Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Ганна Язель. Яна адзначыла значэнне жупранскага касцёла для захавання гістарычнай і культурнай спадчыны, а таксама яго ролю ў жыцці мясцовай супольнасці і выхаванні маладога пакалення.
«Няхай жа храм і далей нясе людзям святло і дабро, сустракаючы жупранскіх вернікаў з адкрытым сэрцам», — пажадала прадстаўніца раённай улады.
Урачыстасць 150-годдзя стала своеасаблівым мостам паміж пакаленнямі жупранскіх вернікаў. Тыя, хто паўтара стагоддзя таму будавалі касцёл і ўпершыню сабраліся ў яго сценах на Эўхарыстыі, не дачакаліся яго пасвячэння. Наступныя пакаленні захоўвалі святыню ў часы войнаў, пераследу і выпрабаванняў. Сённяшнім парафіянам выпала магчымасць стаць сведкамі падзеі, якая праз 150 гадоў завяршыла важную старонку яе гісторыі.
Пасвечаны касцёл застаецца перадусім не помнікам мінулага, а месцам жывой веры — месцам, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, гучыць Божае слова, удзяляюцца сакрамэнты і новыя пакаленні вучацца сустракаць Бога і жыць з Ім.

тэкст і фота Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC