11 студзеня ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах прайшоў святочны калядны канцэрт.
Яго галоўнай падзеяй стала тэатральнае прадстаўленне, падрыхтаванае моладдзю парафіі. У ім раскрывалася вартасць і сэнс Божага Нараджэння ў сучасным свеце. Таксама праз тэатральную дзею парафіяне хацелі звярнуць увагу прысутных на тое, што, нажаль, сёння людзі забываюцца пра сапраўдныя каштоўнасці, імкнучыся за матэрыяльнымі патрэбамі і задавальненнямі.
Спектакль быў багата аздоблены музычнымі нумарамі. Дзеці, моладзь і парафіяльныя колы спявалі калядкі, гралі на інструментах і танцавалі, славячы Бога і абвяшчаючы добрую навіну аб Нараджэнні Збаўцы.
Напрыканцы канцэрта пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлко SDB і сястра Марцэліна Мігач ISSM падзякавалі ўсім удзельнікам і арганізатарам свята. Былі таксама падведзены вынікі сямейнага конкурсу на лепшую экалагічную калядную цацку. Пераможцы, абраныя галасаваннем парафіянаў, атрымалі з рук пробашча каштоўныя падарункі.
Завяршылася свята супольнай малітвай і фотаздымкам.
Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC