
16 мая ў Смаргоні адбыліся ўрачыстыя святкаванні 150-годдзя Асацыяцыі Салезіянаў Супрацоўнікаў — супольнасці свецкіх вернікаў, якія жывуць духам святога Яна Боско і нясуць салезіянскую харызму ў сем’і, моладзевае асяроддзе, працу і штодзённае жыццё.
Юбілей сабраў салезіянаў супрацоўнікаў, салезіянскую моладзь, святароў, сясцёр, аніматараў і шматлікіх гасцей з розных мясцін Беларусі. Свята стала не толькі нагодай узгадаць гісторыю Асацыяцыі, але і момантам падзякі Богу за людзей, якія ўжо паўтара стагоддзя нясуць святло Евангелля ў свеце праз служэнне моладзі і Касцёлу.
Урачыстасці распачаліся яшчэ ў пятніцу, 15 мая. У араторыі панавала сямейная і радасная атмасфера: гучалі размовы, успаміны, адбывалася прэзентацыя фотаздымкаў з гісторыі салезіянскай прысутнасці і жыцця супольнасцяў. Увечары ўдзельнікі сабраліся на ўрачыстыя нешпары на пачатак святкавання юбілею, якія ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ксёндз кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB.
Падчас малітвы прагучалі словы падзякі за 150 гадоў гісторыі Асацыяцыі, за пакліканне свецкіх людзей жыць салезіянскай харызмай у сучасным свеце і быць прысутнасцю Касцёла там, дзе асабліва патрэбныя надзея, падтрымка і сведчанне веры.

У суботу цэнтральнай падзеяй першай паловы дня стаў гістарычны сімпозіум «ASSCC — учора, сёння, заўтра». Падчас дакладаў удзельнікі маглі глыбей пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення Асацыяцыі, развіццём салезіянскай сям’і ў Беларусі і сучаснай місіяй салезіянаў супрацоўнікаў. Асобнае месца ў праграме занялі сведчанні пра дзейнасць супольнасцяў, разважанні пра ролю свецкіх вернікаў у Касцёле, а таксама словы пра адказнасць за перадачу харызмы новым пакаленням.

Пасля абеду на тэрыторыі каля касцёла прайшла вялікая забаўляльная праграма. Для ўдзельнікаў былі арганізаваныя гульні, музычная праграма, фотазоны, кніга пажаданняў і супольнае святкаванне ў духу радасці, так блізкім святому Яну Боско.
Асаблівую атмасферу стварала прысутнасць дзяцей, моладзі і сем’яў — менавіта тых, дзеля каго салезіянская харызма жыве і напаўняе сэрцы радасцю, у тым ліку і праз служэнне салезіянаў супрацоўнікаў.
Кульмінацыяй юбілею стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, генеральным вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сваёй гаміліі іерарх падкрэсліў асаблівую місію Салезіянаў Супрацоўнікаў у сучасным свеце.

Разважаючы над евангельскімі словамі “Вы — соль зямлі… Вы — святло свету” (Мц 5, 13–14), біскуп адзначыў, што гэтыя словы асаблівым чынам датычаць свецкіх людзей, якія жывуць хрысціянствам у штодзённасці:
“Свецкі вернік — святло там, дзе святар ніколі не будзе ў сваім штодзённым дзеянні: у офісе, у сям’і, у школе, у інтэрнэце, у грамадстве”.
Іерарх нагадаў, што пакліканне салезіянаў супрацоўнікаў — быць прысутнасцю Хрыста ў свеце, захоўваючы вернасць духу ксяндза Боско:
“Вы — не “дапаможнікі” салезіянаў. Вы — салезіяне ў свеце. Вы — сэрца ксяндза Боско там, дзе ён сам не можа быць фізічна”.
Біскуп Аляксандр таксама падкрэсліў, што святасць свецкага чалавека здзяйсняецца праз вернасць у простых штодзённых рэчах — у сям’і, працы, служэнні і любові да моладзі.
Асабліва кранальным момантам гаміліі стаў заклік не баяцца свайго паклікання і дазволіць Богу дзейнічаць праз чалавека: “Сёння Бог пытаецца: “Ці дазволіш ты Мне гарэць у табе?” І калі ты скажаш Яму “так” — нават маленькае, нават слабое, нават нясмелае — Бог памножыць яго”.
Падчас літургіі ўдзельнікі абнавілі свае абяцанні жыць згодна с правіламі апостальскага жыцця і несці салезіянскую харызму для ўсіх людзей, асабліва для моладзі.

Асаблівым момантам стала ўручэнне некаторым супрацоўнікам падзячных грамат з рук біскупа за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Асацыяцыі Салезіянаў Супрацоўнікаў у Беларусі.
Пасля завяршэння святой Імшы ўсіх юбіляраў ад імя сабратоў Салезіянаў павіншаваў ксёндз кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB. Ён падкрэсліў, што гэты юбілей стаў асаблівай нагодай падзякаваць Богу за прысутнасць кожнага салезіяніна супрацоўніка, а таксама выказаць удзячнасць за служэнне, якое яны ўжо шмат гадоў нясуць на беларускай зямлі. Святар адзначыў, што вельмі радуецца святу, якое атрымалася сапраўды сямейным, жывым і напоўненым духам ксяндза Боско.
Ксёндз Віктар звярнуў увагу на тое, што салезіяне супрацоўнікі, як самі часта кажуць, не выбіраюць адзін аднаго, але іх аб’ядноўвае дух ксяндза Боско і сэрца, якое гарыць салезіянскай харызмай. Менавіта таму, паводле яго слоў, яны нагадваюць добра зладжаную футбольную каманду, у якой кожны ведае сваю ролю, сваю місію і агульную мэту.
У якасці сімвалічнага падарунка святар уручыў Асацыяцыі скарбонку ў выглядзе футбольнага мяча — выказваючы зычэнні, каб яе ўдзельнікі і надалей збіралі сілы, натхненне і магчымасці для новых выклікаў, служэння і будучых юбілеяў.

Напрыканцы віншаванняў ксёндз Віктар пажадаў усім салезіянам супрацоўнікам Божага благаслаўлення, вернасці свайму пакліканню і пастаяннай апекі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.
Свае віншаванні скіравалі таксама сёстры салезіянкі, прадстаўнікі ADMA і аніматары.
Напрыканцы слова ўзяў каардынатар правінцыі салезіянаў супрацоўнікаў Віталій Арцёменка ASSCC. Ён падзякаваў у першую чаргу біскупу Аляксандру, які добра ведае салезіянскую сям’ю і значна прычыніўся да фарміравання супольнасці салезіянаў супрацоўнікаў у Беларусі, а таксама да выхавання ў іх сапраўднага салезіянскага духу.
Падзякаваў Віталій Арцёменка і ксяндзу Віктару разам з усімі святарамі салезіянамі — за падтрымку, падрыхтоўку юбілею, мудрае кіраўніцтва і душпастырскую апеку над урачыстасцю.
Не абмінуў каардынатар словамі ўдзячнасці і сясцёр салезіянак, якія таксама прыклалі шмат сіл і намаганняў, каб святкаванне прайшло на высокім узроўні.
Прысутнасць ADMA падчас усяго юбілею, паводле слоў Віталія Арцёменкі, стала прыгожым і выразным сведчаннем еднасці салезіянскай сям’і, узаемнай павагі і любові адзін да аднаго ў духу святога Яна Боско.
Асаблівыя словы падзякі былі скіраваныя да аніматараў і моладзі, бо менавіта яны з’яўляюцца першымі адрасатамі служэння салезіянаў супрацоўнікаў — тымі, дзеля каго 150 гадоў таму і была заснавана Асацыяцыя.
Напрыканцы Віталій Арцёменка падкрэсліў, што быць салезіянінам супрацоўнікам — гэта не пра пасады, а пра служэнне. Пра служэнне, якое нараджаецца з любові да Бога і любові да моладзі.

Падсумоўваючы ўрачыстасць, біскуп Аляксандр у сваю чаргу адзначыў, што без салезіянаў супрацоўнікаў харызма святога Яна Боско на нашай зямлі не была б поўнай. Іерарх нагадаў, што першапачаткова святы Ян Боско не планаваў засноўваць трэцюю галіну ў выглядзе супольнасці свецкіх вернікаў. Аднак, рэалізуючы сваё пакліканне дзеля збаўлення моладзі, ён ясна ўбачыў, што без свецкіх людзей немагчыма ў поўні ажыццяўляць салезіянскую місію і несці яе ў штодзённае жыццё свету.
Біскуп пажадаў салезіянам супрацоўнікам і надалей узрастаць у веры, развівацца ў духу харызмы ксяндза Боско і быць жывым сведчаннем Евангелля для моладзі і сучаснага грамадства. Напрыканцы ён таксама заклікаў усіх да малітвы аб новыя і святыя пакліканні, асабліва да святарскага і манаскага жыцця.
Святкаванне завяршылася супольнай малітвай і братняй сустрэчай. Юбілей стаў не толькі ўспамінам пра мінулае, але і моцным сведчаннем таго, што харызма святога Яна Боско працягвае жыць у сэрцах людзей і сёння.
Як прагучала падчас святкавання, 150 гадоў — гэта не завяршэнне гісторыі, а пачатак новага этапу місіі: “Успамінаць — значыць вярнуцца да каранёў і мары ксяндза Боско. Абнаўляць — значыць пераасэнсаваць сваё пакліканне ў сучасным свеце. Перадаваць далей — значыць смела несці харызму моладзі заўтрашняга дня”.
тэкст: Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC
Фота: Anastasijka Kovalionok