Галоўная Дзейнасць Араторый Араторый імя Святога Яна Боско (Смаргонь)

Араторый імя Святога Яна Боско (Смаргонь)

АРАТОРЫЙ ІМЯ СВ. ЯНА БОСКО Ў СМАРГОНІ

У 1990 годзе ў Смаргонь прыязджае кс. Генрых Куляшэвіч SDB, салезіянін. З яго з’яўленнем у горадзе пачынаецца душпастырства моладзі ў салезіянскім стылі. У той час адзіным месцам, дзе магла збірацца каталіцкая моладзь, была крыпта-пахавальня Зяновічаў пад касцёлам. Менавіта там у Смаргоні і пачаў квітнець салезіянскі араторый св. Яна Боско.

8 лістапада 1994 года, дзякуючы намаганням кс. Генрыха Куляшэвіча SDB, каталіцкай парафіі Смаргоні быў перададзены размешчаны побач з касцёлам трохпавярховы будынак, які доўгі час служыў раённым Домам культуры. Будынак быў пабудаваны ў 1937—1939 гадах на ахвяраванні каталіцкіх вернікаў горада з цэглы разбуранага ў гады Першай сусветнай вайны другога смаргонскага касцёла св. Аляксея, як каталіцкі Народны дом (пол. Dom Ludowy), але ў 1940 годзе экспрапрыяваны савецкімі ўладамі. Пасля вяртання будынка католікам, распачалася яго глабальная рэканструкцыя па праекце архітэктара Аляксандра Базевіча, каб у будучыні ў ім мог размясціцца каталіцкі моладзевы цэнтр імя св. Яна Боско.

Адначасова з рэканструкцыяй у 1996 годзе парафія набывае новы будынак для моладзевага араторыя – кафэ “Казка”. У гэтым кафэ з лірычнай назвай і пачынаецца новая старонка араторыя ў Смаргоні. У адным пакоі адбывалася ўсё – катэхеза, спатканні, гульні, забавы, дыскатэкі. Сёстрам удавалася нават арганізоўваць сезонныя дзіцячыя канікулы з Богам і розныя святы. 

5 верасня 2004 года, дзякуючы кс. Здзіславу Вэдару SDB, рэканструкцыя будынка былога дома культуры скончылася і адбылося ўрачыстае адкрыццё новага моладзевага цэнтра – неверагоднага замка для маладых людзей, якія прагнулі жыць з Богам і праслаўляць Яго сваім штодзённым жыццём. 28 жніўня 2019 года адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсальнай спартыўнай пляцоўкі каля араторыя, якая носіць імя бл. Стэфана Шандора, салезіянскага мучаніка з Венгрыі.

За ўсе гады існавання араторыя змяняліся сцены, пакоі, святары і сёстры, змянялася моладзь, але харызма святога Яна Боско нязменнай застанецца тут назаўсёды.

 

КАНТАКТЫ: вул. Балыша, 5, г. Смаргонь, 231000 , Гродзенская вобл.

АДКАЗНЫ ЗА АРАТОРЫЙ: кс. Артур Ляшнеўскі SDB

Акаўнт араторыя ў інстаграм

Падзяліцца: