Прапанова аб узвядзенні моладзевага цэнтра (араторыя) пры парафіі ў Серабранцы была прадстаўлена кіраўніку адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска спадару Валерыю Мяцу, які ў сваю чаргу прапанаваў набыць недабудаваную спартыўную залу пры жылым доме па вуліцы Пляханава, 28, корпус 1, што і было зроблена пасля нядоўгіх перамоваў з уладальнікамі гэтага аб’екта. У 1999 годзе з Божай дапамогай была выкуплена гэтая частка будынка і распачаліся будаўнічыя працы. Будынак быў асвячаны 8 снежня 2000 года Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Дамінікам Грушоўскім. Араторый імя святога Яна Боско функцыянуе з 8 снежня 2000 года. За гады яго існавання выкарыстоўваліся розныя метады працы з дзецьмі і моладдзю: разнастайныя суполкі, правядзенне вакацый для дзяцей і моладзі, штодзённая праца цэнтра ў якасці спартыўнай залы, арганізацыя рознапланавых мерапрыемстваў. Усю гэтую працу праводзяць святары і клерыкі Таварыства святога Францішка Сальскага, законныя сёстры Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі, а таксама група моладзі, якая аказвае ім дапамогу (аніматары). Араторый функцыянуе пры фінансавай падтрымцы ахвярадаўцаў. Наведваюць цэнтр розныя групы дзяцей і моладзі: як парафіяне і вернікі іншых парафій, так і няверуючыя.