Біяграфія

 КСЁНДЗ БОСКО

АЙЦЕЦ І НАСТАЎНІК МОЛАДЗІ

Аднойчы ў 1841 годзе ў турынскую турму на вуліцы Сан-Дамэніко ўвайшлі два святары. Адным з іх быў ксёндз Кафассо, па мянушцы “ксёндз шыбенікаў”, бо ён суправаджаў асуджаных да месца пакарання. Другім быў малады святар, які зусім нядаўна прыехаў у Турын, -- ксёндз Ян Боско.

Цёмныя калідоры, чорныя сырыя сцены, сумны і варты жалю выгляд зняволеных глыбока ўсхвалявалі маладога святара. Калі ж ён убачыў за кратамі падлеткаў, то быў глыбока ўзрушаны. Пазней ён пісаў: “Я ўбачыў шмат падлеткаў: ад 12 да 18 гадоў -- здаровых, моцных, разумных; і ўбачыў, як яны нічога не робяць, як іх пажыраюць казуркі, як яны церпяць голад па духоўнай і матэрыяльнай ежы. Мяне ахапіў жах”.

Ксёндз Боско нераз прыходзіў у гэтую турму. Ён спрабаваў паразмаўляць з хлопцамі, не толькі “настаўляючы іх у катэхезе” (падчас гэтых заняткаў абавязкова прысутнічала варта), але і проста па-сяброўску. Спачатку хлопцы рэагавалі рэзка; ксяндзу Боска прыйшлося вынесці цяжкія абразы. Але паступова хтосьці ды станавіўся болей даверлівым, і з такімі хлапчукамі атрымлівалася паразмаўляць па-сяброўску. Ксёндз Боско пазнаў іх гісторыі, іх прыніжэнне і лютасць. Самым звычайным злачынствам быў крадзеж. Кралі яны, таму што былі галодныя, таму што ім хацелася атрымаць больш, чым іх жабрацкі заробак, і таму што яны зайздросцілі багатым людзям, якія эксплуатавалі іх, пакідаючы ў галечы.

Грамадства нічым не змагло ім дапамагчы, а зараз трымала іх за кратамі. Хлопцы сядзелі на чорным хлебе і вадзе, у агульных камерах, дзе больш моцныя нягоднікі станавіліся настаўнікамі жыцця. “Болей за ўсё мяне ўразіла тое, -- піша Ян Боско, -- што многія з хлопцаў пасля вызвалення збіраліся змяніць жыццё і жыць лепей”. Мабыць, толькі таму, што баяліся турмы. “Але неўзабаве яны зноў апыналіся ў вязніцы”. Ён паспрабаваў зразумець прычыну, і зрабіў выснову: “Таму што яны прадстаўлены самі сабе”. Сям’і ў іх не было, або бацькі адмовіліся ад іх, лічачы, што турма “запляміла іх назаўсёды”.

“Я казаў сабе: у гэтых хлопцаў павінен быць на волі сябар, які б паклапаціўся аб іх, дапамагаў ім, навучаў іх, а па нядзелях вадзіў да касцёла. Тады б яны не вярнуліся ў турму”.

Пакрысе ў ксяндза Боско з’явілася некалькі сяброў. Яго “катэхізацыю за кратамі” слухалі з усё большай ахвотай. “Я навучаў іх разумець, што такое чалавечая годнасць. Яны атрымлівалі ад гэтага асалоду і вырашалі стаць лепшымі”.

Але нярэдка, калі ксёндз Боско прыходзіў у турму, усё вярталася назад. Твары зноў рабіліся жорсткімі, хлопцы з сарказмам блюзнерылі напаўголаса. Не заўсёды ксяндзу Боско ўдавалася пераадолець свой адчай. Вось у гэтыя дні і саспела немінучая развязка: “Божа, дапамажы мне выратаваць гэтых хлопцаў!”

Сон, які паўплываў на ўсё яго жыццё

Ксёндз Боско прыехаў у Турын у тым жа 1841 годзе, акурат пасля свайго святарскага пасвячэння. Нарадзіўся ён у 1815 годзе ў Кастэльнуова д’Асці ў вельмі беднай сялянская сям’і. Калі Яну было два гады, памёр яго бацька. Маці Маргарыта выхоўвала сына ў пяшчоце, але ў той жа час і ў строгасці. Яна навучыла яго апрацоўваць зямлю. Але галоўнае, чаму яна навучыла сына, гэта ва ўсім бачыць Бога: у прыгажосці нябёсаў, у багацці ўраджаю, у навальніцы, якая знішчала вінаград: “Бог даў, Бог і забраў. Не забудзьцеся, што з Богам не жартуюць!”

Таямнічы сон, які Янак убачыў у дзевяцігадовым узросце, паўплываў на ўсё яго жыццё. Яму прыснілася шмат бедных хлапчукоў. Яны гулялі і блюзнерылі. Затым нейкі велічнага выгляду чалавек сказаў Яну: “Пакорай і любоўю табе належыць прыцягнуць гэтых тваіх сяброў”. А нейкая такая ж велічная дама дадала: “Стань пакорным, дужым і моцным. У свой час ты ўсё зразумееш”.

Наступныя гады прайшлі пад знакам гэтага сну. Маці і сын зразумелі, што сон паказваў шлях жыцця. Маргарыце давялося выцерпець шмат прыніжэння і нягоды, каб сын змог стаць святаром.

Калі ксёндз Боско прыбыў у Турын, у яго ўжо быў “пункцік”: бедныя хлопцы. Але тады ён ведаў толькі вясковую беднасць. Ён не меў уяўлення, чым з’яўляецца галеча гарадскіх ускраін. Ксёндз Кафассо (які быў яго духоўным кіраўніком на працягу трох гадоў, калі ксёндз Боско навучаўся ў Духоўнай Акадэміі) не толькі вадзіў яго ў турму. Ён параіў ксяндзу Боско: “Прайдзіцеся па горадзе і аглядзіцеся навокал”.

“У самыя першыя нядзелі, – сведчыць Міхал Руа (адзін з першых хлопцаў, якія прыходзілі да ксяндза Боско; пазней – пераемнік ксяндза Боско ў салезіянскай кангрэгацыі), – ксёндз Боско стаў хадзіць па горадзе, каб зразумець, у якіх маральных умовах жыве моладзь”. Убачанае вельмі ўзрушыла яго. Прыгарады былі месцамі хваляванняў і незадавальнення, там панаваў адчай. Падлеткі блукалі па закінутых вулачках, панурыя і гатовыя на самае горшае. Ксёндз Боско бачыў, як яны гуляюць на грошы ў закутках вуліц: іх твары былі жорсткімі, а ў позірку была рашучасць таго, хто любым коштам гатовы атрымаць поспех у жыцці.

Побач з галоўным гарадскім рынкам ксёндз Боско выявіў сапраўдны “рынак дзіцячай працоўнай сілы”. “Бліжэйшая да Порта Палаццо частка горада кішэла вандроўнымі гандлярамі, гандлярамі запалкамі, чысцільшчыкамі ботаў, камінарамі, памочнікамі конюха, разносчыкамі ўлётак, памочнікамі рыначных гандляроў. Усе гэтыя бедныя дзеці існавалі на сродкі ад падзённай працы”.

Хлопцы на турынскіх вуліцах сталі “адкідамі вытворчасці” ў той з’яве, якая ўжо пераварочвала ўвесь свет, – “прамысловая рэвалюцыя”. Яна ўзнікла ў Англіі, хутка перасякла Ла-Манш і ішла на поўдзень. Прамысловая рэвалюцыя прынясе нябачны раней дабрабыт, і ў той жа час за яе прыйдзецца заплаціць жахлівую цану чалавечых жыццяў: адсутнасць працы, мноства жабруючых сем’яў на гарадскіх ускраінах, выкараненне культуры і паступовае павелічэнне бедных.

Шукаць новыя шляхі

Зразумець новы час, рыхтаваць маштабныя планы аказалася надзвычай складана. У Турыне было 16 парафій. Пробашчы бачылі хлапчукоў, якія блукалі па вуліцах, але заставаліся бяздзейснымі, чакалі, калі падлеткі прыйдуць у касцёл, дзе яны навучаць іх катэхезе. Святары ўспаміналі “добрыя старыя часы”, калі новапрыбыўшыя ўручалі пробашчу рэкамендацыйны ліст ад папярэдняга пробашча. Яны не імкнуліся зразумець, што з-за рэзкага павелічэння насельніцтва, старыя звычаі адышлі ў мінулае. Таму трэба было хаця б паспрабаваць знайсці новыя шляхі, паспрабаваць апостальскае служэнне ў крамах, на фабрыках, сярод гандляроў. Маладыя святары менавіта гэта і спрабавалі зрабіць.

Пазнаёміўшыся з турмамі і гарадскімі ўскраінамі, ксёндз Боско падвёў першыя вынікі. Гэтым хлопцам была патрэбна школа і праца, дзякуючы чаму яны маглі б спадзявацца на больш надзейную будучыню. Канешне, ім патрэбна было дзяцінства з усімі яго прыемнымі забавамі, а яны хадзілі па вуліцах. Але болей за ўсё ім патрэбна было сустрэцца з Богам, каб адкрыць і ўвасобіць сваю годнасць.

Менавіта з такіх пазіцый ксёндз Боско распачаў сваю апостальскую дзейнасць. З першым падлеткам, які да яго прыйшоў, ён пазнаёміўся 8 снежня 1841 года (я назаўсёды запомніў, нібы запісаў на стужку, той першы дыялог з маладым маляром з Асці). Праз тры дні хлапчукоў ужо стала дзевяць; праз тры месяцы – дваццаць пяць, летам 1842 года – восемдзесят. “Гэта былі будаўнікі мастоў, каменацёсы, тынкоўшчыкі, якія прыходзілі здалёк”.

Так узнік араторый. Ксёндз Боско ніяк не мог знайсці пастаяннага месца. Даводзілася блукаць разам з хлопцамі па паўночных ускраінах Турына, пакуль, урэшце, ён не знайшоў “сталую” адрыну ў раёне Вальдокко. Па суседству знаходзіліся публічны дом (бардэль), закінутыя могілкі, а па іншым баку – адкрытыя палі. Праца араторыя ксяндза Боско не завяршалася ў нядзелю. Знайсці працу для тых, у каго яе няма; дабіцца лепшых умоў для тых, хто ўжо працуе; пазаймацца з найбольш разумнымі – вось што рабіў ксёндз Боско. “Я наведваў іх на месцах працы, у цахах і на будоўлях. Гэта вельмі радавала маіх хлопцаў: яны бачылі, што аб іх клапоціцца іх сябар. Гаспадары таксама былі задаволены і ахвотна бралі на працу хлопцаў, за якімі прыглядвалі па буднях і ў святы”.

У сваіх Успамінах ксёндз Боско апісвае “тыповы араторый”, той, які быў у Вальдокко.

“Рана на світанні адчыняўся касцёл і пачыналася споведзь. Яна працягвалася да самай Імшы. Імша распачыналася а восьмай гадзіне, але, каб задаволіць усіх, хто хацеў паспавядацца, часта яна пераносілася на дзявятую гадзіну”.

Імша, Камунія, тлумачэнне Евангелля. “Затым да поўдня была школа”. Праз гадзіну пачынаўся адпачынак. І падчас адпачынку, які нярэдка працягваўся да самага вечара, “я падыходзіў да кожнага хлопчыка і аднаму раіў болей слухацца, іншаму прапаноўваў прыйсці паспавядацца, і гэтак далей…” Ксёндз Боско гуляў з хлапчукамі, рабіў акрабатычныя трукі, але перш за ўсё ён быў святаром.

Дагаворы “вучнёўства”

Некаторым хлопцам вечарам не было куды ісці. Начавалі яны або пад мастом, або ў брудных начлежках. Ксёндз Боско двойчы спрабаваў прыняць іх да сябе на начлег: у першы раз у яго скралі коўдру, у другі панеслі нават сена з вышкі. Будучы ўпартым аптымістам, ён зноў і зноў дапамагаў бяздомным. У маі 1847 года ён даў прытулак у кухні каля агню хлапчуку, які прыйшоў з Вальсэзія. У тым жа 1847 годзе з’явіліся ячшэ шасцёра бяздомных. У 1852 годзе іх было ўжо 35 чалавек; у 1854 – 115; у 1860 – 470, пакуль, наканец, не дайшло да памежнай колькасці – 800.

Анак бедным хлопцам патрэбны быў хлеб і суп, адзежа і кнігі, большыя дамы і касцёлы. У хуткім часе грошы сталі вялікай праблемай, якая спадарожнічала ксяндзу Боско да канца яго жыцця. Яго першай дабрадзейкай была не якая-небудзь графіня, а яго маці. Маргарыта, бедная, непісьменная 58-гадовая сялянка, пакінула свой дом у вёсцы і прыйшла да сына, каб стаць кухаркай і прачкай для “гарэзаў”, якіх падбіраў ксёндз Боско. І ў першыя, самыя цяжкія дні, каб накарміць хлопцаў, яна прадала свой заручальны пярсцёнак, завушніцы і каралі, якія берагла ўсё жыццё.

Некаторыя з гэтых бедных хлапчукоў пасля сказалі ксяндзу Боско, што хочуць “стаць такімі ж, як ён”. Іх звалі Руа, Кальера, Франчэзіа, Чэрруцці. Так з’явіліся салезіяне.

У архіве Салезіянскай Кангрэгацыі захоўваюцца рэдкія дакументы: дагавор “вучнёўства” на простай паперы, датаваны “лістападам 1851 года”, і яшчэ адзін дагавор, таксама “вучнёўства”, але ўжо на гербавай паперы за 40 чэнтэзіма ад 2 лютага 1852 г. Абодва дагаворы падпісаны працадаўцам, хлопчыкам-вучнем і ксяндзом Боско. У гэтых дагаворах (адных з самых першых, якія былі складзены для вучняў Турына) ксёндз Боско закранае цэлы шэраг балючых месцаў. Некаторыя гаспадары выкарыстоўвалі вучняў у якасці слугаў або кухонных працаўнікоў. Ксёндз Боско абавязвае іх выкарыстоўваць вучняў толькі для рамяства, якому яны навучаюцца. Гаспадары білі хлопцаў; ксёндз Боско патрабуе, каб яны выпраўлялі іх толькі словамі. Ён клапаціўся пра іх здароўе, пра летні адпачынак і штогадовы адпачынак.

Восенню 1853 года ў араторыі ў Вальдокко пачынаюць працаваць майстэрні абутнікоў і краўцоў. Першым настаўнікам абутнікаў быў сам ксёндз Боско. Потым адчыніліся майстэрні пераплётчыкаў, краўцоў, цесляроў, друкароў і кавалёў. Шэсць майстэрняў для хлопцаў “круглых сірот, - пісалася ў праграме, - і зусім бедных і занядбаных”.

Хуткая дапамога

У дыялогу ксяндза Боско з першым падлеткам, якога ён сустрэў (ксёндз Боско запісаў яго ва ўсіх падрабязнасцях), сустракаецца слова “зараз жа”. Паколькі адкладваць не прыходзілася і чакаць было немагчыма, “зараз жа” становіцца свайго роду “паролем” ксяндза Боско. Толькі з часам ксёндз Боско  (як і ўсе астатнія) пачынае разумець ўсю сітуацыю, якая склалася вакол яго: сацыяльнае пытанне і неабходнасць прадпрыняць складаныя, разгалінаваныя меры.

У час прамысловай рэвалюцыі, калі не было магчымасці знайсці гатовыя планы і праграмы дзеянняў, ксёндз Боско аддае ўсе свае сілы на тое, каб “зараз жа” зрабіць што-небудь для бедных хлопцаў. Разам з ім і першыя салезіяне спецыялізаваліся на “аказанні хуткай дапамогі”.

І пазней хуткая дапамога засталася характэрнай для іх: “зрабіць што-небудзь неадкладна”, бо бедная моладзь не можа дазволіць сабе раскошы чакаць, калі наступяць рэформы, будуць прыняты арганічныя планы ці адбудзецца рэвалюцыя сістэмы. Вядома, аднаго “зараз жа” недастаткова. “Калі ты сустрэнеш кагосьці, хто памірае ад голаду, замест таго, каб даць яму рыбу, навучы яго лавіць яе” -- разумная прымаўка. Але дакладна і адваротнае: “Калі ты сустрэнеш кагосьці, хто памірае ад голаду, дай яму рыбу, каб у яго быў час навучыцца яе лавіць”. Так, аднаго “зараз жа”, хуткай дапамогі, мала. Але недастаткова і “рыхтаваць новую будучыню”, таму што бедныя, якіх Хрыстус называў “узлюбленымі дзецьмі Божымі”, у гэты час паміраюць ад галечы.

Ксёндз Боско і яго першыя салезіяне арганізавалі хрысціянскую дзейнасць, непасрэднымі мэтамі якой былі хлеб, катэхеза, прафесійнае навучанне, месца працы, абароненае добрым працоўным дагаворам. І затым чакалі, каб іншыя католікі, канкурыруючы з сацыялістамі і анархістамі таго часу, склалі планы барацьбы з ліберальнай дзяржавай, якая крывадушна “ўстрымлівалася” ад працоўных дагавораў. Іншымі словамі, дзяржава давала магчымасць уплывовым людзям чыніць гвалт, каб прыціскаць слабых.

“Сістэма” выхавання

З цягам часу памножыліся “вялікія здзяйсненні” ксяндза Боско. Тым, хто пытаў у яго, як яму гэта ўдалося, ён адказваў, паціскаючы плячыма: “Я? Дык я ж нічога не рабіў! Усё гэта – праца рук Мадонны”.

26 студзеня 1860 года: першы з “хлопчыкаў ксяндза Боско”, Міхал Руа, становіцца святаром. Напрыканцы жыцця ксёндз Боско змог сказаць, што з усіх яго хлопцаў выйшла амаль тры тысячы святароў.

Сакавік 1864 года: закладзены першы камень базылікі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Вальдокко. Праз восем гадоў ксёндз Боско пабудуе яшчэ адную “базыліку” Мадонне -- Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Лістапад 1875 года: у Паўднёвую Амерыку адпраўляюцца першыя дзесяць місіянераў. У гэтым жа годзе з’яўляюцца Салезіянскія Супрацоўнікі -- трэцяя галіна салезіянскай сям’і. Перад смерцю ксёндз Боско сказаў ім: “Калі б не было вашай міласэрнай дапамогі, у мяне б нічога не атрымалася зрабіць. А з вашай дапамогай мы асушылі шмат слёз і выратавалі шмат душаў”. З мэтай аб’яднаць супрацоўнікаў ксёндз Боско  заснаваў Салезіянскі бюлетэнь. Сёння ва ўсім свеце ён выходзіць тыражом у 10 мільёнаў экзэмпляраў.

Але самай вялікай справай, якую ксёндз Боско пакінуў Касцёлу, была яго “сістэма выхавання моладзі”. Тым, хто пытаўся ў яго, у чым быў сакрэт яго поспеху ў моладзі, чаму вялікія мясціны ператвараліся ў “сем’і”, дзе ўсе любілі адзін аднаго, ён адказваў: уся справа ў трох словах: розум, вера і добразычлівасць. Калі дарослыя не пагражаюць, а разважаюць, калі “гаспадар дома” – Бог, калі падлеткі не баяцца, а любяць выхаваўцаў і любімыя імі, тады і ўзнікае сям’я. Шмат разоў святара з Вальдокко прасілі апісаць у кнізе сваю “сістэму”. Ён так і не зрабіў гэтага. Аднак у 1876 годзе, сабраўшыся з сіламі, ксёндз Боско коратка накідаў-такі самую сутнасць на дзевяці старонках. Яны пісаліся наспех; аднак, у іх можна заўважыць увесь патэнцыял выхавання ксяндза Боско.

“Гэтая сістэма цалкам заснавана на розуме, веры і добразычлівасці. У ёй выключаюцца гвалт і пакаранне; у ёй імкненне не ўжываць нават лёгкія пакаранні.

Дырэктар і асістэнты, як любячыя айцы: яны гутараць, служаць кіраўнікамі, даюць парады і выпраўляюць з любоўю.

Выхаванца не прыніжаюць, ён становіцца сябрам выхавацеля. У асістэнце ён бачыць дабрадзея, які імкнецца зрабіць яго лепшым, выбавіць яго ад непрыемнасцяў, ад пакарання, ад ганьбы.

Практыка гэтай сістэмы цалкам заснавана на словах апостала Паўла, які казаў: “Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая; усё зносіць, на ўсё спадзяецца”. Таму толькі хрысціянін можа з поспехам ужываць гэтую сістэму. Розум і вера – вось тыя метады, якія павінен пастаянна ўжываць выхавацель.

Дырэктар павінен цалкам прысвяціць сябе сваім выхаванцам, павінен заўсёды знаходзіцца са сваімі выхаванцамі, нават калі яны адпачываюць.

Выхавацель павінен старацца, каб яго любілі, а не баяліся”.

Нікому не рабіць шкоды

У апошнія гады ксяндза Боско вельмі мучылі хваробы і жыццёвыя цяжкасці. Калі хто-небудзь, бачачы, што ён ідзе адзін, спрабаваў падтрымаць яго і пытаўся “куды мы ідзем, ксёндз Боско?”, святар уважліва глядзеў на спадарожніка і, лагодна ўсміхаючыся, адказваў: “Мы ідзём у Рай”.

Ксёндз Боско памёр на світанні 31 студзеня 1888 года. Салезіянам, якія сабраліся каля яго смяротнага ложа, у свае апошнія хвіліны ён прашаптаў: “Любіце адзін аднаго па-братэрску. Усім чыніце дабро, і нікому не рабіце зла... Скажыце маім хлапчукам, што я ўсіх іх чакаю ў Раі”.

За тры гады да смерці ксёндз Боско даваў інтэрв’ю рэпарцёру з Журналь дэ Ром. Той, між іншым, спытаў у ксяндза Боско: “Што вы думаеце аб сучасным становішчы Касцёла ў Еўропе і аб яго будучыні?” Ксёндз Боско адказаў: “Будучыні не ведае ніхто, апроч Бога. Аднак, кажучы з чалавечых пазіцый, варта думаць, што будучыня будзе цяжкай. Я прадбачу шмат гора, але нічога не баюся. Бог заўсёды ратуе свой Касцёл; а Мадонна, якая апякуецца сённяшнім светам, здолее ўзвесці адкупіцеляў”.

Паводле: «Дон Боско, айцец і настаўнік моладзі», Терезіо Боско

Апошняе змяненне Пятніца, 12 Май 2017 22:55
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: Папераджальная сістэма выхавання »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пацярпі хоць трошкі дзеля таго Бога, які так шмат цярпеў за цябе.

Св. Ян Боско