Папераджальная сістэма выхавання

Kсёндз Ян Боско з'яўляецца аўтарам унікальнай тэорыі папераджальнай сістэмы выхавання. Як святар, працуючы ў практычным душпастырстве, сустрэўся на шэрых вуліцах Турына з вялікай бядою і нястачай маладога пакалення.

Гэты ўзрушаючы сэрца  факт дапамог яму ўсвядоміць, што  маладым людзям можна дапамагчы толькі тады, калі яны знойдуць сяброўскую і надзейную далонь, якая накіруе іх да дабра і абароніць ад зла. Удзел ксяндза Боско ў выхаванні рызыкоўнай моладзі было толькі лагічным вынікам яго пастырскага вопыту.

Ксёндз Боско адчуваў тое, што патрабуе моладзь. Бездапаможнасць, адчай, а таксама бядота турынскай  апушчанай  моладзі ўсвядомілі яго, што толькі поўны ўдзел у справе ўсталявання адносінаў з імі і іх выхаванне можа прывесці да папраўлення гэтай сітуацыі. Па нядзелях і ў святочныя дні збіраў хлопцаў разам гуляць і маліцца. Такім чынам, рассейваў іх смутак і вырываў іх з небяспекі, якая пагражала з боку тагачаснага горада. Ён шукаў шляхі і магчымасці, каб запоўніць прабелы ў іх адукацыі, а таксама спосабы барацьбы з іх складанымі жыццёвымі сітуацыямі. Як адказ на гэтыя патрэбы, узнікае ў сэрцы маладога святара педагогіка  шматбаковага выхавання. Поле працы педагогікі ксяндза Боско распаўсюджвалася на выхаванне, сумеснае быццё падчас вольнага часу, набыванне адукацыі і прафесійнай кваліфікацыі. Мэтай гэтага выхавання былі толькі шчаслівая будучыня і лепшае жыццё маладых людзей.

У выхаваўчай сістэме ксяндза Боско не знойдзем ніякіх сістэматыча-тэарэтычных разважанняў па гэтым пытанні. На самой справе, ён хацеў прыгатаваць маладых людзей, да адказнасці і самастойнага рашэння жыццёвых праблемаў. Залаты сінтэз гэтай сістэмы заключаецца ў выхаванні сумленнага грамадзяніна і добрага хрысціяніна. Педагагічнай «перлай» ксяндза Боско з'яўляецца плён узаемнай інтэграцыі трох асноўных аспектаў: рэлігіі, розума і любові, якая з’яўляецца сярод іх найважнейшай. Ксёндз Боско сцвярджаў, што ў выхаванні моладзі немагчыма заняцца адной толькі сферай, якая ахоплівае толькі частку іх асабовасці. Такі падыход ніколі не прывядзе да добрых вынікаў. Трэба заняцца ўсім чалавекам і цалкам агарнуць яго выхаванне, з улікам усіх аспектаў.

Любое дзеянне ксяндза Боско заўсёды распачыналася старанным і дакладным распазнаннем сітуацыі. Але пры гэтым у яго было неверагоднае пачуццё рэальнасці. Дапамагаючы маладым, занядбалым хлопцам, намагаўся спачатку зразумець прычыну іх паводзін. Паводле яго слоў, прафілактычныя меры могуць быць магчымымі толькі тады, калі настаўнік ведае перавагі і недахопы кожнага з выхаванцаў, даручаных яму. Вялікую ўвагу звяртаў на значэнне выхавання ў цэлым, якое было звязанае з глыбокай павагай індывідуальных асаблівасцяў асобы.

Паводле думкі  вялікага педагога з  Турына, рэлігія вельмі цесна звязана з выхаваннем. Гэтыя суадносіны можна лёгка ўбачыць у яго рэлігійна-педагагічных метадах, якія выкарыстоўваў у выхаванні моладзі. Асноўнай кропкай адліку ў рэлігійным выхаванні ксяндза Боско было выхаванне праз удзел у Сакрамэнтах, якое базіравалася на страху Божым. Гэтае вымярэнне складаецца з трох асноўных аспектаў: шчырай споведзі, свядомага прыняцця Хрыстовага Цела і чынным удзелу ў Эўхарыстычнай Ахвяры. Ксёндз Боско, аднак, ніколі не прымушаў удзельнічаць у набожных практыках, але тлумачыў і сардэчна заахвочваў да ўдзелу ў іх.

Ён заўсёды быў звязаны з тым, што традыцыйнае, праверанае часам і заснаванае выключна на каштоўнасцях Евангелля. Хоць выхоўваўся як ксёндз  у кансерватызме, але з упэўненасццю можам сказаць, што быў ён поўным рэалістам свайго часу. З ахвотай прымаў і развіваў тое, што сучаснае, але ніколі не быў лібералам. У сваіх поглядах прадстаўляў сабой чалавека, які безумоўна падтрымліваў каталіцкую традыцыю і выхаванне ў святле паслухмянасці дактрынам і вучэнню Святога Рымскага Касцёла. Ксёндз Боско хацеў выхоўваць новых людзей, пагружаных у хрысціянскую традыцыю, але адкрытых на новае і сучаснае ў свеце. Усё новае ў культуры  прапускаў праз "фільтр" веры.

Кожны чалавек з пункту гледжання яго думкі павінен мець на першым месцы  справу выратавання ўласнай душы. Да збаўлення вядзе папярэдняе пазнанне Бога, прынцыпаў служэння Яму і шчырая любоў да Творцы, якая выплывае не з рэлігійных правілаў, але з сэрца. Адукаваны ў веры чалавек сумленна служыць Богу і людзям, рэалізуючы асабістае пакліканне і жыццё. Толькі такі чалавек можа быць цалкам сумленным грамадзянінам сваёй краіны, бацькам, які любіць сваю сям'ю і шчаслівым жыхаром неба ў будучыні. Сваю педагогіку ў цэлым накіраваў на дасягненне хрысціянскага вобразу чалавека, які сваёй чалавечай істотай будзе пагружаны ў Бога. Каб дасягнуць канчатковую мэту, а менавіта вечнае збаўленне, чалавек, паводле кс. Боско, павінен  ужо цяпер супрацоўнічаць са справай адкуплення. Такім чынам, усе намаганні кс. Боско былі накіраваны на выратаванне душаў, якое можна дасягнуць праз літургічна-сакрамэнтальнае жыццё і дзейнасць на аснове маральных нормаў.

Святло рэлігіі не можа прыносіць плёну без розуму і свядомага прыняцця праўдаў веры. Кс. Боско казаў: "Рэлігія і розум - гэта два краевугольныя каменя маёй выхаваўчай сістэмы. Выхаваўца павінен быць перакананы ў тым, што ўсе гэтыя хлопцы сваім прыродным розумам адчуваюць дабро, якое дораць ім асабіста, і ў той жа час маюць вельмі далікатныя сэрцы. Калі дзякуючы Божай дапамозе ён будзе ў стане напоўніць іх сэрцы галоўнымі праўдамі веры, якія сапраўды з’яўляюцца нязмернай любоў’ю, удзеленай самім Богам чалавеку, і калі сэрца дзіцяці варухнецца падзякай за дабрадзействы так шчодра дадзеныя нам; калі, нарэшце, зразумее, што гэта падзяка павінна выяўляцца ў выкананні Божай волі і Яго запаведзяў у нашых узаемных абавязках, то можна быць упэўненым, што вялікая частка працы ўжо завершана. Рэлігія ў гэтай сістэме дзейнічае як "муштук", на які, націскаючы вуснамі, можна атрымаць усё, што захочаш. Сапраўдная і шчырая рэлігійнасць, накіроўваючая чыны юнака і розум, які ўмела ўжывае гэтыя правілы, да усёй чалавечай дзейнасці - вось у скарачэнні мая сістэма ».

Аднак ключом Прэвентыўнай сістэмы ксяндза Боско была любоў, якую ён так шчодра даваў сваім хлопцам. Братам у харызме часта напамінаў,  каб рабілі ўсё магчымае для таго, каб моладзь іх любіла. Звяртаючыся да выхаванцаў казаў: "Я хачу, каб вы лічылі мяне не столькі сваім начальнікам, сколькі сваім сябрам. Таму не трымайце ваш страх перада мной, але выказывайце да мяне давер, аб якім вас прашу  і чакаю, як ад сапраўдных сяброў. Кажу вам шчыра: ненавіджу любыя пакаранні, не хацеў бы пагражаць вам імі, бо яны не змяшчаюцца ў маёй сістэме. " Любоў у ксяндза Боско была каралевай усіх цнотаў. Гэтая высакародная цнота раскрываецца ў яго сістэме выхавання праз шчырае будаванне адносінаў паміж выхавацелям і выхаванцамі, сямейную атмасферу салезіянскіх дамоў, чулую анімацыю і бацькоўскую прысутнасць сярод маладых людзей, а таксама праз узаемны давер, такт і апанаванасць. Удзеленая праз выхавацеля, а адчутая праз моладзь любоў з'яўляецца асновай усіх сапраўдных бацькоўскіх адносін. Яна стварае жывую сувязь і спрыяльныя ўмовы для прыняцця прапанаванай сістэмы каштоўнасцей.

Таямніца паспяховай працы ксяндза Боско ў яго непахісным аптымізме, моцнай веры ў дабро і шчырай радасці, якая, нібы промні, сыходзіла ад яго. Рэкамендаваў сваім хлопцам набожнасць, засяроджанасць у навуцы, працавітасць, але таксама і радасць. Радасць, паводле турынскага настаўніка, з'яўляецца важнай часткай жыцця кожнага маладога чалавека. Ён заўважыў, што спакой духа і свабода рухаў , а таксама гульні і забавы найлепшым чынам адпавядаюць ладу жыцця маладых людзей. У глыбіні душы ён быў перакананы, што моладзь па сваёй прыродзе з’яўляецца радаснай, таму дазваляў рабіць ім усё, пры ўмове, што яны не будуць грашыць. Страх Божы, праца і вучоба абвітыя святой радасццю - вось правіла салезіянскага выхавання.

Ксёндз Боско любіў моладзь. Для яе жыў, набываў веды і навыкі. Для яе рабіў сваю выхаваўчую працу, у якой вучыў выхоўваючы і выхоўваў вучачы. Яго інавацыйная педагагічная думка цалкам злучылася з яго стылям жыцця. Салідарнасць з беднымі, шчырая любоў і вера ў выхаваўчы поспех дапамаглі яму здабыць сэрцы выхаванцаў, якія з чуласццю акружаў апекай і, клапоцячыся аб іх матэрыяльных і чалавечых патрэбах, упэўнена вёў  да неба. Любоў і клопат ксяндза Боско аб маладым пакаленні выразна можна прачытаць у першым сказе ліста, які ён напісаў сваім любімым выхаванцам 10 мая 1884 у Рыме: "Ці ёсць я блізка , ці далёка, заўсёды думаю пра вас. Маё адзінае жаданне -  бачыць вас шчаслівымі цяпер і ў вечнасці ».

 

Апошняе змяненне Аўторак, 09 Люты 2016 01:22
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Біяграфія Цуды »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не шукай апраўдання сваім недахопам. Лепш шукай спосабы, пры дапамозе якіх ты змог бы іх пазбавіцца.

Св. Ян Боско