Чацвер, 26 Май 2011 19:44

Св. Ян Боско Выбранае

Аўтар

 СВЯТЫ ЯН БОСКО


(GIOVANNI BOSCO)

1815-1888

Успамін 31 студзеня

Ксёндз Боско з'яўляецца адным з тых святых, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю Касцёла і свету. Ён стаў вядомым як бліскучы педагог, "Айцец і настаўнік" моладзі, пісьменнік і журналіст, заснавальнік некалькіх законных супольнасцяў. Ён з’яўляецца стваральнікам стылю выхавання, які называецца папераджальная або прэвентыўная сістэма.

Ян Боско нарадзіўся 16 жніўня 1815 года ў беднай сялянскай сям'і ў Бэккі недалёка ад Турына, у італьянскай правінцыі П'емонт. Яго бацькі Францішак Боско і Маргарыта Окьена пры хрышчэнні далі свайму малодшаму сыну два імя: Ян Мельхіёр. У сям'і Боско было ўжо двое старэйшых сыноў: Антоній, сын Францішка Боско ад першага шлюбу, і Юзаф, сын Францішка і Маргарыты. Калі Яну было 2 гады, яго бацька памёр. Выхаваннем дзяцей пачала займацца мама Маргарыта.

Ад сваёй сям’і Ян атрымаў пабожнасць і жаданне вучыцца. Тым не менш, каб атрымаць веды, ён павінен быў цяжка працаваць. Дзякуючы розуму і ўпартасці, а таксама з дапамогай добрых людзей, скончыў сярэднюю школу, а затым у 1835 годзе ён паступіў у семінарыю ў К’еры і праз шэсць гадоў ён атрымаў святарскія пасвячэнні. Дэвіз, які ён абраў з нагоды пасвячэння: "Da mihi animas cetera tolle" ("Дай мне душы, а іншае вазьмі сабе"), затым стаў дэвізам усіх салезіянаў.

Пасля пасвячэння кс. Боско вывучаў становішча маладых людзей, якія жывуць у Турыне. Ён быў у жаху ад убачанага. Маладыя блукалі па вуліцах без працы і адукацыі. Многія з іх, не маючы сродкаў на жыццё, ішлі па шляху злачынства. Кс. Боско вырашыў стварыць умовы, якія дапамогуць падрыхтаваць хлопцаў да годнага дарослага жыцця. У раёне Вальдокко святар заснаваў араторый – месца, дзе хлопцы маглі навучыцца чытаць і пісаць, харчавацца і праводзіць вольны час – адчуваць сябе, як дома.

З часам кс. Боско зразумеў, што маладым людзям трэба месца, дзе яны маглі б атрымаць прафесію. Такім чынам, ён заснаваў майстэрню краўца, потым – сталярную, затым – майстэрню па пераплёту кніг, і, нарэшце, сучасную друкарню.

Ксёндз Боско, маючы глыбокае перакананне, што ён пасланы Богам, каб прывесці маладых людзей да святасці, дапамагаў ім не толькі матэрыяльна, але і духоўна. Ён вучыў іх маліцца і заклікаў часта прыступаць да сакрамэнту споведзі і святой Камуніі. Ён прывіваў моладзі паводзіны, заснаваныя на Божых запаведзях і Евангеллі. Ён паказаў, што прызначэннем маладога чалавека ёсць служэнне Богу і бліжняму ў грамадстве і ў Касцёле.

Мэта яго працы з моладдзю заключалася ў тым, каб выхаваць сумленнага грамадзяніна, добрага хрысціяніна і шчаслівага жыхара Неба.

Кс. Ян Боско ўсведамляў, што адзін ён мала што можа зрабіць. Яму патрэбныя супрацоўнікі, якія маглі б дапамагчы яму ў працы з моладдзю і пасля яго смерці працягнуць распачатую працу. Жадаючых супрацоўнічаць ён знайшоў сярод сваіх выхаванцаў. У 1859 годзе ён заснаваў Таварыства Св. Францішка Сальскага – новую законную супольнасць, якую звычайна называюць Салезіянамі ксяндза Боско.

абяцаў Богу, што нават мой апошні ўздых будзе для маіх бедных хлопцаў," – гэтаму абяцанню кс. Боско застаўся верным да канца свайго жыцця. Ён адышоў у вечнасць 31 студзеня 1888 года ва ўзросце 73 гадоў. Апошняе пасланне, накіраванае незадоўга да яго смерці да салезіянаў, датычылася таго, што было сэнсам яго жыцця: "Вашай апецы даручаю ўсе справы, якія Бог пажадаў даверыць мне (...); асабліва даручаю вам клопат аб беднай і пакінутай моладзі, якая заўсёды займала  асаблівае месца ў маім сэрцы."

Папа Пій XI  беатыфікаваў Яна Боско  2 чэрвеня 1929 года, а праз 5 гадоў, 1 красавіка 1934 года, кананізаваў яго.

"Ян Боско, дзякуючы асаблівай глыбокай любові, нават ў самых вялікіх цяжкасцях поўнасцю аддаваўся моладзі. Ён мог гэта чыніць, дзякуючы той унутранай моцы, якая неразрыўна яднала ў ім любоў да Бога і любоў да бліжняга. Такім чынам ён змог стварыць сінтэз евангелізацыі і выхавання". (бл. Ян Павел ІІ, ліст на сотую гадавіну смерці св. Яна Боско, 31студзеня 1988 года)

 

 
Апошняе змяненне Аўторак, 05 Снежань 2017 16:45
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Cв. Алаізій Арыёнэ Св. Алаізій Версілія »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкіньце з сэрца вашага грэх і прывязанасць да яго, і здабудзеце дастаткова мудрасці, каб збавіць сваю душу

Св. Ян Боско